Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кватэра для халасьцяка

  • Аляксандар Лукашук

Будынак, у якім жыў Освальд

Будынак, у якім жыў Освальд

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Праз два тыдні пасьля зьяўленьня амэрыканца на радыёзаводзе газэта “Звязда” апублікавала дзіўны ліст рабочага гэтага ж заводу.

Тагачасны від з вакна Освальдавай кватэры
Пад крыху гульлівым загалоўкам “А як жа халасьцяку?” нехта М.Дзьмітрыенка скардзіцца на дыскрымінацыю па сямейнай прыкмеце – ён жыве ў інтэрнаце, нежанаты, а такіх ня ставяць на чаргу на атрыманьне кватэры. Ён называе прозьвішчы розных заводзкіх і прафсаюзных начальнікаў, якія са сьмехам раяць яму знайсьці дзяўчыну з кватэрай, ці спачатку пабрацца шлюбам і нарадзіць дзіцё, а потым запісвацца ў чаргу, і паведамляе – яму не да жартаў, бо да стварэньня сям’і трэба ставіцца ўдумліва.

Дзіўным гэты ліст быў толькі з адной прычыны – што яго апублікавалі, бо такіх як Дзьмітрыенка былі дзясяткі тысячаў. Газэта нават атрымае тлумачэньні дырэктара заводу “тав. Юдзялевіча” (у адрозьненьне ад аўтара ліста -- рабочага, ініцыялы дырэктара не называюцца) – але не надрукуе цалкам, а толькі пакпіць і назаве іх незразумелымі.

Ніводны з трох удзельнікаў гэтай міні-эпісталярнай бойкі на газэтных старонках ня шчыры: халасьцяк ведае, што па кутах туляцца нават інваліды вайны, шматдзетныя сем’і, і робіць акцэнт на разважнае, сур’ёзнае стаўленьне да сям’і.

Дырэктар ведае, што інструкцыя нічога не забараняе, але лічыць патрабаваньні рабочага “незразумелымі”, бо той забясьпечаны інтэрнатам.

А газэта дэманструе прынцыповасьць, ні словам не згадаўшы саму праблему -- разьвіцьцё цяжкай індустрыі і вайскова-касьмічнага комплексу за кошт сацыяльных капіталаўкладаньняў.

Усё адбываецца як у анэкдоце Мэйлера пра садыста і мазахіста, толькі ніхто не задаволены.*

Сучасны выгляд з вакна кватэры Освальда

Дзёньнік ЛГО
16 сакавіка 1960

Атрымліваю невялікую кватэру. Адзін пакой, кухня, ванны пакой, недалёка ад заводу (8 хвілін пешкі) з цудоўным выглядам з 2-х бальконаў, амаль бясплатна (60 рублёў у месяц). Гэта мара расейцаў.


Сучасны выгляд будынка, у якім жыў Освальд
Пра кватэру на беразе рэчкі ў цэнтры горада на аднаго за менш чым 5% месячнага заробку 20-гадовыя рабочыя маглі з аднолькавым посьпехам марыць і ў Нью Арлеане, і ў Маскве.

Больш рэалістычным ня толькі для Амэрыкі, але і для СССР выглядаў свой аўтамабіль. Для Освальда -- “Запарожац”, які пачалі выпускаць у 1960-м, і каштаваў ён 16 000 рублёў. Да свайго ад’езду зь Менску ў чэрвені 1962-га Освальд рэальна мог бы сабраць на машыну і стаць першым амэрыканцам – уладальнікам гарбатага “Запарожца”.

І потым перавезьці яго ў Амэрыку, і езьдзіць на працу, і ў адзін лістападаўскі дзень ён заглух бы па дарозе, і замест склада падручнікаў кіроўца мусіў бы патрапіць у аўтамайстэрню і там доўга расказваць шакаваным мэханікам, адкуль такі цуд узяўся, чаму замест матора наперадзе багажнік, і навошта там карабін і пачак патронаў.

Освальд у Менску машыну не купіў.

Ён увогуле ня меў правоў і ня ўмеў вадзіць.

Але ружжо – купіў.

Аўтар на бальконе Освальдавай кватэры

--------------------------------------
*Анэкдот будзе расказаны пазьней.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
XS
SM
MD
LG