Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”


У Менску ў часы Освальда
У Менску ў часы Освальда
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Інтымнае жыцьцё Освальда вывучана двума дасьледнікамі, КДБ і Мэйлерам. Ад Мэйлера можна даведацца, што першай жанчынай Освальда была японка (амэрыканскія салдаты на базе Акінава свабодна наведвалі бардэлі), ні разу не было амэрыканкі.

Ад КДБ – што яму падабаліся бляндынкі. Так, прынамсі, сьцьвярджала ў справаздачы “Сьцяпану” крыніца “Таня”, перакладчыца Менскага Інтурысту.

Рапарт КДБ
08.07.60

У паводзінах Лі Гарві было заўважана імкненьне знаёміцца з дзяўчатамі, перш за ўсё з бляндынкамі, якія гавораць па-ангельску, адначасна з разьлікам, які мяжуе са сквапнасьцю. Напрыклад, ён можа пайсьці на спатканьне зь дзяўчынай, а потым пайсьці ў рэстаран адзін, бо лічыць, што аднаму таньней. Ён шмат разоў арганізоўваў сустрэчы з крыніцай, бо можа прыйсьці ці пазваніць ёй на працу. Крыніца схільная думаць, што Лі Гарві апошнім часам ахалонуў у сваіх заляцаньнях, бо яго патрабаваньне, што ён заслужыў пацалунак пасьля шасьці месяцаў сустрэч, не было задаволенае. Ён прыкінуўся, што расчараваны ці пакрыўджаны і пасьля гэтага стаў сустракацца з крыніцай ня так часта.


Трэцяй крыніцай інтымнай інфармацыі стаў сам Освальд.

Дзёньнік ЛГО
Дадатковая старонка. Бяз даты.

Іна Т.*

Я сустрэўся зь ёй у 1960-м у Зігераў, яе сям’я, якая паслала яе ў Менск, відавочна, заможная. Іна любіць модную вопратку, добрыя туфлі і бялізну. У кастрычніку 1960 году мы становімся вельмі блізкія, кульмінацыяй стаў палавы акт 21 кастрычніка. Яна была цнатлівая і вельмі цікавая. Мы сустракаліся такім чынам 4 ці 5 разоў, апошні -- 4 лістапада 1960-га. Па заканчэньні апошняга курсу Менскай кансэрваторыі яна зьехала зь Менску ў Рыгу.


Што менавіта запісана ў матэрыялах праслухоўваньня КДБ 21 кастрычніка 1960 году, Мэйлеру не паказалі.

У Менску ў часы Освальда
Дзёньнік ЛГО
Сьнежань 1960

У мяне лёгкі раман з Нэляй К.

Нэля К. Высокая, 5 футаў 11 дзюймаў, 150 фунтаў, добрыя прапорцыі, вялікія высокія грудзі, шырокія і прыгожыя сьцёгны, прапарцыйныя, сама зь вёскі непадалёку ад польскай мяжы, чыста расейскага вясковага паходжаньня. Далікатная, добрая, жаноцкая і ўсё разумее, з гарачым і строгім сэрцам. Яна спалучала ўсе найлепшыя жаночыя рысы з добрым, вялікім расейскім сэрцам. Я пазнаёміўся з ёй праз аднапакаёўку Томку. Нэлі і Томка і яшчэ тры дзяўчыны жылі разам ў пакоі інтэрната Інстытуту замежных моваў каля плошчы Перамогі. Я пачаў усур’ёз зьвяртаць увагу на Нэлю, калі разышоўся з Інай Т.


Пазьней на асобным аркушы Освальд дапісвае:

Нэля напачатку не выглядае вартай увагі, яна проста выглядае і надта вялікая, але я адразу адчуў, што яна добрая і яе жарсьці адпавядаюць яе памерам, што ўдалося высьветліць толькі пасьля доўгага вывучэньня прадмету. Пасьля лёгкага раману, які цягнуўся да студзеня і нават лютага, мы падтрымлівалі сяброўства, але на звычайных умовах аж да траўня 1961-га, і пасьля жаніцьбы больш не сустракаліся.

Гэты запіс, зроблены, верагодна, ужо пасьля вяртаньня ў Амэрыку, Мэйлер называе адзіным, апроч радкоў пра студэнтку кансэрваторыі, канкрэтным сьведчаньнем сэксуальнага жыцьця Освальда ў Менску да жаніцьбы.

Канкрэтыкі у гэтым выпадку якраз і няма. Ёсьць крыху нацяжная спроба гумару.

Восеньню 1960-га ў Освальда разьвіваецца нашмат больш сур’ёзны трэці раман, які завершыцца прапановай рукі і сэрца.

Дарэчы – брунэтцы.

---------------------------------
*У “Дзёньніку” імёны дзяўчат Освальд піша цалкам і так, поўнасьцю, падае іх Мэйлер у сваёй кнізе. Калі каму моцна карціць, могуць самі пайсьці ў бібліятэку і паспрабаваць замовіць “Гісторыю Освальда” празь міжбібліятэчны абмен.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG