Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На журналістку Вольгу Быкоўскую склалі пратакол за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй


Ва Ўправу ўнутраных спраў Ленінскага раёну Менску ў нядзелю, 15 сьнежня, была выклікана журналістка Вольга Быкоўская. На яе быў складзены пратакол за ўдзел у акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая прайшла ў Менску 7 сьнежня. Пра гэта інфармуе БелаПАН.

Вольгу Быкоўскую абвінавачваюць у правапарушэньні на падставе арт. 23.34 КоАП за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

«Паказалі маю фатаграфію буйным плянам. Сапраўды, я знаходзілася ў той дзень каля паштамта ў жывым ланцугу і была ўдзельніцай акцыі», — сказала Быкоўская, якая зьяўляецца членам рады руху «За Свабоду».

У той жа час, паводле яе слоў, права на свабоду выказваньня меркаваньня гарантаванае Канстытуцыяй, асабліва калі гаворка ідзе пра захаваньне незалежнасьці краіны.

Калі адбудзецца суд, Быкоўскай у міліцыі не паведамілі.

Выклікаць у міліцыю ўдзельнікаў акцый пратэсту, якія прайшлі ў Менску 7 сьнежня, пачалі 13 сьнежня. Пратэст быў прымеркаваны да чаканага на наступны дзень падпісаньня дакумэнтаў аб паглыбленай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

Пратаколы ўжо складзеныя на:

  • Сустаршыню БХД Вольгу Кавалькову;
  • Блогера Зьмітра Казлова (Шэры Кот);
  • Андрэя Кудзіка;
  • Леаніда Кулакова.

  • З 11.30 да 11.45 уздоўж праспэкта Незалежнасьці, на ўчастку ад будынка цырку да паштамту, сотні людзей сталі ў жывы ланцуг, трымаючыся за рукі. Акцыя была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй «Сьвежы вецер».
  • Пасьля поўдня на Кастрычніцкай плошчы пачаўся несанкцыянаваны мітынг, які ініцыяваў Павел Севярынец. Міліцыя папярэджвала ўдзельнікаў у мэгафоны аб незаконнасьці акцыі. Агульная колькасьць пратэстоўцаў склала прыблізна тысячу.
  • 8 сьнежня ў сталіцы адбылася яшчэ адна пратэстная акцыя.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG