«Транснефть» прыняла заяўкі на пастаўкі нафты ў Беларусь у сакавіку

Ілюстрацыйнае фота

Так кампанія «пацьвердзіла тэхнічныя магчымасьці прапампоўваньня». Пастаўкі ж пачнуцца «пасьля афармленьня маршрутных даручэньняў», а калі гэта будзе, не паведамляецца.

Расейская «Транснефть» прыняла ад некалькіх неназваных кампаніяў заяўкі на пастаўкі ў сакавіку нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, перадае ТАСС заяву афіцыйнага прадстаўніка кампаніі Ігара Дземіна.

Паводле яго, заяўкі прынятыя «адпаведна дзейным экспартным графікам», і прыняцьцем заявак «„Транснефть“ пацьвердзіла тэхнічныя магчымасьці прапампоўкі нафты». Уласна пастаўкі нафты пачнуцца «пасьля афармленьня маршрутных даручэньняў».

Якія кампаніі зьбіраюцца пастаўляць нафту з Расеі ў Беларусь, не абвяшчалася.

У студзені і лютым нафту пастаўлялі толькі дзьве кампаніі расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева (таксама Беларусь купляла крыху нафты з Нарвэгіі).

21 лютага Лукашэнка расказаў пра «нечаканую прапанову Пуціна» аб нафце, што ўключае кампэнсацыю падатковага манэўру ў 300 млн даляраў. Міністар энергетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што Расея прапанавала Беларусі зьніжаць прэміі для расейскіх нафтавых кампаній на 2 даляры за тону за год. Пасьля пра падпісаньне нейкіх новых дамоваў на пастаўкі нафты не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Перамога? Пра якія $300 мільёнаў кампэнсацыі кажа Лукашэнка і што там з нафтай. Расшыфроўваем

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што будзе, калі Беларусь заплаціць за нафту, «як усе». Разьбіраемся з экспэртамі