Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога? Пра якія $300 мільёнаў кампэнсацыі кажа Лукашэнка і што там з нафтай. Расшыфроўваем


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 2017 год
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 2017 год

Лукашэнка заявіў, што Расея прапанавала Беларусі кампэнсацыю за падатковы манэўр у 300 мільёнаў даляраў, у тым ліку за кошт прэміі расейскім нафтавым кампаніям. Свабода разабралася, што гэта значыць для Беларусі.

Спрэчкі пра кошт расейскай нафты для Беларусі вядуцца з канца мінулага году. Нечакана Аляксандар Лукашэнка зрабіў па выніках тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным заяву пра «смачную» прапанову: 300 мільёнаў кампэнсацыі, у тым ліку за кошт прэміі расейскім нафтавым кампаніям.

«Такая прапанова, — падсумаваў Аляксандар Лукашэнка. — Хоць нейкі шлях да разьвязкі тых спрэчак. Пытаньне стаіць так, што Расея гатовая нам захаваць фінансавы ўзровень па нафце мінулага году. Прасілі, каб мы гандлявалі па ўсясьветнай цане. Але кампаніі на гэта не згаджаліся, прасілі дадаць 12 даляраў прэміі. Таму што ў нас маржынальныя рынкі — Эўропы, Украіны, беларускі рынак».

На заяву адрэагавалі ў Расеі, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў, што тэлефонная размова на гэтую тэму была.

«Абмяркоўваліся падчас тэлефоннай размовы розныя пытаньні, зьвязаныя з пастаўкамі расейскай нафты, з коштам... Сёньня гэтая тэма закраналася, абмяркоўвалася двума прэзыдэнтамі, нюансы я не магу вам перадаць», — цытуюць Пяскова РИА Новости.

Міністар энергетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што Расея прапанавала Беларусі зьніжаць прэміі для расейскіх нафтавых кампаній на 2 даляры за тону на год. Пра гэта паведаміла РБК.

«Гэта і была пазыцыя Беларусі»

Расшыфроўваем:

300 мільёнаў кампэнсацыі — гэта якраз тыя страты ад падатковага манэўру за 2020 год, пра якія казаў афіцыйны Менск.

Зьмяншэньне прэміі расейскім нафтавым кампаніям — якраз тое, на чым настойваў афіцыйны Менск падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным.

Дык, выглядае, перамога?

Вадзім Іосуб, архіўнае фота
Вадзім Іосуб, архіўнае фота

«Многія апошнія перамовы сканчаліся абсалютна супрацьлеглымі заявамі. Калі гэта так, як кажа кіраўнік краіны, то гэта і была пазыцыя Беларусі ў перамовах, якія ідуць са сьнежня», — падкрэсьлівае старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Такі варыянт таксама азначае невялікі рост коштаў на расейскую нафту для Беларусі, але не такі балючы, як меркавалася раней.

«Гэта кампэнсацыя толькі на гэты год»

300 мільёнаў даляраў — гэта кампэнсацыя падатковага манэўру толькі на бягучы год. Агульныя страты ад яго большыя, кажа аглядальніца Тацьцяна Манёнак. Сумарныя страты ацэньваліся прыкладна ў 1 мільярд даляраў.

Тацяна Манёнак, архіўнае фота
Тацяна Манёнак, архіўнае фота

«Пакуль незразумела, як гэта будзе, магчыма, гэтыя грошы застануцца ў бюджэце. Магчыма, расейскія кампаніі робяць зьніжку на прэміі. Тады па фінансавым эфэкце для Беларусі — гэта будзе падобна да мінулага году. Па далейшых стратах Беларусі ўсё адно давядзецца таргавацца», — падсумоўвае Тацьцяна Манёнак.

Яна падкрэсьлівае, што гэтая кампэнсацыя павінна дайсьці да нафтаперапрацоўчых заводаў, бо яны панесьлі страты і прайшлі праз мадэрнізацыю.

Першапачаткова Беларусь хацела і кампэнсацыі за падатковы манэўр, і зьніжкі на прэміі для расейскіх кампаній.

Дапамаглі пошукі альтэрнатыўнай нафты?

Падчас спрэчак вакол расейскай нафты Беларусь актыўна шукала альтэрнатыву ў іншых краінах і нават закупіла нарвэскую нафту, каб трымаць заводы на мінімальных загрузках. Па нафце меркавалася дамовіцца з Казахстанам, Азэрбайджанам, спрабавалі набываць нафту празь Літву, Латвію і Ўкраіну.

«Альтэрнатыва ў гэтай сытуацыі, магчыма, паўплывала на рашэньне расейскага боку. Выглядае, што расейскі бок зрабіў крок насустрач. Мяркую, быў дасягнуты нейкі кампраміс, бо Расея не хацела зусім заганяць Беларусь. Магло паўплываць і тое, што беларускі бок цьвёрда трымаўся сваёй пазыцыі», — мяркуе Тацяна Манёнак.

На фоне такой навіны зьявілася інфармацыя пра два танкеры з нафтай для Беларусі, якія маюць прыйсьці ў сакавіку ў літоўскі порт Клайпеда. БелТА пацьвердзілі ў «Белнафтахіме», што гэта расейская нафта, якую закупілі ў трэйдэраў бяз прэміі.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG