Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая памылка КДБ


Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Бацька Паўла Галавачова быў лётчыкам і двойчы Героем Савецкага Саюзу, маці -- хатняй гаспадыняй, якая суправаджала мужа па шматлікіх месцах службы, а сын – выключаным з камсамолу разгільдзяем, якога бацькі паслалі ў Менск, дзе ў іх была кватэра, зарабляць вытворчую характарыстыку для вучобы ў інстытуце.

Дзёньнік ЛГО
17 сакавіка -- 31 красавіка 1960

Працую. Страціў сувязь з Розай пасьля пераезду ў кватэру. Я знаёмлюся з Паўлам Галавачовым. Малады чалавек майго ўзросту, дружалюбны, вельмі разумны, выдатны радыётэхнік. Яго бацька генэрал Галавачоў двойчы герой, камандуючы ў Паўночна-Заходняй Сібіры.


Адрас Паўла Галавачова ў нататніку Освальда
Працоўнае месца Галавачова было за пяць мэтраў ад амэрыканца. Калі сакратар парткаму Лібезін спытаўся, хто на ўчастку ведае ангельскую, аказалася, што ўсе навокал вучылі нямецкую, адзін Павал крыху ведаў ангельскую.

-- Будзеш дапамагаць, -- сказаў партсакратар.

Рэч была ў тым, што ўжо ў першы дзень на заводзе Освальд ледзь не пабіўся з рабочым: той абурыўся, калі нехта, пакуль ён выйшаў з цыгарэтай, разабраў падрыхтаваны ім прэс. Той рабочы таксама толькі пачаў працу на заводзе і ня ведаў, каго ўзяў за грудкі. Сакратар парткаму потым прымусіў яго прасіць прабачэньня. Освальд ня мог патлумачыцца, патрабавалася штодзённая дапамога на месцы, тут пад руку падвярнуўся малады хлопец з ангельскай. Назаўтра са слоўнікам у кішэні ён пачаў знаёміцца з амэрыканцам.

Галавачоў узяў пачак запалак і выпусьціў з рукі: так Освальд навучыўся першаму слову – упаў, падаць.

Освальд і Павал Галавачоў

Аднойчы падчас доўгага інтэрвію з Мэйлерам начальнік управы КДБ “Ігар” прызнаўся, што і яны рабілі памылкі – ніхто не дасканалы. І адна зь іх – дапусьцілі знаёмства і сяброўства 18-гадовага юнака – генэральскага сына з амэрыканцам.

А памылкі трэба выпраўляць. Ужо праз два тыдні пасьля першай сустрэчы з Освальдам па дарозе дадому Паўла спыніў незнаёмы чалавек, паказаў пасьведчаньне КДБ і прапанаваў пагаварыць. Стаяў мароз, Павал мёрз і запрасіў “Сьцяпана” зайсьці ў кватэру (паблізу плошчы Перамогі). Опэрработнік паказваў адзін за адным пяць фотаздымкаў і пытаўся – ведаеш? Павал нікога не пазнаў і спытаўся сам, хто гэтыя людзі. У адказ прагучала – дзяржаўныя злачынцы. Затым “Сьцяпан” дастаў фота Освальда і патлумачыў Галавачову, што цяпер яго патрыятычны доўг дапамагчы радзіме.

Ніякага асаблівага доўгу перад радзімай Галавачоў не адчуваў, але, як ён патлумачыў Мэйлеру праз тры дзесяцігодзьдзі, існаваў вельмі моцны заменьнік гэтага пачуцьця.

Страх.

Рапарт КДБ
18.02.60

Шляхам асабістага назіраньня і ў размовах “Л” не заўважыў падазроных праяваў у паводзінах Освальда. Ён ня надта цікавіўся працай і нярэдка рабіў заўвагі кшталту: “Чаму я мушу пілаваць гэты мэтал гэтай пілкай, я ж не зьбіраюся ў інжынэры. Мая сапраўдная мара – вывучыць замежныя мовы, і вывучыць добра”. (Ён не ўдакладніў, якія менавіта.) У размовах стрыманы, адказвае на пытаньні коратка, упэўнена.

Аднойчы, паводле “Л”, яны чыталі прамову прэзыдэнта Эйзэнгаўэра ў “Правде”. У гэтай прамове Эйзэнгаўэр спрабаваў паказаць тэхнічную адсталасьць Савецкага Саюзу ў параўнаньні са Злучанымі Штатамі. Освальд адказаў, што Эйзэнгаўэр хлусіць, СССР ня менш тэхнічна разьвітая краіна, чым ЗША.

Освальд амаль ніколі не расказвае пра жыцьцё ў сваёй краіне, альбо як ён патрапіў сюды. Часам, у абед, ён абмяняецца двума-трыма словамі з маладымі людзьмі, дзяўчатамі і хлопцамі, і параўнае жыцьцё ў СССР і ЗША. Але ў такіх выпадках ён таксама выказваецца станоўча пра стан рабочых у СССР.


Насамрэч пасьля тыдня працы на заводзе Освальд заўважыў і адчуў нешта зусім іншае.

Дзёньнік ЛГО
16 студзеня 1960

Мне не падабаецца: партрэт Леніна, які глядзіць са свайго ганаровага месца, і фіззарадка з 11:00 да 11:10 штораніцы (абавязкова). Для ўсіх. (Цені Г.Уэлса!!).


Мэйлер ня піша, хто такі “Л” – бо ня ведае. Хто заўгодна мог быць.

Пасьля званка Шушкевіча ў КДБ Мэйлеру пачалі дапамагаць, але адразу папярэдзілі пра абмежаваньні:

Старшыня КДБ Шыркоўскі сказаў аднойчы, і ён ухмыляўся, калі гаварыў гэта: зразумела, мы ня можам даць вам імёны нашых крыніц.

Норман Мэйлер
Мэйлер патлумачыў ухмылку – Шыркоўскі таксама сказаў яму:

Але калі крыху папрацуеце, паходзіце вакол, вы зразумееце, хто яны. І мы сапраўды ўведалі.

-- Калі вам давалі дакумэнты -- гэта былі поўныя тэксты ці некаторыя часткі былі закрытыя?

-- Яны былі вельмі асьцярожныя. Яны не хацелі ніякім чынам пашкодзіць сабе тым, што нам давалі. Як я сказаў, частку больш цікавых матэрыялаў мы атрымалі з задняга ходу, але я сапраўды не магу пра гэта расказваць.

-- Яны заўсёды дапамагалі вам матэрыяламі?

-- У прынцыпе, так. Празь месяц ці два сутнасьць пазыцыі КДБ палягала -- так, мы далі абяцаньне. Гэта было дурацкае абяцаньне. І цяпер, калі даводзіцца яго выконваць, гэта сапраўды галаўны боль. І як, каб на іх халера, выканаць гэтае абяцаньне? Давайце дамо ім мінімум таго, што можна даць.

-- Ці быў нейкі важны матэрыял, які вы прасілі, але не атрымалі?

-- Галоўнае, чаго мы не атрымалі -- імёны крыніцаў.

Іх магло быць колькі заўгодна – просьба органаў сачыць за амэрыканцам не выглядала незаконнай ці маральна сумнеўнай. Наадварот – патрыятычнай. Ні сваяк, ні зямляк, ні сябар, як зь неба зваліўся – чужы, з варожай імпэрыі. І нават пасьведчаньне ня трэба было паказваць – самі прыйдуць і раскажуць. Аднак каштоўнасьць інфарматара ўзрастала па меры яго набліжанасьці да аб’екта, таму менавіта блізкае кола мусіла цікавіць ў першую чаргу.

Як пісаў у газэце “Звязда” ў год прыезду Освальда ў Менск старшыня КДБ генэрал Пятроў:

Цесная сувязь органаў бясьпекі з народам – непарушная традыцыя савецкага грамадзтва, якая няспынна ўзбагачаецца і разьвіваецца.

Хаця што там ужо было ўзбагачаць і разьвіваць у гэтай традыцыі пасьля папярэдніх дзесяцігодзьдзяў?..

Перабольшваў генэрал. Але не пераменшваў.*

----------------------------------------------
*Газэта “Известия” ў 1992-м ацэньвала колькасьць людзей КДБ вакол Освальда ў Менску ў два дзясяткі чалавек. “Сьцяпан” казаў Мэйлеру, што сачэньне не каштавала зашмат – кола сяброў Освальда было невялікім , не мянялася рэзка, не ўяўляла асаблівых складанасьцяў.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG