Літва прапануе дастаўляць у Беларусь і нафту, і газ

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, 2017 год

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус у пачатку лютага мае прыехаць у Менск з афіцыйным візытам, у часе якога зьбіраецца прапанаваць Беларусі альтэрнатыўны шлях імпарту нафты і газу, піша «Інтэрфакс».

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь дывэрсыфікавала крыніцы паставак энэрганосьбітаў, і адзін з такіх прыкладаў — выкарыстаньне Клайпедскага порту і Літоўскай чыгункі, — заявіў Лінкявічус агунцтву BNS 21 студзеня. — Калі будзе цікавасьць, то можна будзе таксама разглядзець і пытаньні паставак газу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што з транзытам расейскай нафты празь Беларусь. Разьбіраемся

Між Расеяй і Беларусьсю ідуць ня толькі нафтавыя, але і газавыя спрэчкі. Аляксандар Лукашэнка казаў 9 студзеня, што расейскі «Газпром» сёньня «на Беларусі зарабляе ў тры разы больш, чым на Нямеччыне», і што «гэта ненармальна».

Гэтая заява прагучала на наступны дзень пасьля таго, як Беларусь дамовілася пра імпарт нарвэскай нафты. Беларуская нафтавая кампанія купіла партыю нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня.

Паводле крыніцы Reuters у порце, пастаўка нафты з Клайпеды ў напрамку Наваполацкага НПЗ абыдзецца Беларусі істотна даражэй за імпарт па нафтаправодах — перавалка і транспарціроўка да заводу па чыгунцы будуць каштаваць больш чым $20 за тону.

Як піша Delfi, ужо на бягучым тыдні ў Клайпеду мае прыбыць танкер Breiviken, які даставіць сыравінную нафту — адтуль нафту маюць даставіць у Беларусь цягнікі Літоўскай чыгункі. Іншых запытаў зь Беларусі на імпарт нафты ў Klaipedos nafta пакуль ня маюць, але адзначаюць: тэарэтычна праз тэрмінал могуць перавальваць (перагружаць з караблёў на іншы транспарт) да 3 млн тонаў нафты на год.