Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня для Хрушчова


Савецкая дэлегацыя на чале з Хрушчовым на борце цеплахода "Балтыка" выпраўляецца ў ААН, 1960 год
Савецкая дэлегацыя на чале з Хрушчовым на борце цеплахода "Балтыка" выпраўляецца ў ААН, 1960 год
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


На халоднай вайне перабягалі нашмат часьцей з савецкага боку.

Невядома, ці пра перабежчыка Освальда дакладалі прэзыдэнту ЗША, а вось пра люстраны выпадак, які адбыўся на некалькі месяцаў раней за сустрэчу Маргарыты Освальд у Белым Доме, кіраўніку СССР дакладалі.

Увосень 1960-га савецкая дэлегацыя прыплыла ў Амэрыку на сэсію ААН. Мікіта Хрушчоў так узгадваў пра тое, што здарылася, калі цеплаход “Балтыка” прышвартаваўся да пірсу на ўскрайку порту (выбіралі які дзешавей):

Калі мы прыбылі ў Нью Ёрк, мне даклалі аб надзвычайным здарэньні. Адзін матрос пакінуў карабель і папрасіў палітычнага прытулку. Людзі, якія паведамілі мне навіну, страшэнна хваляваліся. Я іх супакоіў і папрасіў не надаваць справе вялікага значэньня: “Ну й што ж? Сышоў і сышоў. Няхай паспрабуе капіталістычных хлябоў, пачым яны ў Нью Ёрку і як на смак”. Я, зразумела, ведаў, што мяне неўзабаве сустрэнуць журналісты. І сапраўды, пры першай жа сустрэчы мне задалі пытаньне. Адказваю: «Мне дакладалі пра гэта. Шкадую аб тым, што адбылося. Ён чалавек недасьведчаны, ня мае асаблівай працоўнай кваліфікацыі, і я яму спачуваю. Вельмі цяжка будзе яму прыстасоўвацца да амэрыканскіх умоваў жыцьця, бо ён нічога за душой ня мае. Глупства зрабіў, не падумаўшы. Калі б ён мне сказаў, што хоча застацца, я б аказаў яму якую-небудзь дапамогу на першы час». Увесь накал, які быў у журналістаў, адразу зьнік. Так правалілася сэнсацыя, і журналісты не змаглі зарабіць на гэтай справе.

Пасажырскі ляйнэр "Балтыка", 1960 год

Лішне казаць, што зрабілі б з матросам, калі б ён заікнуўся каму-небудзь на караблі пра жаданьне застацца ў ЗША. Праўда, калі б ён сказаў пра гэта самому Хрушчову, дык патрапіў бы ня ў лягер, а, хутчэй, у псыхіятрычную бальніцу. А вось людзям, якія страшэнна хваляваліся, калі дакладалі Хрушчову пра надзвычайнае здарэньне, баяцца было чаго – іх кар’еры разам з пагонамі і выслугай гадоў маглі пайсьці кату пад хвост. Анкеты і характарыстыкі ў каманды ўрадавага рэйсу правяралі і зацьвярджалі дзясяткі пільных вачэй, а вось жа праглядзелі.

Віктар Яанімец
Віктару Яанімцу было 9 гадоў, калі яго краіну ў 1940-м акупавалі савецкія войскі. Ён даўно хацеў зьбегчы з СССР, але, у адрозьненьне ад Освальда, чакаў тры гады, пакуль яго карабель не прышвартаваўся да амэрыканскага прычалу. Выхад у горад дазвалялі толькі групамі, прызначаўся старэйшы, і свой шанец Яанімец злавіў у перапоўненым танным унівэрмагу на Мангэтане. Калі група накіравалася ўжо да выхаду, ён крыкнуў, што яшчэ купіць брыліянціну, праштурхаўся праз натоўп, кінуўся да другога выхаду, выскачыў на вуліцу і пабег што было сіл.

Выпадковы суразмоўца ў бары дапамог знайсьці эстонскі клюб, і ўвечары таго ж дня служба іміграцыі ўзяла яго пад сваю апеку.

Калі савецкія дыпляматы паспрабавалі выратаваць небараку, які ня ведаў, што нарабіў, яны хутка пераканаліся, што Яанімец дакладна ведаў і што, і чаму:

На маёй Радзіме Хрушчова ненавідзяць. Мы ўсе пад яго жалезным кулаком. Нідзе няма свабоды. Мы яго рабы. Гэта другі Гітлер.

Яанімец таксама заявіў, што калі б магла, дык уцякла б палова каманды. Ньюёрскія газэты напісалі, што з гэтай высновай уцекача відавочна пагадзіліся на “Балтыцы”: усе звальненьні на бераг былі адмененыя, на палубах стаў дзяжурыць узброены патруль.

Увосень 1960-га па радыё ўпершыню прагучаў незвычайны твор -- музычнае пасланьне кіраўніку СССР ад перабежчыка. Запіс адкрываў Яанімец, а затым працягваў вядомы амэрыканскі сьпявак і прадусар Дон Міган:

Адкрыты ліст Хрушчову

Мяне завуць Віктар Яанімец, і я ўцёк з расейскага карабля. У маім новым сьвеце я знайшоў спакой і надзею. Я маю ліст для Мікіты Хрушчова, які прачытае мой амэрыканскі сябар.


Далей на тле музыкі пачынаўся рэчытатыў Дона Мігана:

Дарагі містэр Хрушчоў, я цяпер жыву ў згодзе, у згодзе з сабой, у згодзе са сьветам, у згодзе з маім Стваральнікам. Вы калі-небудзь на хвіліну задумваліся, што азначае слова “згода” ці “мір”, містэр Хрушчоў? Гэта цудоўнае слова з цудоўным сэнсам, але яго можна напісаць у два розныя спосабы.

Адзін – той, якім прымушалі шмат гадоў пісаць мяне.


Яанімец ужывае ангельскае слова “PEACE”, якое таксама азначае “мір”, і ў песьні расшыфроўваецца кожная літара. “P” азначае “persecution” – перасьлед, “E” -- “evil” – зло, “A” – “atheism” – атэізм, “C”- “confusion”, “сonflict” – канфлікт, непаразуменьне, “E” – “earth” – Зямля.

Першая частка песьні гучыць так:

Мікіта Хрушчоў
“P” – перасьледаваць, зьнішчыць любога, любую рэч ці народ, якія стаяць на шляху камунізму. “E” – зло, якое прынёс камунізм, і нянавісьць ёсьць яго рухавіком. “A” – атэізм, там, дзе камунізм, няма Бога, няма законаў маралі, няма надзеі. “C”– канфлікт і непаразуменьне паміж людзьмі, “E” – Зямля, якую камунізм мяркуе заваяваць і ўсталяваць паўсюль свой перасьлед, зло, атэізм і канфлікты.

Затым Віктар Яанімец і Дон Міган прапануюць іншую трактоўку.

Але гэта не сапраўдны сэнс згоды, містэр Хрушчоў. Я знайшоў новы цудоўны сэнс. Мільёны і мільёны людзей ва ўсім сьвеце чытаюць яго менавіта так.

Віктар Яанімец
“P”-- “Prayer” – малітва. Я магу ўкленчыць і маліцца Стваральніку ў любым месцы і ў любы час, калі пажадаю, гэтаксама як іншыя мільёны людзей. “E” – Equality -- Раўнапраўе. Усе людзі створаныя роўнымі. Яны атрымалі ад Стваральніка пэўныя неад’емныя правы. “A” -- “Ashes to Ashes” – попел у попел, пыл у пыл. З пылу чалавек быў створны, і ў пыл ператворыцца, і ён можа зрабіць шмат добрага за гэты час. “C” -- “Christmas” – Раство. Урок Раства найвялікшы і самы просты з усіх: мір на Зямлі для ўсіх людзей добрай волі. “E” – “Eternity” -- Вечнасьць, дзе душа чалавека будзе заўсёды і назаўсёды. Зямля як пясчынка на марскім беразе. Вечнасьць доўжыцца і доўжыцца і доўжыцца як цудоўны Сусьвет вялікага Стваральніка.

Песьня сканчаецца зваротам:

Падумайце аб гэтым, містэр Хрушчоў, аб сапраўдным сэнсе згоды і міру. Падумайце аб гэтым.

Хрушчоў падумаў – і гэта заўважна ў яго мэмуарах, якія ён мусіў пісаць пад хатнім арыштам, і потым тайна перапраўляць на Захад, абы толькі яны не патрапілі ў рукі яго таварышаў па партыі.

Хрушчоў на пэнсіі
Па сьлядах Яанімца пайшлі і члены сям’і Хрушчова: сын і ўнучка перабраліся ў Амэрыку, там жывуць праўнукі. Яшчэ раней туды ж уцякла і дачка Сталіна.

Яанімец перажыў Освальда на чвэрць стагодзьдзя. Ён атрымаў мноства прапановаў працы (кваліфікаваны матарыст), але спачатку аб’езьдзіў Амэрыку, выступаючы з аповедам пра жыцьцё ў акупаванай Эстоніі і савецкія парадкі.

У сьнежні 1960-га часопіс “Тайм” апублікаваў нататку пад загалоўкам: “Мікіта ня змог, а перабежчык наведвае Дыснэйлэнд”. Яанімец пасьля канфэрэнцыі ў Каліфорніі паехаў фатаграфавацца з героямі легендарнага мультфільму. У 1959-м Хрушчоў быў у Сан Францыска і адразу пасьля ад’езду заявіў, што яму не далі магчымасьці бліжэй пазнаёміцца з амэрыканскім народам і адведаць папулярны забаўляльны парк. Насамрэч парк са сьпісу выключыла савецкая служба аховы яшчэ за месяц да візыту.

Нават на волі кіраўнік краіны, куды перабег Освальд, ня быў вольны.

І няма фатаграфіі “Хрушчоў і Мікі Маўс”, пад якой, напэўна, журналісты не ўстрымаліся б і зрабілі прыпіску: “Хрушчоў справа”. Ці зьлева.

Свабода...



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG