Прэзыдэнт ЗША заклікаў вызваліць Пратасевіча і іншых палітвязьняў

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, архіўнае фота
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, архіўнае фота

Заяву Джо Байдэна апублікаваў сайт Белага дому.

«Прымусовае перанакіраваньне Беларусьсю камэрцыйнага рэйсу Ryanair, якія ляцеў паміж дзьвюма дзяржавамі — сябрамі Эўрапейскага Зьвязу, а таксама наступнае зьняцьце рэйсу і арышт Рамана Пратасевіча, беларускага журналіста, які падарожнічаў па-за межамі Беларусі, ёсьць абсалютным парушэньнем міжнародных нормаў.

Злучаныя Штаты самым рашучым чынам асуджаюць як перанакіраваньне самалёта, так і наступнае зьняцьце з рэйсу і арышт спадара Пратасевіча.

Гэты абуральны інцыдэнт і відэа з спадаром Пратасевічам, зьнятае, відаць па ўсім, пад прымусам, зьяўляюцца ганебным нападам як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы.

Злучаныя Штаты разам з краінамі ўсяго сьвету заклікаюць да яго вызваленьня, а таксама вызваленьня соцень палітычных вязьняў, якія несправядліва зьняволеныя рэжымам Лукашэнкі.

Я далучаюся да шматлікіх заклікаў да міжнароднага расьсьледаваньня, каб выявіць усе абставіны справы.

Я вітаю навіну пра тое, што Эўрапейскі Зьвяз заклікаў да мэтавых эканамічных санкцыяў і іншых захадаў, і папрасіў маю каманду ў шчыльным супрацоўніцтве з Эўрапейскім Зьвязам, іншымі саюзьнікамі, партнэрамі і міжнароднымі арганізацыямі распрацаваць адпаведныя варыянты прыцягненьня да адказнасьці вінаватых.

Месяцамі беларускі народ рабіў так, каб яго голас быў пачуты, — ён патрабаваў дэмакратыі, павагі правоў чалавека і выкананьня асноўных свабод. Я аплядую мужнасьці і рашучасьці беларусаў, якія змагаюцца за асноўныя правы, уключна з такімі журналістамі, як Раман Пратасевіч, і лідэрамі апазыцыі, такімі як Сьвятлана Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі.

Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў ягонай барацьбе», — заявіў Джо Байдэн.

​
XS
SM
MD
LG