Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Праз чатыры дзесяцігодзьдзі пасьля таго, як музыканты склалі свае трубы і кантрабасы, як апошні наведнік пакінуў Палац прафсаюзаў, як пагасла сьвятло і адзіны, хто заставаўся на пляцы перад палацам, быў помнік Сталіну, у залю вярнуўся адзін з танцораў.

Разьдзел кнігі Эрнста Цітаўца, прысьвечаны танцам, называецца “Лі сустракае сваю будучую жонку”. У эпіграф вынесеныя словы Льва Талстога:

Дзіўная рэч, якая поўная бывае ілюзія таго, што прыгажосьць ёсьць дабром.

Цітавец піша:

Эрнст Цітавец
Вечар 17 сакавіка 1961 году стаў гістарычным момантам жыцьця Лі. У той вечар ён сустрэне прыгожую расейскую дзяўчыну, якую звалі Марына Прусакова, якая неўзабаве стане яго жонкай. Гэта здарылася пад час танцавальнай вечарынкі і, пры блізкім разглядзе, адкрыла шэраг цікавых супадзеньняў. Супадзеньняў, якія даюць падставу думаць, што ў рух былі прыведзеныя большыя сілы, чым выпадковая рамантычная сустрэча маладога чалавека і дзяўчыны.

Далей на 41-й старонцы (гэта другі па памеры разьдзел кнігі, большая толькі заключная частка) аўтар дасьледуе гэтыя сілы.

Дакладней – дасьледуе, здаецца, усё, апроч гэтых сілаў. Спачатку гаворка ідзе пра прафэсара Чаркасаву і яе вывучэньне гіпаглікемічнага інсулінавага шоку ў псыхіятрычных пацыентаў, пра яе мужа прафэсара Меражынскага, пра іх дачу ў Ждановічах, пра паездку Чаркасавай у ААН, пра яе грошы, пра яе сына Юрыя, пра яго хваробу, пра яго дзяўчат, пра яго сяброў, пра сваякоў яго сяброў...

Далей ідзе блізкі, праз сорак гадоў, разгляд атмасфэры – выкладчыкі бязь белых халатаў, студэнты бяз гальштукаў, дзяўчаты, якія танчаць адна з адной – не лезьбіянкі, а наступствы вайны, праход з Освальдам па калідорах і лесьвіцах, разглядваньне дзявочых твараў, зазіраньне ў пыльныя каморкі за сцэнай, і раставаньне – амэрыканец ідзе слухаць лекцыю, а Цітавец, як тады казалі, сачкуе.

Пасьля лекцыі пачынаюцца танцы, падчас якіх Освальд зноў знаходзіць Цітаўца і просіць дапамагчы паразумецца зь дзяўчынай, зь якой толькі што пазнаёміўся. На дзьвюх старонках аўтар апісвае, як яны ідуць праз залю і што ён пры гэтым думае, а на трэцяй старонцы паведамляе, што менавіта перакладаў: нумар тэлефону і адрас.

Гэта ўсё.

Так, прынамсі, піша сам Цітавец:

Лі ўважліва ўслухоўваўся праз танцавальны пандэмоніюм у залі, што я яму перакладаў. Аказалася няшмат. Марына дала свой хатні нумар тэлефону і сказала яму, дзе жыве. Ён папрасіў мяне паўтарыць, я паўтарыў. Аказалася, што гэта ўся інфармацыя, якую Лі хацеў ведаць дакладна.

Больш Цітавец у гэты вечар з Освальдам і Марынай ня бачыцца.

Пандэмоніюмам называецца месца ў пекле, дзе жывуць дэманы. На наступных трох дзясятках старонак аўтар выпускае сваіх дэманаў на волю: дэман рэўнасьці, дэман падазронасьці, дэман кансьпіралёгіі, дэман недаверу, дэман двухсэнсоўнасьці, дэман здрады, -- як гіганцкія матылькі яны запаўняюць танцавальную залю і гістарычную прастору вакол яе ў Менску і Амэрыцы.

Гаворка, канечне, пра дэманічны КДБ – пра тое, як загадзя былі расьпісаныя ролі ўсіх, хто быў на танцах, як арганізаваная харэаграфія знаёмства, як марыянэткі танчылі пад чужую дыктоўку. І выснова -- з сэнсам, няўлоўным, як матылёк:

Хоць амаль кожны вакол Освальда, здавалася, працаваў узгодненым чынам, каб зьвесьці амэрыканца і Марыну разам, малаверагодна, што хто-небудзь ведаў, каго яшчэ кантралюе КДБ, а хто проста на падхваце.

Іншымі словамі, мала таго, што ўся кампанія дружна займалася зводніцтвам, але яшчэ й ня ведала, што рабіла. А Цітавец ведаў:

Такім чынам прафэсіяналы КДБ дамагаліся сваіх мэтаў.

Для гэтага дэтэктыўнага разьдзелу больш пасаваў бы эпіграф з трагедыі “Атэла” Шэксьпіра, чым з “Крэйцаравай санаты” (менавіта там Цітавец знайшоў эпіграф пра падступную небясьпеку прыгажосьці). Хоць зварот да самага жонаненавісьніцкага твору Талстога зь яго ярасным антысэксуалізмам таксама небеспадстаўны. Цітавец піша, што падчас знаёмства чары Марыны яго ня ўразілі, яна гэта заўважыла і потым казала, што ён ёй напачатку не спадабаўся.

Але прызнае:

Ад гэтай дзяўчыны зыходзіла жывёльная сэксуальнасьць, якая адштурхоўвала мяне, але, магчыма, менавіта гэтая рыса прыцягнула Лі.

Літаратуразнаўцы лічаць, што “Крэйцарава саната” была вельмі асабістай выявай драмы, якую перажываў аўтар. Свой аповед Талсты адкрывае эпіграфам з Эвангельля паводле Мацьвея:

Я ж кажу вам: кожны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзеіць зь ёю ў сэрцы сваім.

Цітавец памятае, што ў сакавіку 1960-га ад Марыны крыху пахла віном і цыгарэтамі, памятае фрызуру а-ля Брыджыт Бардо, памятае яе вялікія шэрыя вочы, памятае яе губы і асаблівасьці ўсьмешкі, памятае нізкі выраз сукенкі, які падкрэсьліваў грудзі, памятае яе белыя басаножкі на высокіх абцасах, памятае яе крыху сутулую фігуру, памятае, як яна глядзела на яго, як глядзелі на яе.

Што адбывалася ў сэрцы яго ў тым сакавіку, Цітавец ня піша. Можа таму, што ня памятае.

Забыўся дасьледнік дэманаў з КДБ, што гэта ён сам здабыў у інстытуцкім камітэце камсамолу запрашальныя білеты на дваіх і прывёў Освальда на танцы.

Дэман амнэзіі праляцеў.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
XS
SM
MD
LG