Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік гістарычнага чалавека

  • Аляксандар Лукашук

Нумар часопіса "Life" з публікацыяй дзёньніка Освальда

Нумар часопіса "Life" з публікацыяй дзёньніка Освальда

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Існуе мноства прычынаў і мэтаў, чаму людзі запісваюць падзеі жыцьця і свае ўражаньні ў дзёньніку, але найбольш дакладны адказ дае часьцей за ўсё сам тэкст.

Пасьля арышту Освальда паліцыя правяла ператрус яго рэчаў і знайшла запісы пад загалоўкам “Гістарычны дзёньнік”.*

Уся гістарычная гісторыя зьмясьцілася на дванаццаці старонках, якія ахопліваюць падзеі ад прыезду ў Маскву ў кастрычніку 1959-га і да сакавіка 1962-га. Апошнія тры месяцы перад ад’ездам у Амэрыку запісы не рабіліся – але большасьць старонак запоўненая і прысьвечаная падзеям, якія адбываюцца ў Менску.

Старонка дзёньніка Освальда
Дзёньнік ЛГО
7 студзеня 1960

Выяжджаю цягніком з Масквы ў Менск, Беларусь.


Але потым ізноў:

7 студзеня 1960

Прыяжджаю ў Менск.


За адзін дзень? Цягніком?..

Дзёньнік выклікае масу падобных пытаньняў – ён стракаціць граматычнымі памылкамі, непасьлядоўны, зь вялікімі прабеламі, пазьнейшымі дадаткамі, часам выглядае, быццам напісаны задняй датай, за адзін прысест. Ці сапраўды гэта дзёньнік?

Адказ дае сам тэкст – гэта такі дзёньнік. Запісы арганізаваныя храналягічна, але рабіліся нерытмічна, часам запозьнена, зь вялікімі пропускамі. Ня клясыка жанру. І правапіс мадэрнісцкі – перастаўленыя літары, пропускі, перайначаныя імёны.

У Освальда была дысьлексія – ён ня мог граматычна правільна пісаць. Але на праўдзівасьць напісанага дысьлексія не ўплывае. Як і час, калі запісы робяцца.

І памылкі, калі яны сустракаюцца – усяго толькі памылкі, а не падробка ці фальшаваньне.

4 студзеня Освальда выклікалі ў Маскоўскі АВІР і выдалі гадавы дазвол на жыхарства, назаўтра ён атрымаў грошы ад Чырвонага Крыжа, і празь дзень увечары з рэчамі выправіўся на Беларускі вакзал.

Дзёньнік ЛГО
7 студзеня 1960

Выяжджаю цягніком з Масквы ў Менск, Беларусь. Рахунак за гатэль быў на 2200 рублёў, квіток да Менску -- 150 рублёў, такім чынам, у мяне шмат грошай і надзеі. Я напісаў брату і маці лісты, дзе сказаў, што ніколі больш з вамі не жадаю кантактаваць. Я пачынаю новае жыцьцё і не хачу нічога са старога.


Насамрэч ён выехаў на дзень раней, 6 студзеня. Дата ў дзёньніку пазначаная памылкова.

Маці і брат заставаліся ў мінулым, з сабой меліся грошы і надзея, наперадзе быў Менск.

Пад стук колаў на паліцы ў начным цягніку сьпіць пасажыр, тым часам спраўджваецца ягоная мара: з замежнага турыста і асобы бяз пашпарту ён ператвараецца ў новага чалавека -- жыхара сталіцы адной з правінцыяў камуністычнай імпэрыі і члена савецкага рабочага класу, самага перадавога, як пісалі тады газэты, класу сучаснасьці, якому належыць будучыня.

Ён пачынае новае жыцьцё і нічога ня хоча са старога.

Так, забыўшыся пра сваё існаваньне як яйка, вусеня і вопрадня, калі б думаў, мог лічыць матылёк.

-----------------------------------
*Арыгінал далучаны да матэрыялаў Камісіі Ўорэна. Першая публікацыя ў СССР адбылася ў 1990-м у часопісе “Крыніца/Родник” накладам 400 тысяч асобнікаў -- я рыхтаваў яе паводле публікацыі “Поўны расейскі дзёньнік Освальда” ў часопісе “Life” за 1964 год. У той амэрыканскай публікацыі і, адпаведна, у маім перакладзе зь меркаваньняў бясьпекі былі зьмененыя імёны людзей, зь якімі Освальд сустракаўся ў СССР. У гэтым беларускім тэксьце – новы поўны пераклад з арыгіналу. Памылкі правапісу не перадаваліся.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
XS
SM
MD
LG