Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк растлумачыў, што з курсам рубля: «Гэта сэзоннае»


Расейскі падатковы манэўр тут не ўплывае, пераконвае старшыня праўленьня. Страты ад манэўру, кажа ён, не паўплываюць на валютны рынак.

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Павал Калаўр пракамэнтаваў 12 лютага «істотныя ваганьні» курсу беларускага рубля да замежных валютаў, піша Minsknews.by.

Гэтыя ваганьні выявіліся ў тым, што з канца студзеня рубель патаньнеў адносна даляра да амаль рэкорднага значэньня: цягам студзеня курс Нацбанку за даляр складаў 2,11–2,12 рубля, пасьля за два тыдні дарос да 2,19.

Рэкорд жа — 2,2069 рубля за даляр (гэта было да дэнамінацыі: 11 лютага 2016 году — 22 069 недэнамінаваных рублёў за даляр паводле Нацбанку). І ўлады зьбіраюцца яго пабіць: бюджэт на 2020 год разьлічвалі на 2,2447 рубля за даляр.

Што кажуць у Нацбанку

Павал Калаўр адзначыў, што падатковы манэўр у Расеі «прадугледжаны ў прагнозах па грашова-крэдытнай палітыцы і агулам па макраэканамічнай палітыцы». Гэты манэўр «не акажа якога-небудзь дадатковага ўплыву на плацёжны балянс», — сказаў ён, не згадаўшы іншы «нафтавы» працэс — скарачэньне паставак з Расеі і выхад на «ўсясьветную цану».

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калаўр
Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калаўр

Прадугледжаныя ўладамі «магчымыя мінусы», адзначыў Калаўр, «не нясуць істотнага характару і ва ўмовах плаваючага курсу не акажуць нэгатыўнага ўплыву агулам на валютны рынак».

Адносна цяперашняй сытуацыі з валютным рынкам, кажа Калаўр, «цалкам зразумелая сытуацыя: сэзонны попыт».

«Ён трохі скарэктаваны на пэўную тактыку паводзінаў нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў падчас перамоўнага працэсу, — дадаў кіраўнік Нацбанку пра сэзонны попыт. — Вы ведаеце, большы попыт быў на валюту ў сьнежні, калі фармаваліся запасы. Ёсьць і іншыя тактычныя дзеяньні ўдзельнікаў рынку».

Сёлета, перадае БелаПАН заяву Калаўра, валятыльнасьць на валютным рынку (то бок ваганьні курсу) будзе большай, чым у ранейшыя гады. Сытуацыя будзе залежаць ад:

  • рызыкаў, зьвязаных з эпідэміяй каранавірусу;
  • дамоваў па цэнах на нафту;
  • дэвальвацыйных чаканьняў насельніцтва, зьвязаных з цэнамі на нафту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG