Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэйлер і Цітавец

  • Аляксандар Лукашук

Эрнст Цітавец са сваёй кнігай пра Освальда

Эрнст Цітавец са сваёй кнігай пра Освальда

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Студэнт мэдычнага інстытуту Эрнст Цітавец ці Эрык, як яго ўсе звалі, пазнаёміўся з Освальдам празь сям’ю Зігераў. Яго школьная знаёмая працавала на пошце і дапамагала Зігерам у атрыманьні пасылак з Буэнас-Айрэсу.

У інтэрвію праз паўстагодзьдзя Цітавец так узгадвае знаёмства:

Неяк мне знаёмыя сказалі, што ў нашым тады яшчэ маленькім горадзе Менску, дзе не было з кім пагаварыць па-ангельску, зьявіўся амэрыканец. Я ўгаварыў пазнаёміць мяне з такім дэфіцытам. Увосені 1960-га мяне запрасілі ў госьці, дзе быў і Освальд. Ён аказаўся вельмі цікавым чалавекам, у нас зьявілася нават псыхалягічная сумяшчальнасьць, апрача таго мы былі аднагодкамі – таму пачалі мець цесныя зносіны.*

Адрас Цітаўца ў нататніку Освальда
Цітавец быў апантаны ангельскай мовай, часам нават выдаваў сябе за замежніка. Ён слухаў БіБіСі, займаўся самастойна, і нават здаў экзамэн па мове ў мэдінстытуце за ўвесь курс наперад, каб не хадзіць на занадта прымітыўныя для яго заняткі. Освальд для яго быў каштоўнай лінгвістычнай знаходкай – як і ён для Освальда.

Дзёньнік ЛГО
Лістапад 1960

Эрык Цітавец на чацьвёртым курсе мэдычнага інстытуту. Вельмі разумны хлопец.


Мэйлер выдатна разумеў каштоўнасьць успамінаў Цітаўца для свайго дасьледаваньня – хоць праца з архіўнымі дакумэнтамі КДБ працягвалася, але іх выбарачны характар і фрагмэнтарнасьць адсунулі задакумэнтаваную гісторыю на другі плян у параўнаньні з аповедамі сучасьнікаў.

Мэйлер і яго памочнікі сустракаліся зь Цітаўцом, цяпер доктарам біялягічных навук, прафэсарам, сем разоў – але, як высьветлілася, сваю каштоўнасьць былы прыяцель Освальда ацаніў яшчэ вышэй, чым амэрыканскія госьці. Мэйлер піша, што аніводнага разу яму не ўдалося ўзяць сапраўднае інтэрвію. Цітавец уразіў яго тым, што мог гаварыць гадзінамі, але не сказаць нічога.

Былая жонка Цітаўца, якую Мэйлер таксама распытваў, апісвае мужа як чалавека “надзвычай скрытнага, халоднага, які ўсё пралічвае”. Мэйлер піша:

Хаця мала хто з мужчынаў хацеў бы, каб яго ацэньвалі меркамі былой жонкі, пасьля сустрэчаў зь Цітаўцом, ладна скроеным і добра зьбітым чалавекам, з супярэчлівай аўрай, жаноцкай і мача адначасна, стала відавочна, што ён жыў гэтаксама пранырліва і сам па сабе, як разбэшчаны гепард.**

Аднойчы Цітавец ужо пагадзіўся на інтэрвію, але на самым пачатку зазваніў тэлефон і яго выклікалі ў нейкай неадкладнай справе. Мэйлер быў упэўнены, што званок падстроіў сам Цітавец – высьлізнуў як кот (гепард належыць да сямейства каціных).***

Мэйлер быў абражаны і раззлаваны такімі паводзінамі няўлоўнага менскага доктара і адпомсьціў па-літаратурнаму.

Не атрымаўшы ніякай зьмястоўнай інфармацыі, ён вырашыў са сьведкі ператварыць Цітаўца ў пэрсанажа і паказаць яго ў дачыненьні да іншых герояў і падзеяў.

Насадзіць на вастрыё пяра і навесьці павелічальнае шкло.

----------------------------------
*Інтэрвію Э.Цітаўца сайту “Белорусские новости” (www.naviny.by) 11 чэрвеня 2010 году.

**Пачатак фразы цяжка ацаніць, калі ня ведаць, што Мэйлер сам быў жанаты шэсьць разоў і стаўся героем выкрывальніцкай біяграфічнай кнігі адной са сваіх жонак.

***У тэлефоннай гутарцы са мной Цітавец, наадварот, скардзіўся на Мэйлера: аднойчы яму прызначылі сустрэчу, ён прыйшоў, і мусіў чакаць пятнаццаць хвілін. Так справы ня робяцца, гэта непавага да запрошанага, і ён паведаміў амэрыканцам усё, што думае з гэтай нагоды.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
XS
SM
MD
LG