Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З танцаў


Марына на бальконе кватэры Освальда ў Менску
Марына на бальконе кватэры Освальда ў Менску
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Першы раз у кнізе Мэйлера імя Освальда згадваецца на 25 старонцы і зноў зьнікае, каб зьявіцца ўжо толькі праз паўтара дзясятка старонак у другой частцы, якая пачынаецца яго прыездам у Маскву зь Фінляндыі.

Першая частка называецца “Прыгоды Валі” і цалкам прысьвечаная менскай цётцы будучай жонкі Освальда Валянціне Прусаковай. Цёткі ня роднай – Марына была пляменьніцай яе мужа, падпалкоўніка МУС Ільлі Прусакова.

Так пачынаюцца многія рэалістычныя раманы ХІХ-га стагодзьдзя, з доўгай экспазыцыі, радаслоўнай героя. Але героем кнігі была зусім іншая асоба. “Валя” -- пабочны пэрсанаж, сустракаецца з Освальдам, калі тэрмін яго знаходжаньня ў Савецкім Саюзе пераваліў за палову, у ніякіх драматычных падзеях у гэты час яна ня ўдзельнічае.

Гэта таксама не прыём мадэрнізму – стыль напачатку нагадвае расьцягнутае дакумэнтальнае журналісцкае рассьледаваньне ўперамешку з эсэістычнымі адступленьнямі і жаданьнем упіхнуць усё, што ўдалося ўведаць. Але хоць клясычныя жанры ня скончыліся разам з эпохай клясыцызму, пытаньне, што ёсьць клясыкай, даўно ўжо саступіла месца новаму пытаньню -- што працуе, што не.

Як, напрыклад, працуе аповед знаёмай Освальда супрацоўніцы Інтурысту Стэліны пра гатэль “Менск”.

Прыехала пара, канадыец зь сяброўкай, якая была мадэлькай і мела вугорскі пашпарт, але адміністратар адмовілася пасяліць іх у адным пакоі бяз штампу ў пашпарце. Канадыец не хацеў скандалу, але вугорская дзеўчына надта раззлавалася. Калі ён пайшоў у свой нумар, гэтая мадэлька выцягнула са свайго нумару ложак на калідор, распранулася, легла голая на пакрывала, запаліла цыгарэту і пачала віскацець на ўвесь голас.

У гатэлі было поўна фінаў, якія пілі так шмат, што ня мелі ніякіх комплексаў. Тэрмінова выклікалі Стэліну, на калідоры вакол голай мадэлькі ўжо сталі зьбірацца фіны.

Калі перакладчыца папрасіла яе апрануцца, у адказ пачула:

“Б...ь! Калі мой сябар ня возьме мяне ў свой нумар, няхай тады гэтыя фіны трахнуць мяне, усе разам!”.

Грахоўных падарожнікаў выселілі з гатэлю.
*

У інтэрвію пасьля публікацыі Мэйлер адказваў на пытаньне -- чаму ён так пачаў кнігу?

Норман Мэйлер
-- Я пачаў кнігу зь цёткі, якая мела надзвычайны досьвед падчас вайны, і я адчуваў, што гэта задасьць рамкі. Яе (Марыны) цётка – цудоўная жанчына, соль зямлі, якая пераказвала неверагодныя падзеі зь дзіўным, прыемным пазытыўным стаўленьнем. Марына была больш складаная, чым цётка, я не скажу – хваравітая, гэта будзе няслушна, зьняважліва, але жыцьцё яе больш перакруціла. Яна была больш злая, больш ускладнёная, яе турбавала нашмат больш рэчаў. Кніга пачынаецца зь цёткі Валі, яе дзяцінства, вайны, прымусовай працы ў Нямеччыне, сустрэчы з будучым мужам, а потым прыяжджае пляменьніца зь Ленінграду, у якой праблемы. Так пачынаецца кніга, і ў канцы доўгай першай часткі Марына аднойчы ўвечары вяртаецца дадому і кажа цётцы: “Валя, уставай. Апранайся. Я прывяла амэрыканца. Звары каву. Культурна прымі яго”.

Фактычна, дзеля апошняй фразы Мэйлер піша папярэднія 25 старонак.

Дарма, выходзіць, мэр Шарапаў папярэджваў амэрыканца пра некультурных людзей у Менску. Ну, можа прыежджыя. А свае -- з ложку ўстануць, каб госьцю каву зрабіць.

І нават апрануцца.

----------------------------------------------
*Чаму Мэйлер уключыў гэтую гісторыю ў кнігу? Першапачатковае адчуваньне, што проста бракуе рэдактуры – і ня толькі ў гэтым месцы. Але потым у Вікіпэдыі я пабачыў, што ўсё гэта мае прыстойную назву “New Journalism” -- новая журналістыка, і што менавіта Мэйлер разам з Томам Вулфам, Трумэнам Капотэ, Гунтарам Томпсанам быў яе заснавальнікам. Гэтыя аўтары выкарыстоўвалі журналісцкую тэхніку і бачаньне для вырашэньня літаратурных задачаў. Расплывістая тэрміналёгія такога тыпу (як тут не згадаць “звышлітаратуру” Алеся Адамовіча) звычайна сьведчыць пра дзьве рэчы. Першая – аўтар на парозе нечага невядомага, якое яшчэ толькі мае быць знойдзеным і таму зь літаратуры залез па тлумачэньні ў філязофію. Другая – новы тэрмін апраўдвае хістаньні стылю і хаос, зь якога нараджаецца нешта новае.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG