Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удар па амбіцыях

  • Аляксандар Лукашук

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У 1995-м, калі Станіслаў Шушкевіч ужо ня быў старшынём Вярхоўнага Савету, а Леанід Шыркоўскі -- старшынём КДБ, калі ўведзенае ў парлямэнт войска зьбіла дэпутатаў апазыцыі, якія абаранялі нацыянальны сьцяг і герб, калі першы прэзыдэнт заявіў, што ўсім лепшым у сваім жыцьці ён абавязаны КДБ, у Амэрыцы выйшла кніга Нормана Мэйлера “Гісторыя Освальда”.

На супэрвокладцы выдавецтва Random House пісала:

Кніга Нормана Мэйлера "Гісторыя Освальда"
У 1993-м Норман Мэйлер правёў шэсьць месяцаў у Расеі, дзе ён браў інтэрвію ў былых сяброў і каханак Освальда, атрымаў эксклюзіўныя інтэрвію з афіцэрамі КДБ, прыстаўленымі адсочваць кожны рух Освальда. Яму таксама далі эксклюзіўны доступ да матэрыялаў справы Освальда ў КДБ, у тым ліку да транскрыптаў падслуханых размоваў у кватэры, дзе Лі жыў са сваёй расейскай жонкай Марынай.

На гэты ўдар абухом па амбіцыях і інтарэсах усіх айчынных дасьледнікаў было нават няясна як рэагаваць, на каго крыўдзіцца. На непрадказальнага экс-сьпікера былога Вярхоўнага Савету? На адсутнасьць патрыятызму ў КДБ? На яго падступнасьць? Прадажнасьць?

Заставалася толькі парадавацца – за амэрыканскага калегу і яго чытачоў, якія нарэшце змаглі пазнаёміцца зь невядомымі дагэтуль менскімі старонкамі сваёй нацыянальнай трагедыі.*

Ну, і сёе-тое ўдакладніць.

І я пазваніў у Нью Ёрк першаму (і дагэтуль адзінаму) аўтару на сьвеце, які атрымаў доступ да матэрыялаў КДБ пра Освальда.

Норман Мэйлер

Атрымаць доступ да Нормана Мэйлера было таксама ня проста, але рэч была не ў адсутнасьці спрыяльнай рэзалюцыі ЦРУ, асабістай згодзе ці пярэчаньнях, нейкіх умовах -- цяжка было скантактавацца. Ягоны адрас і тэлефон ня значыліся ў даведніках; у Інтэрнэце была старонка Мэйлера, але яе аўтарам і дапісчыкам быў ня сам пісьменьнік, а ягоныя чытачы.

Пакуль аўтар гэтай кнігі лістуецца з выдавецтвам Random House і шле факсы літаратурнаму агенту Мэйлера, можна адкрыць энцыкляпэдыю ці набраць імя амэрыканскага пісьменьніка ў Інтэрнэце і ўведаць гады жыцьця (1923–2007), адукацыю (Гарвардзкі ўнівэрсытэт), удзел у другой сусьветнай вайне (служыў на Ціхім акіяне), род заняткаў (празаік, журналіст, драматург, паэт, кінасцэнарыст), публікацыі (больш за 30 кніг, першы раман “Голыя і мёртвыя” выйшаў у 1948-м), узнагароды (двойчы ляўрэат Пуліцэраўскай прэміі, Нобэлеўскі намінант, крытыка называе яго “амэрыканскім Талстым”).

Калі нарэшце дазваніўся, я ўжо ведаў, што перад прыездам у Менск Мэйлер скончыў самую даўгую кнігу ў сваім жыцьці, дакумэнтальна-мастацкі твор “Прывід прасталыткі”: 1300 старонак прысьвечаныя гісторыі ЦРУ (кажуць, кніга ўваходзіць у рэкамэндаваны курс чытаньня для супрацоўнікаў ЦРУ). “Прывід” павінен быў мець працяг -- другі том, але наступнай стала кніга пра Освальда.

На маё пытаньне наўпрост:

-- Ці ўзяліся б Вы за гэтую кнігу, калі б ня мелі доступу да архіву КДБ?

Мэйлер даў наўпроставы адказ:

-- Не. Не, я ніколі б нават не пачынаў кнігу бяз гэтага.

Усё ж некаторыя рэчы пачынаюцца тады, калі пачынаюцца.

---------------------------------------
*У лістападзе 1991 году некаторыя старонкі справы Освальда паказалі журналістам амэрыканскай тэлекампаніі ABC-News. Летам 1991-га і вясной 1992-га з дапамогай маскоўскай тэлепраграмы “Взгляд” у Менск прыяжджаў канадзкі журналіст Пітэр Вронскі – ён сустракаўся са знаёмымі Освальда, запісваў відэаінтэрвію зь імі. Матэрыялы КДБ яму не паказалі. Улетку 1992-га карэспандэнту “Известий” Сяргею Мастаўшчыкову дазволілі сфатаграфаваць сэйф, дзе захоўвалася справа і зрабіць здалёк здымак шасьці тамоў, раскладзеных на крэслах. Ён таксама сустрэўся зь некаторымі знаёмымі Освальда.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
XS
SM
MD
LG