Сьвятлана Ціханоўская 24 траўня размаўляла праз тэлефон з дарадцам прэзыдэнта Амэрыкі Джэйкам Саліванам, паведаміў тэлеграм-канал Ціханоўскай.
Ціханоўская пераказала Джэйку Салівану ўсе вядомыя ёй дэталі затрыманьня Рамана Пратасевіча і ягонай дзяўчыны Соф'і Сапегі.
Яна сказала, што не сумняваецца, што Рамана за кратамі катуюць.
Ціханоўская прапанавала абмеркаваць далейшыя сумесныя дзеяньні міжнароднай супольнасьці, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, вызваліць Рамана і іншых палітвязьняў.
Яна заклікала Злучаныя Штаты пачаць расьсьледаваньне захопу самалёта і затрыманьня Пратасевіча і разгледзець магчымасьць падтрымаць прыпыненьне сяброўства Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі і Інтэрполе.
«Сытуацыю з захопам самалёта нельга разглядаць асобна ад іншых рэпрэсій і абуральных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Зьнішчэньне Tut.by, гібель Вітольда Ашурка, захоп Рамана — гэта ўсё вынік беспакаранасьці рэжыму і адсутнасьці рашучай рэакцыі з боку ўсясьветнай супольнасьці. Таму рэакцыя павінна быць усёабдымнай, уключна з санкцыямі і палітычнай ізаляцыяй рэжыму», — заявіла Ціханоўская.
Яна таксама прапанавала Штатам абмеркаваць вырашэньне крызісу на саміце Вялікай сямёркі ў Лёндане з удзелам беларускіх дэмакратычных сілаў і правесьці гэтым летам міжнародную канфэрэнцыю высокага ўзроўню аб вырашэньні крызісу ў Беларусі.