Дзясяткі позваў, затрыманьні, штрафы, суткі. Міліцыя рыхтуецца да акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй

Мабільныя загарадкі ў цокалі Палаца рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы

Перад акцыяй апазыцыі за незалежнасьць, заплянаванай на 20 сьнежня ў цэнтры Менску, міліцыя затрымала некалькі актывістаў, дзясяткі чалавек атрымалі папярэджаньні.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», больш за 40 чалавек выклікалі ў міліцыю для складаньня пратаколаў за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, якія прайшлі ў Менску 7 і 8 сьнежня, і прафіляктычных гутарак.

Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі. Многіх папярэджваюць пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, адзначаюць праваабаронцы. Па тэлефоне папярэдзілі і старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага.

Паводле інфармацыі spring96.org, сярод тых, каго выклікалі ў міліцыю,

  • Юрась Губарэвіч
  • Ільля Дабратвор
  • Арсень Дзядок
  • Антон Жылко
  • Вольга Кавалькова
  • Віктар Кавалькоў (айцец Вікенцій)
  • Дзьмітры Казакевіч
  • Мікалай Казлоў
  • Дзьмітры Казлоў (блогер Шэры Кот)
  • Дзяніс Красачка
  • Андрэй Кудзік
  • Віктар Кулак (на прафіляктычную гутарку)
  • Леанід Кулакоў
  • Дзьмітры Кучук
  • Галіна Лагацкая
  • Натальля Ладуцька
  • Аляксей Марачкін
  • Пётра Маркелаў
  • Дзіна Мархаток
  • Зьміцер Марчук
  • Мая Навумава
  • Уладзімер Неўмяржыцкі
  • Уладзімер Някляеў
  • Аляксей Прохараў
  • Пётра Рабушка
  • Віктар Савіч
  • Пётра Садоўскі
  • Павал Севярынец
  • Валянцін Стэфановіч
  • Віталь Трыгубаў
  • Іван Цуранкоў
  • Андрэй Шарэнда
  • Дзяніс Юркевіч
  • Алена Янушкоўская
  • трое непаўналетніх

20 сьнежня ў Горадні затрымалі таксама старшыню горадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, калі ён адводзіў дзяцей у садок. Пад час відэатрансляцыі ў «Фэйсбуку» затрымалі сябра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Сяргея Верамеенку.

15 сьнежня супраць актывісткі руху «За Свабоду» журналісткі Вольгі Быкоўскай, якую выклікалі ў Ленінскі РУУС Менску, склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

16 сьнежня аналягічны пратакол быў складзены ў дачыненьні да Ільлі Дабратвора, які 7 сьнежня здымаў фотарэпартаж для электроннага выданьня. Ён не пагадзіўся з пратаколам, пра што і зрабіў адзнаку ў дакумэнце.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель атрымаў 15 сутак арышту «за акцыю ў абарону незалежнасьці». Пра гэта напісаў актывіст Павал Юхневіч на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Раней Павал Севярынец паведаміў БелаПАН, што ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна знаходзяцца каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі і лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Дзяніс Урбановіч. Паводле Севярынца, пра арышт Вінярскага на 15 сутак стала вядома пасьля таго, як сваякі перадалі яму перадачу.

Паводле Паўла Севярынца, станам на 14 гадзін 20 сьнежня агулам затрыманыя 7 актывістаў.

Суд Савецкага раёну Менску 18 сьнежня пакараў Севярынца арыштам на 15 сутак за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Пасьля суду палітыка адвезьлі ў Савецкі РУУС.

«Там мяне завялі ў склеп, дзе таварыш палкоўнік прачытаў мне лекцыю пра тое, што 7 і 8 сьнежня дэманстранты парушалі закон, — расказаў Севярынец. — Заклікаў не парушаць закон 20-га, таму што будуць елкі, будуць дзеці. Пасьля гэтага мне сказалі, маўляў, ідзіце дадому. Я спытаў, а што з 15 суткамі. Адказалі: „Нічога не ведаем“. Вывелі на ганак і адпусьцілі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзям патрэбен пазытыў». Чаму беларусы ня ходзяць на акцыі апазыцыі

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»