Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Другі акт адбыўся праз тыдзень, і хаця героі тыя самыя, спрэчка ідзе пра рэчы нашмат больш сур’ёзныя за падлогу.

З расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ
Дата: 11.08.61

ЛГО: Калі ты мяне не кахаеш, як ты можаш жыць са мной? Я даю і буду даваць табе ўсе магчымасьці. Чаго ты хочаш? То ты кажаш, што хочаш ехаць са мной, праз хвіліну, што ня хочаш.

Жонка: Часам я баюся ехаць з табой. Я не хачу спрабаваць давесьці табе, што тут усё выдатна, а там усё дрэнна. Але нават калі тут я нічога ня маю і ня буду мець, тут дом.

ЛГО: Ты тут нічога ніколі ня будзеш мець, але там у цябе будзе муж і ўсё.


Жонка: Што я там буду рабіць? Я буду ўвесь час сядзець дома, і на гэтым усё.

ЛГО: Але ты будзеш са мной. У цябе будзе ўсё.

Жонка: Я не шукаю матэрыяльных выгадаў. Грошы мяне не цікавяць. Гэта ня важна. Самае важнае, як ты да мяне ставісься.

ЛГО: Ну, тады ўсё ў парадку.

Жонка: У мяне няма гарантыі, што ты мяне там не пакінеш. Што тады я буду рабіць?

ЛГО: Калі ты мяне не кахаеш – ня едзь.

Жонка: Не, я баюся, што ты мяне кінеш. Ты ж тут усё пакідаеш, урэшце.

ЛГО: Я пакідаю?!


Жонка: Бачыш, ты ўжо крычыш, а як там будзе?

ЛГО:. Што ў цябе тут ёсьць? Адзін пакой. Гэта шмат? Адзін пакой, які табе нават не належыць.

Жонка: Мы тут жывем, гэта наша.

ЛГО: Ты лічыш, гэта маё? Я не адчуваю, што гэта мая маёмасьць. Я не адчуваю, што гэта маё.


(паўза)

Жонка: Ты мяне мучыш.

ЛГО: Не магу цярпець, калі ты такая, як цяпер. Я кажу адно, ты другое.


(паўза)

Жонка: Сьпі ціха.

ЛГО: Як я магу спаць ціха, каля я ня ведаю, што ты думаеш? У цябе ўсё залежыць ад настрою. Трэба раз і назаўсёды вырашыць.

Жонка: Ідыёт, ты нічога не разумееш.
(дражніць яго) Маёмасьць, маёмасьць.

ЛГО: Ты не разумееш канцэпцыі маёмасьці. Ты сама ня ведаеш, чаго хочаш. Я хачу там жыць, бо там высокі ўзровень жыцьця.

Жонка: А ты думаў, ты сюды прыедзеш і ня трэба будзе працаваць, жыві толькі? Чаму ты не вучыўся? Ты мог вучыцца, ты проста гультай.

ЛГО: Ты нічога не разумееш. Мільёны людзей пакідаюць гэтую краіну. Тут грубыя людзі.

Жонка: Ты на нас глядзіш праз чорныя акуляры.

ЛГО: Якія чорныя акуляры? Гэта няпраўда.


Жонка: Я, напрыклад, не кажу дрэнна пра Амэрыку. Гэта непрыстойна.Трэба быць сапраўднай свіньнёй, каб дрэнна казаць пра краіну, якую ня ведаеш. І я так не раблю.

ЛГО: Можа быць, але ты будзеш там жыць. Там высокі ўзровень жыцьця.

Жонка: Ты не разумееш. Гэта ня мой дом. Я там не пачую расейскай мовы.

ЛГО: Калі ты хочаш ехаць – едзь. Калі не, тады не.

Жонка: Я не паеду. Я баюся. Нават цяпер, калі прыходзіць Эрык і вы гаворыце па-ангельску, я не магу гэта пераносіць.

ЛГО: Ты гаворыш, як старая вясковая цётка.


Жонка: Мы ніколі не зразумеем адно аднаго.

ЛГО: Калі ты хочаш ехаць, ты паедзеш!

Жонка: Не крычы.

ЛГО: Ты мяне прымушаеш крычаць. Я не грублю. Ты стала непрыстойная і дрэнная.

Жонка: Ты.

ЛГО: Не, я быў прыстойны і добры, калі мы сустрэліся. Але ў цябе было шмат непрыстойнасьці.


Жонка: Я так не лічу. Я нават ні разу не пацалавала Сашу. Ніхто не называў мяне непрыстойнай. Я не паводзіла сябе як іншыя дзяўчаты. У мяне не было маці, якая б накіравала мяне на правільны шлях. Раз на тыдзень я паводзіла сябе па-дурному.

ЛГО: Я разумею.

Жонка: Табе трэба, каб усё было памяркоўна. Калі б я толькі ведала!

ЛГО: За апошні месяц ты зусім зьмянілася. Ні пяшчоты, нічога. Калі б ты не была цяжарнай. Я не магу крычаць на цябе ў прысутнасьці іншых людзей, але ты заўсёды пра мяне рознае гаворыш, калі вакол людзі. А потым ты кажаш казкі пра тое, што я ад'яжджаю, пакідаю цябе і ва ўсім вінаваты. Але нават калі так, я хачу, каб ты была са мной. Я разумею, што ты такая, якая ёсьць і ня можаш быць іншай.
(паўза) Чаму ты прыкідваесься, што цябе так пакрыўдзілі? Самая няшчасная дзяўчына на сьвеце. Ты нясеш лухту.

Жонка: Ідзі да д'ябла!

ЛГО: Ты мяне не паважаеш.

Жонка: Алік, мы ўжо дастаткова сварыліся. І цяпер зноў.

ЛГО: Раней ты не была такой.

Жонка: Ты таксама.


23:35 (ціха; яны сьпяць)

Марына цяжка пераносіла першыя месяцы цяжарнасьці – яе раздражнялі пахі на вуліцы, у кватэры, нават на бальконе, пах мужа, пах ежы.

Плюс стрэс і страх – намер паехаць у Амэрыку ўспрымаўся як здрада радзіме.

Тут заплачаш.*

----------------------------------------------
*П’еса аказалася трох- ці нават чатырохактавай. Трэці акт – жыцьцё з Освальдам у Амэрыцы. Пасьля сэрыі скандалаў з гвалтам (Освальд яе зьбіваў) у лютым 1963-га Марына напісала ў савецкую амбасаду першы ліст пра вяртаньне, у сакавіку – другі. Яна зноў была цяжарная і спадзявалася зьехаць да нараджэньня дзіцяці, і прасіла вярнуцца ня ў Менск, а ў Ленінград. Аднак з савецкай амбасады паведамілі, што афармленьне папераў можа заняць 5-6 месяцаў. Освальд чакаў сына і нават выбраў яму імя Фідэль, у гонар Кастра. У кастрычніку нарадзілася дачка, якую назвалі Рэйчал. Освальд, які таксама напісаў запыт на савецкую візу, мяняў месцы працы і, нарэшце, у лістападзе зьехаў з тэхаскага гораду Форт Ворт у Далас, пакінуўшы замест адрасу нумар паштовай скрынкі. Чацьверты акт – пасьля забойства Кенэдзі. Расьсьледаваньне зрабіла Марыну вядомай на ўсю Амэрыку – яна давала інтэрвію, пра яе пісалі кнігу, зьявіліся грошы, і яна “загуляла” – стала праводзіць дні ў боўлінгу, начных клюбах, на вечарынках, атрымала мноства прапановаў выйсьці замуж – паўтарыла, як сама казала, свой “ленінградзкі пэрыяд”. У 1965 годзе яна выйшла замуж за мясцовага ўладальніка ранча Кенэта Портэра, нарадзіла сына Марка, разьвялася з Портэрам празь дзесяць гадоў, але засталася жыць разам зь ім.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
XS
SM
MD
LG