Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Курс рубля сёлета можа ўпасьці на 15%», — эканаміст


Нацыянальны банк
Нацыянальны банк

Эканаміст Зьміцер Крук прадказвае, наколькі сёлета зьнізіцца курс беларускага рубля, тлумачыць, чаму ў студзені ВУП Беларусі ўпаў на 1,9 працэнта, і заяўляе, што стратэгічна адмова ад таннай расейскай нафты — станоўчая рэч для беларускай эканомікі.

Сьцісла:

  • У найгоршым сцэнары, калі мы істотна адмовімся ад расейскай нафты, падзеньне курсу рубля можа скласьці 15 працэнтаў.
  • Калі мы сапраўды прымаем новыя ўмовы гандлю з Расеяй — гэта нэгатыўна паўплывае на сёньняшні стан эканомікі.
  • Зьніжэньне заробкаў у некаторых галінах — спадзяюся, што гэта «памылка выканаўцы» і гэта неяк адрэгулюецца.

— Апошнія тыдні беларусы са страхам назіраюць, як амаль кожны дзень расьце курс даляра адносна беларускага рубля. Насельніцтва, якое прызвычаілася да пэўнай стабільнасьці нацыянальнай валюты, захвалявалася. Тым болей, што падзеньне рубля наклалася на інфармацыю пра энэргетычныя разыходжаньні Менску з Масквой, пра падзеньне ВУП у студзені, падзеньне цэнаў на нафту на ўсясьветным рынку — ёсьць падставы хвалявацца. Зьніжэньне курсу рубля — ці гэта часовая зьява, ці стратэгічны трэнд?

— Адназначна адказаць на гэтае пытаньне нельга — да таго часу, пакуль не разьвязаныя ўсе пытаньні з расейскай нафтай. Пакуль мы ня можам бачыць, у якой ступені паўплывала зьніжэньне валютных паступленьняў ад нафтапрадуктаў на валютны рынак, але інтуітыўна магу сказаць, што гэта ня менш за палову гэтага трэнду. Другая частка — гэта рост даляра на ўсясьветным рынку, у тым ліку адносна расейскага рубля.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Таму, калі ў нафтавым пытаньні запануюць кепскія сцэнары, то трэнд на зьніжэньне курсу рубля захаваецца. Пытаньне ў тым, да якой ступені можа абясцэньвацца рубель. У найгоршым сцэнары, калі мы істотна адмовімся ад расейскай нафты, падзеньне курсу рубля можа скласьці 15 працэнтаў.

— Гэта за які час — 15 працэнтаў?

— Дзесьці на працягу году, але, магчыма, і хутчэй. Але гэта ня будзе аднамомантава, як у 2011 годзе. Падушка бясьпекі, створаная Нацбанкам, даволі істотная, і зрабіць гэтую дэвальвацыю паступовай, плаўнай цалкам магчыма.

— А ці паўплываюць на курс рубля міжнародныя тэндэнцыі? Цана на нафту падае, каранавірус таксама можа паўплываць на ўсясьветную эканоміку. А калі падае цана нафты, заўсёды падае і курс расейскага рубля, ад якога залежыць беларускі. Калі нафта ўпадзе да 50 даляраў за барэль, гэта ж ня можа не паўплываць на Расею і Беларусь?

— Так, расейскі рубель захоўвае пэўную сувязь з нафтай, але апошнія год-два гэтая сувязь істотна аслабла. Расейскія ўлады здолелі гэтую залежнасьць зьнізіць. Таму падзеньне цаны на нафту, вядома, адаб’ецца на курсе расейскага рубля, але не ў прапорцыі адзін да аднаго.

Але беларускі рубель можа абясцэньвацца ў адносінах да расейскага ў выніку ўласных прычын, унутраных прычын. Гэта тычыцца непасрэдна «нафтавага пытаньня».

Заўважу, аднак, што прагноз падзеньня цаны нафты да 50 даляраў вельмі малаверагодны. Базавы прагноз, зь якога зыходзяць міжнародныя арганізацыі, — што ў 2020 годзе стан усясьветнай эканомікі не пагоршыцца. На гэта можа паўплываць праблема з каранавірусам, калі яна расьцягнецца на даволі доўгі час.

— Толькі што зьявілася інфармацыя, што за студзень 2020 году ВУП упаў на 1,9 працэнта. Што гэта? Асаблівасьць аднаго месяца ці пачатак пэўнага трэнду?

— Гэтае падзеньне ВУП амаль цалкам зьвязана менавіта з нафтавымі праблемамі. Самае небясьпечнае, што студзень прадэманстраваў вялікую залежнасьць беларускай эканомікі ад нафтавага сэктару. Таму зьніжэньне аб’ёмаў нафтаперапрацоўкі выліваецца ў зьніжэньне ВУП.

Гэта адна з прыярытэтных задачаў ураду — даць адказ на пытаньне, як можа далей працаваць гэты сэктар. Мы спрабуем даць доўгатэрміновы адказ — мы спрабуем зьменшыць залежнасьць ад нізкіх цэнаў на расейскую нафту. Гэты адказ станоўчы, ён мне падабаецца. Але трэба зрабіць так, каб гэты стратэгічны адказ не ператварыўся ў істотныя цяжкасьці і выклікі для беларускай эканомікі ўжо сёньня.

— Калі казаць пра корань гэтых нафтавых праблемаў — няўдалыя перамовы з Расеяй, стратэгічная зьмена энэргетычных адносін з Масквой... Пры самым пэсымістычным варыянце — як гэта можа паўплываць на беларускую эканоміку?

— У доўгатэрміновым пляне ня трэба абапірацца на гэтыя сумнеўныя канкурэнтныя перавагі, зьвязаныя зь нізкай цаной на нафту. Гэта нэгатыўна ўплывае на беларускую эканоміку, прывязвае яе да тых сэктараў і галінаў, якія залежаць ад цэнаў на нафту, і не дазваляе нарошчваць эфэктыўнасьць астатніх галінаў.

Калі мы сапраўды сыходзім ад гэтай залежнасьці і прымаем новыя ўмовы гандлю з Расеяй — цалкам зразумела, што гэта нэгатыўна паўплывае на сёньняшні стан эканомікі. І я б ставіў пытаньне па-іншаму — што трэба зрабіць, каб мінімізаваць гэтыя страты ў 2020 годзе. Гэтыя страты могуць выліцца альбо ў запавольваньне росту ВУП, альбо, пры горшым сцэнары, нават у падзеньне ВУП.

— Улада з 1 студзеня пачала пераводзіць бюджэтнікаў на новую сыстэму аплаты. І ў некаторых галінах выйшла, што людзі атрымалі менш і пачалі абурацца. Гэта проста «памылка выканаўцы» — ці ўлада ўжо ня мае выхаду і нават гатовая пайсьці на зьмяншэньне заробкаў бюджэтнікаў?

— Яшчэ тыдзень-два таму я б упэўнена сказаў, што гэта нейкі прыкры выпадак і ніякай сыстэмы тут няма. Бо напрыканцы мінулага году быў досыць выразны сыгнал, што ў 2020 годзе заробкі бюджэтнікаў будуць падвышацца і ў бюджэце на гэта зарэзэрваваныя грошы. Была прызначаная мэта, каб заробкі бюджэтнікаў дасягнулі 80 працэнтаў ад сярэдняга заробку па краіне.

Але за апошнія 2 тыдні зьявілася шмат паведамленьняў, што фактычна заробкі зьменшыліся. Я ўсё ж спадзяюся, што гэта «памылка выканаўцы» і неяк гэта адрэгулюецца. Мне падаецца, што нейкага сыстэмнага сыгналу, што трэба прыстасоўвацца да сытуацыі, зьніжаючы заробкі, — што такога сыгналу пакуль няма.

— Наступае новая рэальнасьць у энэргетычных адносінах з Расеяй, і празь некалькі месяцаў Менск канчаткова ў гэтым пераканаецца. І ў гэтай новай рэальнасьці нейкія зьмены ў эканамічнай палітыцы могуць адбыцца? Я не кажу пра пытаньне «Ці пачне ўлада рэформы?» — мы 5 гадоў яго абмяркоўваем, і рэальнасьць дае адназначны адказ: ня будзе. Але ж нейкія зьмены давядзецца рабіць?

— Як вы трапна сказалі, апошнія гады ўлада даказвала, што інстытуцыйныя рэформы — гэта ня той шлях, якім улада хоча пайсьці. Ім прыйдзецца даваць сыстэмныя адказы, але яны ня будуць у рэчышчы сыстэмных рэформаў.

Адзін з варыянтаў — спроба прыстасаваць сэктар нафтаперапрацоўкі для ўнутранага рынку. Я б назваў гэта «вытворчымі» адказамі — гэта найбольш верагодны варыянт, па якім пойдзе ўлада.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG