Лінкі ўнівэрсальнага доступу

76 прыступак уверх і ўніз

  • Аляксандар Лукашук

Уваход у пад'езд, дзе жыў Освальд

Уваход у пад'езд, дзе жыў Освальд

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Уваход у пад'езд Освальда
Дом на вуліцы Калініна, 4* будавалі яшчэ палонныя немцы. Капітальныя сьцены клалі з цэглы, а перагародкі ў кватэрах рабілі з дрэва, запаўнялі скрыжаваныя дранкі азбэстам, тынкавалі і клеілі шпалеры. Ліфта няма, да пляцоўкі чацьвёртага паверху трэба адолець 76 прыступак.

Падлога паркетная, зь невялікай вітальні адны дзьверы вялі ў кладоўку, другія на кухню, справа дзьверы ў ванны пакой, дзе разам зь велізарнай чыгуннай эмаляванай ваннай (давялося дадаткова рабіць прарэз у касяку, каб яна стала) быў туалет – белы стульчак, ад якога адыходзіла чыгунная труба да зьліўнога, таксама чыгуннага бачка на вышыні двух мэтраў. Пацягнеш за ланцужок – і рынецца ўніз вада, змываючы парваныя на дробныя кавалкі шыфроўкі, сакрэтныя дакумэнты, схемы аэрадромаў...

Нічога такога Освальд не змываў, бо ня меў. Але чыгунныя трубы і прылады засталіся бязь зьменаў (капітальнага рамонту не было) і працягваюць служыць новаму гаспадару кватэры, які ходзіць па тым самым паркеце, глядзіць у тыя самыя вокны і ахвотна фатаграфуецца з журналістамі на бальконе ў той самай позе, як некалі Марына і Освальд: прыхіліўшыся да калёны, жонка бліжэй да краю, абодва глядзяць у аб’ектыў.

Калі Эдуард Кадыравіч Сагындыкаў купляў кватэру ў 1990-х, ён нічога ня ведаў пра знакамітага жыхара. Папярэдняя гаспадыня сказала, толькі калі былі аформленыя і падпісаныя ўсе паперы. Цяпер у сп. Эдуарда ў кампутары маса інфармацыі пра Освальда, інтэрвію, гістарычныя фотаздымкі, газэтныя публікацыі.

Эдуард Сагындыкаў і аўтар у кватэры Освальда

Сагындыкаў сёе-тое перарабіў у кватэры – паставіў новыя вокны, зьмяніў грувасткую чыгунную батарэю на эфэктыўную сучасную і прарэзаў сьценку з пакою ў кухню, каб кожнага разу не хадзіць кругам праз калідор. Шырыня ўнутранай сьценкі – 12 сантымэтраў, дранка, дрэва, пустоты – менавіта праз такую сьценку вялі назіраньне супрацоўнікі КДБ. Рэч у тым, што першапачаткова кватэра плянавалася як большая, але потым зь яе зрабілі дзьве – і іх разьдзяляе якраз такая несур’ёзная перагародка. Калі Сагындыкаў засынае і забывае выключыць тэлевізар, суседзі скардзяцца – усё чуваць. Зараз сусед робіць гукаізаляцыю.

Прыбіральна ў кватэры Освальда
Дом на беразе рэчкі быў адным з самых зайздросных у Менску: у самым цэнтры, да плошчы Перамогі адна хвіліна праз двор, восем хвілін да заводзкай прахадной, вокны на парк і на Сьвіслач, чыё вадзяное люстэрка выглядала тут як возера, з падвойнага балькона, больш падобнага да тэрасы, відаць было парк Горкага, Дом афіцэраў, будынак ЦК партыі зьлева, далей дзьве вежы праваслаўнага сабору, тэатар опэры і балета і клясычны франтон штаба Беларускай вайсковай акругі.

Проста пад вокнамі, крыху лявей, драўляны дом-музэй 1-га зьезду РСДРП. Освальд не пакінуў сьведчаньняў, ці быў у музэі. Было б дзіўна, калі б не адведаў – малады марксіст мусіў прычасьціцца такой гістарычнай сьвятыні, зь якой усё пачалося. І ня мог не падумаць пра сымбалічнае значэньне месца – можа, і яму наканавана пакінуць свой сьлед у гісторыі. Калі пазьней вуліцу Калініна перайменавалі ў Камуністычную, гэта магло стаць яшчэ адным знакам.
Освальд з жонкай Марынай на бальконе менскай кватэры

Сагындыкаў у музэі ня быў, хаця да пераезду жыў побач, насупраць праз праспэкт, з боку парка Горкага. Жонка памерла, дзеці вырасьлі і разьехаліся і ён перабраўся ў меншую кватэру. Калі некаму заманецца напісаць для сцэны гісторыю жыхароў кватэры № 22, напрыклад, зрабіць мюзыкал, праблемы з выкананьнем ролі цяперашняга гаспадара будуць большыя, чым з роляй Освальда.

Перагародка ў кватэры Освальда
Спачатку пытаньне мовы – казах паводле пашпарту, Сагындыкаў разумее ідыш, на якім гаварылі ў Менску да вайны, працаваў на беларускім тэлебачаньні і можа гаварыць па-беларуску, але па-казахску ня ведае ані слова.

Яго дзед, заможны менскі габрэй-гандляр Клейнэр, паглядзеў на пасьлярэвалюцыйны вэрхал і прыняў адзіна правільнае рашэньне – зьехаць у Амэрыку. Але чатыры дачкі-марксісткі цьвёрда верылі ў ідэалы новага сьвету і засталіся яго будаваць. Адна зь іх паехала на вучобу ў Маскву ў камуністычны ўнівэрсытэт імя Сьвярдлова, пазнаёмілася там з нацыянальным кадрам з Казахстана, як называлі прадстаўнікоў савецкіх рэспублік, і паехала зь ім у Петразаводзк, куды яго прызначылі сакратаром абкаму партыі. Пасьля нараджэньня сына бацьку неўзабаве арыштавалі і расстралялі, маці як жонку ворага народу саслалі ў ГУЛАГ, а малога аддалі ў дзіцячы дом. Там яго пазьней знайшла цётка, забрала і выхоўвала як сына – да 10 гадоў ён нічога ня ведаў пра сваю гісторыю. Праз пару гадоў пасьля вайны аднойчы ён вярнуўся са школы дадому і пабачыў дзьвюх маці – сёстры былі блізьнятамі. Ну і гэтак далей.

Мэйлер аж трэсься ад такіх гісторыяў і ўключаў у кнігу ўсё, што патрапляла пад руку, якое б далёкае дачыненьне ня мелі жыцьцёвыя пэрыпэтыі яго суразмоўцаў да цэнтральнай тэмы кнігі. Гэтай гісторыі ў кнізе няма ня толькі таму, што інтэрнацыянальны гаспадар засяліўся ў дом на Камуністычнай ужо пасьля выхаду кнігі.

За паўгода ў Менску Мэйлер ні разу ня быў у кватэры Освальда.

--------------------------------
*Цяпер Камуністычная, 4

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
XS
SM
MD
LG