Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат ідзе з КДБ

  • Аляксандар Лукашук

Справа Освальда

Справа Освальда

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Далей усё выглядала як у казцы пра сароку, якая кашку варыла, на прыпечку студзіла, чарпаком мяшала, дзеткам давала:

Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
А гэтаму не дала.

Сяргей Навумчык заўважыў, што некаторыя прозьвішчы ў рапартах былі заклееныя палоскамі паперы.

-- Гэта так рыхтавалі дакумэнты для Мэйлера? – запытаўся я ў Вераса.

-- Што Вы, Мэйлеру ніводнага дакумэнту адсюль не патрапіла – адказаў палкоўнік. – Сяргей Іосіфавіч, увогуле Вы першы, хто трымае ў руках гэтыя папкі. Калі не лічыць нашых супрацоўнікаў, зразумела.


Дэпутату патлумачылі, што дзьве акалічнасьці перашкаджаюць даць гэтыя тамы ў поўнае распараджэньне: прозьвішчы тайных агентаў і мэтады апэратыўнай працы.

Я табе скажу па-простаму – тлумачыў мне Лавіцкі ў сваім кабінэце пад партрэтам Дзяржынскага. – Пачынаючы з утварэньня “органаў”, з 1917-га, мы ніколі не раскрылі ніводнага імя ніводнага агента. Гэта гарантыя нашай працы. Бо калі б раскрылі – як бы мы сёньня прыцягвалі новых агентаў?

Яшчэ адна прычына – матэрыялы пра амэрыканскую амбасаду ў Маскве, дзе, са словаў супрацоўнікаў КДБ, у іх былі інфарматары. Сяргей Навумчык ізноў пайшоў да Шыркоўскага. Гутарка адбылася на пачатку траўня 1993 году ў кабінэце старшыні на трэцім паверсе будынка КДБ:

Эдуард Шыркоўскі
Шыркоўскі пазваніў Верасу: “Тут у мяне дэпутат Навумчык. Дык Вы яму ўсё паказалі? Так, ён мне сказаў, што ты паказаў, і падзякаваў. Але разумееш, там вялікая праца. Давай-ка ты вось што. Трэба ўключацца ў справы. Ну што гэта, амэрыканцы там прыяжджаюць, пішуць. Што, у нас няма нармальных журналістаў наогул? Ёсьць пытаньні, давай паглядзім, і будзем шукаць. Па Касьцюкову. Што ты яго знайсьці ня можаш? Шукай. Ты прабачэньне перадай, што я тады іх усіх шугануў, калі амэрыканец прыяжджаў. А то, ведаеш, прыехаў амэрыканец, пасадзілі яго ў гэтым клюбе Дзяржынскага, вадзілі ўсіх туды”.

З апошніх словаў Сяргей Навумчык зрабіў выснову, што Норману Мэйлеру спрыялі (прынамсі, да пэўнага часу) бяз згоды старшыні КДБ, і што старшыня гэтую дапамогу не вітаў. Ці магчыма такое ў ваенізаванай арганізацыі, ці генэрал “ваньку валял”, ці былі сапраўды супярэчнасьці паміж начальнікамі – ня так істотна.*

Істотна, што Шыркоўскі паабяцаў спрыяць, назваў прозьвішча апэратыўніка, які займаўся Освальдам -- Касьцюкоў, загадаў прыцягнуць яго на дапамогу дэпутату.

-- У нас яшчэ шмат недалёкіх людзей у апараце, – сказаў Шыркоўскі на разьвітаньне. – Табе яшчэ давядзецца зьвярнуцца да мяне ў гэтай справе. І, павер мне, не адзін раз.

Як у ваду глядзеў. Ці ў люстэрка.**

Наступныя некалькі месяцаў былі падобныя да перамоваў па ядзерным раззбраеньні, якія вядуцца з Паўночнай Карэяй.

Спачатку мне сказалі, што дадуць усё – за выняткам гэтых самых прозьвішчаў. “Гэтаму Мэйлеру нагаварылі 40 працэнтаў хлусьні, а ў Вас будуць праўдзівыя факты”, – паабяцаў мне Верас. Потым – што патрэбна прапусьціць кожны дакумэнт праз адмысловую ведамасную камісію па рассакрэчваньні, у якой, сярод іншых, былі і вэтэраны КДБ. Потым сказалі, што, паколькі там вэтэраны, дык цяжка апэратыўна ўсіх сабраць.

Дэпутата, як і абяцалі, аднойчы зьвялі з палкоўнікам у адстаўцы Касьцюковым, які сказаў, што ў яго было дзьве мэты: высьветліць, ці не зьяўляецца Освальд агентам ЦРУ і ці нельга яго завэрбаваць у інтарэсах КДБ. На абодва пытаньні атрымалі адмоўныя адказы – Освальд, паводле свайго характару, не ўяўляў цікавасьці для спэцслужбаў.

Потым паўза працягвалася, бо адказны супрацоўнік КДБ трапіў у шпіталь.

Генадзь Лавіцкі
-- Трагічная гісторыя, – патлумачыў мне Лавіцкі. – У палкоўніка быў летнік, ён туды ня езьдзіў – няма часу, гарыць чалавек на працы. Адказны афіцэр, прафэсійны чэкіст. А жонка пілуе й пілуе яго, што суседзі памідоры-гуркі садзяць, а ў нас адно пустазельле. Ну, адпрасіўся ён у мяне, узяў тры дні адпачынку за свой кошт. Паехаў на дачу. Тры дні капаў-араў, усё ўзараў, пасадзіў. Аказалася – ня свой участак узараў, а суседаў. Ён да суседа (таксама чэкіст), узары, кажа, цяпер ты мой участак, а сусед – “А я што, цябе прасіў мой араць?” Расхваляваўся, ціск падняўся, цяпер вось у шпіталі...

Дачная драма настолькі прыгожая, што, ня выключана, нават сапраўдная.

Аднойчы ўзьнікла новая перашкода. Кіраўніцтва КДБ раптоўна занепакоілі юрыдычныя інтарэсы дэпутата – а ці не засудзіць беларускага грамадзяніна Марына Прусакова-Освальд-Портэр, калі ён абнародуе пэўныя эпізоды яе прыватнага жыцьця, падслуханыя і падгледжаныя органамі?

Дэпутат Навумчык, выступ на мітынгу, 1992 год

У нейкі момант Сяргею Навумчыку прапанавалі (“каб не закапацца ў матэрыялах, бо адно капіяваньне на ксэраксе зойме некалькі тыдняў”), засяродзіцца на некалькіх тэматычных блёках – напрыклад, ці быў Освальд агентам КДБ? Магчыма, небеспадстаўна лічылі, што калі дэмакратычны дасьледнік заявіць, што не, ня быў – гэта будзе гучаць больш пераканаўча, чым іх уласныя заявы.

-- Але ж Вы разумееце, што, каб пісаць, што Освальд ня быў агентам, я павінен мець доказы. А доказы – гэта матэрыялы справы, – адказаў я.

-- Ды паверце, што ня быў!

-- Магу паверыць. Але чаму Вы думаеце, што іншыя мне павераць? Давайце матэрыялы!


Далей ізноў – абяцаньні, часовыя праблемы, паважныя прычыны.

Аднойчы я сказаў: “Паслухайце, ваша мэта – як мага больш схаваць, мая мэта – як мага больш у вас узяць. Як бачу, нічога ў нас не атрымаецца”. – “Вы што, – запэўнівалі мяне, -- мы ж разумеем, што рана ці позна трэба будзе рассакрэчваць, проста гэта трэба рабіць акуратна...”

Дні складаліся ў тыдні, тыдні ў месяцы, і да сярэдзіны 1993-га ў Беларусі на вачах памянялася палітычная тэмпэратура. Пасьля разгрому рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах камуністычная намэнклятура аб’ядналася вакол прэм’ера Вячаслава Кебіча, які пакаяўся за подпіс у Віскулях і ўзяў курс на інтэграцыю Беларусі і Расеі. КДБ ужо ня бачыў патрэбы гуляць у галоснасьць нават акуратна.

Паходы дэпутата скончыліся тым, што яму далі ксэракопіі (не на вынас, а перапісаць) некалькіх дакумэнтаў пра ад’езд Освальдаў у ЗША, у тым ліку заяву ў АВІР зь візай міністра ўнутраных справаў Аляксандра Аксёнава.

І гэта, як ён успамінае, – усё:

Напэўна, я ўжо ніколі не даведаюся, на што разьлічвалі кіраўнікі КДБ, калі абяцалі даць мне матэрыялы справы Освальда. Што дакладна – некалькі месяцаў майго часу было страчана на безвыніковыя размовы з чэкістамі.

Сяргей Навумчык лічыць галоўнай прычынай адступленьня КДБ ад свайго першапачатковага абяцаньня зьмену агульнай палітычнай сытуацыі. Галоўнай – але не адзінай.

Канечне, калі б у 1992-м Шушкевіч наклаў недвухсэнсоўную рэзалюцыю адкрыць справу Освальда, была вялікая верагоднасьць, што кіраўніцтвам КДБ яна была б выкананая.

Сяргей Навумчык гаворыць усё ж хоць і пра вялікую, але – верагоднасьць.

Дала-не дала-дала...

---------------------------------------
*Пазыцыя генэрала мянялася – і набыла сваё завяршэньне ў раздражнёным афарызьме на старонках друку ўлетку таго ж году: “КДБ – ня хата-чытальня”.

**У 1992 годзе Э.Шыркоўскі заявіў, што яму прапаноўвалі 50 мільёнаў даляраў за “справу Освальда”(“Известия”, 6 жніўня 1992). Для параўнаньня -- нататнік Джона Кенэдзі 1960 году з накідамі прамоваў прадаецца за 20 000 даляраў. У сьнежні 2010-га на аўкцыён была выстаўленая сасновая труна Освальда (пасьля эксгумацыі парэшткі перапахавалі ў іншай труне), якую купілі за 87 469 даляраў. На думку амэрыканскіх дыпляматаў і выдаўцоў, лічба Шыркоўскага – галюцынацыя ці дэзынфармацыя.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
XS
SM
MD
LG