Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта не з Расеі: незалежнасьць даражэйшая за грошы


«Дзевяностыя forever» — новы відэацыкль Свабоды. Абвяшчэньне незалежнасьці і інтэграцыя з Масквой, дэмакратызацыя і рэпрэсіі, закон аб мовах і русыфікацыя, гіпэрінфляцыя і ўласныя грошы, візыт амэрыканскага прэзыдэнта і гвалтоўныя зьнікненьні — 1990-я ў Беларусі былі рознымі для розных людзей. Яны даўно мінулі, але іх дасягненьні і іх памылкі ўплываюць на сёньняшняе жыцьцё.

У 1993 годзе экспэрты зь Беларусі, Латвіі, Літвы і Ўкраіны прапанавалі стварыць сыстэму, якая дазваляла істотна зьменшыць энэргетычную залежнасьць ад Расеі — пабудаваць Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар. Гэта была частка канцэпцыі стварэньня Балта-Чарнаморкскай Садружнасьці. Адмысоловая канфэрэнцыя была арганізаваныя ў Менску Беларускім Народным Фронтам у ліпені 93-га. Аднак ідэя не знайшла падтрымкі ў кіраўніцтва Беларусі

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Сьцісла:

Дракахруст: Ідэя Балта-Чарнаморскай Садружнасьці наўрад ці была рэальнай, бо беларуская ўлада вельмі кепска ставілася да якіх заўгодна альтэрнатываў Маскве.

Што датычна калектару і коштаў расейскай нафты, дык нават незалежныя эканамісты сёньня кажуць, што расейская нафта — таньней. Польскі эканамічны экспэрт кажа, што ў польскім імпарце нафты доля расейскай 70 %. І гэта Польшча, краіна Эўразьвязу, краіна зь некалькімі партамі. Але ідэя была добрая, нават калі б Беларусь заставалася арыентаванай на Расею. Калі б былі падрыхтаваныя шляхі альтэрнатыўныя, сёньня ня варта было б лямантаваць: «Дзе ж набыць нафту?».

Навумчык: Самым слабым зьвяном у ланцугу Ўкраіна — Беларусь — краіны Балтыі была якраз Беларусь, а больш дакладна, пазыцыя кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча, на якога націснулі з Масквы.

Сутнасьць праекту была ня ў тым, каб паставіць танную нафту, а каб пазбавіць Беларусь ад нафтавай залежнасьці ад Расеі. Польшча можа дазволіць сабе браць 70% ад Расеі, бо ў іх ёсьць порты. У любы момант, калі ў Варшавы ўзьнікне напружанасьць з Масквой праз нафту, яны могуць імгненна пераключыцца на поўную пастаўку нафты зь іншых краінаў. У Беларусі партоў няма, а альтэрнатыўныя шляхі паставак на выпадак, які маецца сёньня, не адпрацаваныя. І таму энэргетычная залежнасьць ад Расеі застаецца нявырашанай пакуль што праблемай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG