Байдэн пацьвердзіў, што Белы дом абмяркоўвае новыя санкцыі супраць Беларусі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША паведаміў журналістам, што ў Белым доме ўжо абмяркоўваюцца магчымыя санкцыі супраць Менску ў сувязі з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair і арыштам блогера, які знаходзіўся на борце лайнэра.

Прэзыдэнт Джо Байдэн у аўторак папярэдзіў, што Злучаныя Штаты ўвядуць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ў сувязі з прымусовай пасадкай самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair у Менску і арыштам сузаснавальніка апазыцыйнага тэлеграм-каналу Nexta. Як паведамляе агенцтва «Ройтэрз», Байдэн сказаў пра гэта ў размове з журналістамі, пакідаючы Белы дом.

Новыя санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з гэтым інцыдэнтам ужо абмяркоўваюцца, пацьвердзіў Байдэн, адказваючы на пытаньне журналіста пра тое, што зьбіраюцца распачаць Злучаныя Штаты ў сувязі з паводзінамі рэжыму Лукашэнкі.

«Я не хацеў бы спэкуляваць на гэтую тэму да таго часу, пакуль мы [ня прымем канчатковае рашэньне]», — дадаў прэзыдэнт, ня стаўшы ўдавацца ў дэталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт ЗША заклікаў вызваліць Пратасевіча і іншых палітвязьняў

Некалькімі гадзінамі раней Байдэн назваў дзеяньні ўладаў Беларусі «абуральнымі» і паабяцаў даць «адпаведны» адказ у каардынацыі з Эўразьвязам. Прэзыдэнт заявіў, што інцыдэнт з Ryanair зьяўляецца «прамой абразай міжнародных нормаў».

«Злучаныя Штаты самым рашучым чынам асуджаюць як зьмяненьне маршруту самалёта, так і наступнае зьняцьце з рэйсу і арышт Пратасевіча, — заявіў Байдэн, — Гэты абуральны інцыдэнт і відэа з Пратасевічам, якое, мяркуючы па ўсім, было запісана пад ціскам, зьяўляюцца ганебнымі нападкамі як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ангела Мэркель заклікала вызваліць Пратасевіча і назвала дзеяньні афіцыйнага Менску «беспрэцэдэнтнымі і непрымальнымі»

Прэзыдэнт дадаў, што ЗША далучыліся да іншых краін сьвету, якія патрабуюць вызваленьня Пратасевіча і соцень палітычных зьняволеных, незаконна арыштаваных рэжымам Лукашэнкі.

«Я далучаюся да шматлікіх заклікаў правесьці міжнароднае расьсьледаваньне для высьвятленьня ўсіх фактаў у гэтай справе», — сказаў Байдэн.

Напярэдадні прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Сакі паведаміла , што Джо Байдэн падчас саміту з Уладзімірам Пуціным абмяркуе вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманьне актывіста апазыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Белы дом: Байдэн падчас саміту абмяркуе з Пуціным Украіну і Беларусь

Дзеяньні ўладаў Беларусі выклікалі абурэньне ў міжнароднай супольнасьці.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у аўторак заявіла, што кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Эўразьвязу падчас саміту ЭЗ дамовіліся пашырыць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. У санкцыйны сьпіс маюць уключыць новых асобаў і арганізацыі, якія маюць дачыненьне да інцыдэнту з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair у Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў