Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.

Не, быць ня можа. Не з-за такой малой рэчы. Не!
З камяку бруду выбліскваў зелянінай, золатам і чэрню
матылёк, вельмі прыгожы і вельмі мёртвы.
Не з-за такой драбніцы! Не з-за матылька!
Рэй Брэдбэры. І грымнуў гром

Замест прадмовы


У 1952 годзе, калі герою гэтай кнігі Лі Освальду было 13 гадоў і падлеткі зачытваліся фантастыкай, амэрыканскі пісьменьнік Рэй Брэдбэры апублікаваў самае вядомае сваё апавяданьне “І грымнуў гром” (па колькасьці перавыданьняў у сваім жанры яно займае першае месца ў сьвеце).

... На раніцу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў герой Брэдбэры ідзе ў кантору, якая арганізуе падарожжы ў часе, бо лепш адправіцца ў мінулае, чым жыць пры новым прэзыдэнце-дыктатары. Аднак высьвятляецца, што выбары ўсё ж выйграў яго супернік, і герой зь лёгкім сэрцам адпраўляецца ў мінулае на паляваньне. Там ён выпадкова расьціснуў матылька, і калі вярнуўся, аказалася, што ў выніку ланцужка падзеяў рэчаіснасьць зьмянілася, і прэзыдэнтам стаў дыктатар. Апошняе, што чуе герой – гром стрэлу, якім абрываюць яго жыцьцё і ягоную ролю ў гісторыі......

Лі Гарві Освальд
Забойства амэрыканскага прэзыдэнта Джона Фіцджэральда Кенэдзі Лі Гарві Освальдам – самая вялікая ў гісторыі чалавецтва сьледчая справа, якая налічвае больш за чатыры мільёны аркушаў арыгінальных дакумэнтаў, ня кажучы пра кнігі, фільмы, тэлесэрыялы – у тым ліку, пра падарожжа ў часе ў 1963-ці, каб спыніць забойцу. Быў нават мюзыкал.

Свае пяць капеек у гэтую гісторыю я ўставіў яшчэ калі хадзілі пятакі зь дзяржаўным гербам СССР: пераклаў i апублікаваў яго “Гістарычны дзёньнік”, пазьней быў кансультантам амэрыканскай здымачнай групы тэлекампаніі Frontline, якая на пачатку 1990-х здымала ў Менску фільм “Хто быў Лі Гарві Освальд?”, даваў інтэрвію і выступаў з аповедамі пра менскі пэрыяд героя падчас паездак на яго радзіму.

У СССР 1960-х амэрыканец, які па сваёй волі прыехаў сюды жыць і працаваць, успрымаўся як матылёк зь іншай плянэты. Менск часоў Освальда цяпер – таксама ўжо іншая плянэта, дзе лётае загадкавая чужародная істота.

І ўвесь час за ёй паварочваецца пільнае вока і вуха.

За Освальдам у Менску назіралі, як энтамоляг назірае за членістаногай казуркай атраду лускакрылых. Вывучаюцца стадыі жыцьцёвага цыклю – яйка, вопрадзень, вусень, імага, фіксуюцца звычкі, рухі, маршруты, харчаваньне, сэксуальныя функцыі, здольнасьць да мімікрыі, узаемадзеяньне з асяродзьдзем, спэцыфічныя навыкі, рэакцыя на раздражняльнікі, экалёгія...

Разьдзел энтамалёгіі, які вывучае матылькоў, называецца лепідаптэралёгія. Разьдзел дзяржавы, які вывучаў людзей, называецца – кадэбэ.

Кніга Нормана Мэйлера "Гісторыя Освальда"
Амэрыканскі пісьменьнік Норман Мэйлер стаў першым і адзіным дасьледнікам, які атрымаў доступ да “калекцыі” КДБ у Менску, абмежаваны і фрагмэнтарны, але ў спалучэньні з успамінамі сваякоў, сяброў, знаёмых героя дастатковы, каб яго кніга “Гісторыя Освальда” ўзьляцела ў сьпіс бэстсэлераў.

Мінулай вясной я панёс кветкі на магілу аднаго свайго даўняга амэрыканскага знаёмага-вэтэрана, якога пахавалі на Арлінгтонскіх могілках у Вашынгтоне, і потым падняўся на ўзгорак, дзе спачывае 35-ты прэзыдэнт ЗША.

Падыходзілі сем’і, турыстычныя групы, студэнты – нацыянальная памяць дагэтуль ня можа зьмірыцца з раптоўнай брутальнай і бессэнсоўнай стратай.

Гэтая кніга не пра тое, хто і як забіў Кенэдзі.

Хутчэй – спроба аднавіць сьляды, якія пакінуў у менскім паветры паўстагодзьдзя таму адзін матылёк.

Літаратурны ляндшафт пасьля Освальда выглядае як пасьля рэйду цяжкога бамбавіка, а яго біяграфія – як гісторыя сусьветных войнаў.

Хоць насамрэч – матылёк праляцеў.

Працяг заўтра.
XS
SM
MD
LG