Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГУМ заднім ходам

  • Аляксандар Лукашук

Менск, праспэкт імя Сталіна

Менск, праспэкт імя Сталіна

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


7 студзеня 1960 году ў 8 гадзін 23 хвіліны раніцы з купэйнага вагона маскоўскага цягніка № 9 на пэрон Менскага вакзалу ступіў 20-гадовы амэрыканскі грамадзянін у салдацкай шапцы-вушанцы й бяз пашпарта – ён здаў яго ў амбасаду ў Маскве, заявіўшы пра жаданьне застацца ў СССР, пасьля чаго праз два з паловай месяцы чаканьня і спробы самагубства атрымаў 5000 рублёў ад Чырвонага Крыжа, накіраваньне на працу і жытло ў сталіцы Беларусі, дзе праз год ажаніўся, а калі нарадзілася дзіця, разам зь сям’ёю вярнуўся ў ЗША, каб а 12:30 у суботу 22 лістапада 1963 году з вуглавога вакна шостага паверху даласкага кніжнага складу з адлегласьці 50 мэтраў з італьянскага карабіна Манліхер-Каркана калібру 6,5 мм першым стрэлам параніць 35-га прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі, другім -- губэрнатара Тэхаса Джона Коналі, трэцім -- дабіць прэзыдэнта, затым на вуліцы рэвальвэрным стрэлам у галаву забіць афіцэра паліцыі Джэй Ды Тыпіта, і праз 46 гадзінаў 51 хвіліну, падчас пераводу з пастарунка ў турму, пры ўключаных камэрах у простым эфіры амэрыканскага тэлебачаньня атрымаць ва ўпор кулю з Кольта-Кобры 38 ад мясцовага жыхара Джэка Рубі, і пасьля ўскрыцьця трупа ў моргу ды іншых фармальнасьцяў быць закапаным на могілках горада Форт Ворт у яме, побач зь якой дзесяцігодзьдзямі ня будуць хаваць нікога.

Так скончылася адно жыцьцё Лі Гарві Освальда і пачалося другое.

Лі Гарві Освальд, менскія здымкі
У новым жыцьці нешта, вядомае як “Лі Гарві Освальд” ці “ЛГО”, стала аб’ектам гістэрычнай увагі палітыкаў, журналістаў, пісьменьнікаў, героем шматлікіх рассьледаваньняў, публікацыяў, кніг, фільмаў, прадметам абмеркаваньня Кангрэса ЗША і Палітбюро ЦК КПСС, галаўным болем для ФБР, ЦРУ і КДБ. Яго выкопвалі з магілы, называлі забойцам-псыхапатам, кубінскім агентам, засланым двайніком КДБ, а таксама нявіннай ахвярай мафіі, амэрыканскіх спэцслужбаў, правых і левых радыкалаў, сакрэтных біялягічных экспэрымэнтаў, правадніком акультнай усясьветнай змовы.

Дата, калі ён націснуў на спускавы гачок, стала сакральнай у амэрыканскім жыцьці на паўстагодзьдзя: а дзе ты быў, калі забілі Кенэдзі, а што ты рабіла ў той дзень?..

У Савецкім Саюзе яшчэ доўга пра яго амаль ніхто ня будзе ведаць, хоць амаль кожны яго менскі дзень ад 7 студзеня 1960 году да 22 траўня 1962-га, кожны ліст і размова таксама былі прадметам пільнай увагі.

Рапарт вонкавага назіраньня КДБ

10.01.60
08:00-24:00

Аб 11:00 Лі Гарві выйшаў з гатэля “Менск” і пайшоў у ГУМ. Там зайшоў у аддзел электратавараў, нешта спытаўся ў прадаўца, дастаў з кішэні грошы і пайшоў да касы. Ні за што не заплаціў, паклаў грошы назад у кішэню і пачаў хадзіць па першым паверсе ўнівэрмагу туды і назад і разглядаць розныя тавары. Затым вярнуўся ў аддзел электратавараў, заплаціў 2 рублі 25 капеек за электравілку, паклаў яе ў кішэню і падняўся на другі паверх. Там правёў некаторы час у аддзеле гатовага адзеньня, перагледзеў наяўныя касьцюмы, затым хутка пакінуў ГУМ. Вярнуўся ў гатэль аб 11:25.

А 12:45 выйшаў са свайго пакою і пайшоў у рэстаран. Сеў за вольны столік і пачаў есьці.
(Назіраньне падчас яды не вялося, бо больш людзей там не было.)

А 13:35 Лі Гарві выйшаў з рэстарану і вярнуўся ў свой пакой.

А 18:10 выйшаў з пакою і пайшоў у рэстаран. Сеў за вольны столік, пад’еў, выйшаў з рэстарану а 18:45, на ліфце падняўся на чацьвёрты паверх і пайшоў у свой пакой.

Не выходзіў з пакою да 24:00, пасьля чаго назіраньне не вялося да раніцы.


Назіральнік як бясстрасная камэра фіксуе нават, як аб’ект засоўвае рукі ў кішэні, і прыводзіць такія пераканаўчыя дэталі, як кошт электравілкі.

Але навошта яна амэрыканцу ў гатэлі? Каб сабраць дэтэктарны перадатчык і паслаць паведамленьне ў ЦРУ, бо амэрыканская пляскатая вілка не падыходзіць да беларускай разэткі з круглымі дзірачкамі?

Ад гатэля да ГУМу – каля кілямэтра, туды і назад, плюс пакупка, абыход першага паверху, потым другога – і на ўсё 25 хвілін, калі верыць КДБ?

І як гэта суадносіцца з запісам пра 10 студзеня ў дзёньніку самога Освальда:

Цэлы дзень мой. Гуляю па горадзе. Вельмі прыгожа.

Менск, вул. Камсамольская

Дзе тут праўда? Дзе насамрэч быў Освальд?

Архіўныя дакумэнты маюць уласныя стасункі з часам – як камяні ў рацэ, яны могуць паказваць то адзін бок, то другі, могуць зьнікаць безь сьлядоў і выходзіць на паверхню ў іншым кантэксьце, з новымі сэнсамі і акцэнтамі. Спрабаваць скарыстаць іх для храналягічнага аднаўленьня падзеяў -- усё адно як пасьля цэлага дня паездак па горадзе назаўтра захацець аднавіць учорашні дзень і паспрабаваць праехаць заднім ходам па ўсім маршруце, гледзячы толькі ў люстэрка задняга віду. Напор новага трафіку, рамонты дарог і здарэньні робяць спробу безнадзейнай. Можна толькі зноў выехаць з зыходнага пункту і паўтарыць маршрут, каб заўважыць ці высьветліць сёе-тое, што засталося па-за кадрам.

А яшчэ лепш пайсьці пешкі. Прагуляцца.

Гадзіньнікавыя стрэлкі паказалі 11:00, швэйцар адчыніў рэстаўраваныя дзьверы абноўленага гатэля “Менск”, я выйшаў на праспэкт Незалежнасьці, які ў час прыезду Освальда насіў імя Сталіна, а падчас яго ад’езду -- ужо Леніна, паглядзеў на калёны самага прыгожага будынка ў горадзе – Менскага паштамту, павярнуў налева і пайшоў у ГУМ купляць электравілку.

Працяг заўтра.

Папярэдні разьдзел:

Палёт матылька
XS
SM
MD
LG