Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Гуцэрыева заплянавала паставіць у Беларусь яшчэ 250 тысяч тон нафты ў лютым


Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба», Гомель

Нафтавыя кампаніі групы «Сафмар», падкантрольнай расейскаму бізнэсоўцу Міхаілу Гуцэрыеву, у лютым 2020 году маюць намер паставіць у Беларусь яшчэ 250 тысяч тон нафты, у дадатак да 500 тысяч тон, пастаўленых у студзені, паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на ўласную крыніцу ў галіне.

«Плянуюцца пастаўкі кампаній „Сафмара“ на ўзроўні 250 тысяч тон», — паведаміла крыніца пра пляны на люты, адзначыўшы пры гэтым, што пастаўкі будуць ажыцьцяўляць у адпаведнасьці з заяўкамі заводаў.

Раней «Сафмар» плянаваў паставіць у Беларусь 750 тысяч тон у студзені, аднак ад таго, што Беларусь пачала імпарт сыравіны з Нарвэгіі, плян паменшылі да 500 тысяч тон.

Кіраўнік расейскай «Транснефти» Мікалай Токараў 28 студзеня паведаміў журналістам, што на люты заявак на перапампоўваньне нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы не было.

  • Менск і Масква не дамовіліся аб умовах паставак нафты ў 2020 годзе. Расея з 1 студзеня спыніла пастаўку нафты беларускім нафтаперапрацоўчым заводам. З 4 студзеня пастаўкі былі часткова адноўленыя нафтавымі кампаніямі групы «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева.

Беларускія ўлады паведамілі, што накіравалі прапановы аб імпарце нафты краінам Балтыі, Польшчы, Украіне, Казахстану і Азэрбайджану. Акрамя таго, па словах кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, перамовы аб пастаўках нафты вядуцца таксама з ЗША, Саудаўскай Арабіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі.

  • ​Беларусь у студзені купіла 80 тысяч тонаў у Нарвэгіі. Гэта нафта ўжо пачала паступаць на беларускія НПЗ.
  • 21 студзеня Лукашэнка заявіў, што краіна будзе дамагацца таго, каб імпарт нафты з Расеі складаў 30-40% ад агульнага абʼёму спажываньня.
  • Летась Беларусь імпартавала з Расеі 17,6 мільёна тон нафты, у сярэднім прыкладна па 1,5 мільёна тон штомесяц. Сёлета ў студзені кампаніі групы «Сафмар» абавязаліся паставіць у Беларусь 750 тон нафты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG