Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараньне Менскам


Менск, 1960
Менск, 1960
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Сталіца савецкай Беларусі не ўваходзіла ў сьпіс гарадоў, якія трымаў у памяці звычайны амэрыканец. Апроч Масквы і Ленінграда, ён ведаў Кіеў, Сталінград, магчыма, адрасы лэнд-лізу -- вайсковыя парты Мурманск і Ўладзівасток.

Праз чатыры гады пытаньне пра Менск прагучала ў Вашынгтоне на пасяджэньні Прэзыдэнцкай Камісіі, якая рассьледавала забойства Кенэдзі (“Камісія Ўорэна”).*

Пытаньне было адрасаванае дыплямату амэрыканскай амбасады ў Маскве Рычарду Снайдэру, які займаўся дакумэнтамі Освальда:

Джэральд Форд
Кангрэсмэн Форд: Калі б вы тады ведалі, што Освальд будзе ў Менску, што б вы сказалі?

Снайдэр: Так яму і трэба.

Кангрэсмэн Форд: Чаму вы так кажаце?

Снайдэр: Вы ніколі не былі ў Менску. Гарады ў правінцыі ў Савецкім Саюзе знаходзяцца на вялікую прыступку ніжэй за сталіцу, а сталіца, паверце мне, на даволі вялікую прыступку ніжэй за любы амэрыканскі населены пункт. Адрозьненьне паміж буйнымі гарадамі і малымі і паміж малымі і вёскамі -- гэта велізарны крок назад у часе. Жыць у Менску ці любым іншым правінцыйным горадзе ў Савецкім Саюзе – даволі змрочны досьвед для любога, хто жыў у нашым грамадзтве.

Кангрэсмэн Форд: Вы калі-небудзь былі ў Менску?

Снайдэр: Я правёў каля гадзіны ў Менску, гуляў паміж цягнікамі, аднойчы.


Кангрэсмэна, які пытаўся пра Менск, звалі Джэральд -- празь дзесяць гадоў ён стане 38-м прэзыдэнтам ЗША, у гэтай якасьці паставіць свой подпіс пад Гэльсынскімі пагадненьнямі, якія дадуць юрыдычны аргумэнт (“выконвайце сваю Канстытуцыю і законы!”) савецкаму і пост-савецкаму дысыдэнцкаму руху (у Менску таксама зьявіцца свой “Гэльсынскі камітэт”).

Форд у Менску ніколі ня быў. А вось яго папярэднік у Белым доме сталіцу Беларусі адведаў. Рычард Ніксан з жонкай былі ў Менску на пачатку ліпеня 1974-га, калі тут адзначалі 30-я ўгодкі вызваленьня Беларусі ад нямецкай акупацыі.

Яны прыляцелі з Крыму, дзе сустракаліся з генэральным сакратаром ЦК КПСС Брэжневым, на два дні. Прысутнічалі на парадзе, усклалі кветкі да помнікаў, іх завезьлі ў мэмарыяльны комплекс Хатынь. Заходні друк пісаў тады пра Хатынь як сьвядомую падмену Катыні, дзе НКВД расстраляла тысячы польскіх афіцэраў.

Ніксан заўважна кульгаў – у яго абвастрыўся трамбафлебіт на левай назе, у Вашынгтоне даходзіў да кульмінацыі Ўатэргейцкі скандал, да ганебнай адстаўкі заставалася шэсьць тыдняў...

Ніксан у Менску, 1974 год

Ніксан быў на плошчы Перамогі, куды штодня хадзіў Освальд, але наўрад ці яму паказвалі будынак па суседзтву, дзе жыў забойца яго колішняга суперніка на выбарах.

У 1960-м, калі выбаршчык Освальд жыў у Менску і не галасаваў, Ніксан прайграў прэзыдэнцкія выбары Джону Кенэдзі – усяго 0,1% галасоў. Калі б выйграў – у Освальда магла б быць іншая мішэнь.

Марына Освальд пазьней раскажа сьледчым, што муж сапраўды зьбіраўся пры выпадку забіць Ніксана. Такі выпадак надарыўся ў 1963-м, калі Ніксан меўся прыехаць у Далас. Освальд падрыхтаваў зброю і на пытаньне ўстрывожанай Марыны адказаў, што будзе дзейнічаць па абставінах. Яна ведала, што ён не жартуе, бо раней ужо спрабаваў забіць генэрала Ўолкера, аднаго зь лідэраў амэрыканскіх правых, абстраляў яго дом. Паліцыя вяла сьледзтва, але нікога не знайшла. У дзень прыезду Ніксана Марыне ўдалося са скандалам адгаварыць Освальда.

Менск стаў апошнім горадам за мяжой, які наведаў Ніксан-прэзыдэнт. На ўрачыстым абедзе пад час абмену тостамі Ніксан пажартаваў, што Брэжнеў паслаў яго ў Менск з-за таго, што там жыве гімнастка Вольга Корбут, алімпійская чэмпіёнка.

А мог і пра Освальда пажартаваць.

Скандал быў бы -- ня меншы за Ўатэргейт.**

----------------------------------
*Камісія ў справе забойства Кенэдзі была створаная распараджэньнем прэзыдэнта ЗША Ліндана Джонсана 29 лістапада 1963 году. Яе складалі 34 чалавекі, а ўзначальваў старшыня Вярхоўнага суду ЗША Эрл Уорэн. Пасьля году рассьледаваньня Камісія выпусьціла справаздачу, у якой зрабіла выснову, што Лі Гарві Освальд забіў прэзыдэнта адзін і без пабочнай дапамогі. Тэкст справаздачы склаў 888 старонак, апублікаваныя матэрыялы склалі 26 тамоў, а дадатковыя дакумэнты, мэмарандумы і стэнаграмы пасяджэньняў налічваюць больш за 50 тысяч старонак. Усе дакумэнты (за выняткам мінімальнай інфармацыі пра падаткі прыватных асобаў) цяпер адкрытыя для дасьледнікаў і ў большасьці даступныя ў Інтэрнэце.

**Астролягі, канечне, заўважаць, што апошнія паўстагодзьдзя Менск спэцыфічна зьвязаны зь Белым домам: спачатку забойства Кенэдзі, потым Джонсан, які, дзякуючы гэтаму, стаў прэзыдэнтам, адмаўляецца ісьці на другі тэрмін, затым Ніксан пасьля візыту ў Менск ідзе ў адстаўку, Клінтан адведвае Менск і атрымлівае імпічмэнт. У менскай паездцы Ніксана суправаджаў памочнік Пэт Бюкэнан, які потым сам тройчы спрабаваў стаць прэзыдэнтам ЗША – і ўвесь час марна. Страшнае слова просіцца з кампутара на старонку – карма.

Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG