На наступным тыдні варта чакаць новых санкцыяў ЗША супраць рэжыму ў Беларусі. Пра гэта заявіла падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC намесьніца дзяржсакратара ЗША ў палітычных пытаньнях Вікторыя Нуланд.
Нуланд нагадала, што падчас саміту ў Жэнэве 16 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ясна выказаўся пра разыходжаньні паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй у пытаньні Беларусі, і расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін з гэтым не спрачаўся.
Міжнародная канфэрэнцыя ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC праходзіць у сталіцы Славаччыны Браціславе. Нуланд выступала празь відэасувязь з ЗША.
«Прэзыдэнт Байдэн вельмі ясна сказаў, што тое, што адбылося з прымусовай пасадкай самалёта, выцягваньнем адтуль дысыдэнта і пазьнейшым выстаўленьнем яго напаказ зь відавочнымі сінякамі было проста беззаконным. І мы лічым, што адзіны спосаб паважаць правы і выбар беларускага народу — гэта правесьці сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары, а спадар Лукашэнка відавочна баіцца гэта зрабіць», — заявіла Вікторыя Нуланд.
3 чэрвеня зноў уступілі ў дзеяньне санкцыі ЗША супраць 9 прадпрыемстваў і фірмаў беларускай нафтахімічнай прамысловасьці.
Хто трапіў пад цяперашнія санкцыі ЗША
- «Белнафтахім»
- «Белнафтахім ЗША»
- «Нафтан»
- «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
- «Белшына»
- «Гродна Азот»
- «Гроднахімвалакно»
- ААТ «Лякафарба»
- ААТ «Полацак-Шкловалакно»
16 чэрвеня амбасадары краінаў Эўразьвязу ўхвалілі рашэньне замарозіць актывы і забараніць уезд у краіны Зьвязу для 78 беларускіх грамадзянаў. Таксама будуць замарожаныя актывы 7 беларускіх юрыдычных асобаў. Санкцыі ўведзеныя з прычыны працягу палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама ў адказ на прымусовую пасадку самалёта кампаніі Ryanair у Менску.
Яшчэ адна юрыдычная асоба будзе ўключаная ў санкцыйны сьпіс цягам гэтага тыдня.
Міністры замежных справаў краінаў ЭЗ канчаткова ўхваляць рашэньне аб чацьвёртым пакеце санкцыяў падчас сустрэчы ў панядзелак, 21 чэрвеня, у Люксэмбургу. Імёны асобаў і назвы арганізацыяў, на якіх распаўсюдзяцца новыя санкцыі, будуць у той жа дзень апублікаваныя ў афіцыйным часопісе ЭЗ.
Паводле інфармацыі нашага карэспандэнта, таксама 21 чэрвеня міністры замежных справаў ЭЗ, напэўна, прымуць папярэдняе рашэньне аб сэктаральных санкцыях (якія, хутчэй за ўсё, закрануць вытворчасьць калійных угнаеньняў, нафтавую галіну і банкаўскую сфэру). Гэтыя сэктаральныя санкцыі будуць зацьверджаныя пазьней, магчыма, падчас саміту Эўразьвязу ў Брусэлі 24-25 чэрвеня.
У кастрычніку, лістападзе і сьнежні Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе ЭЗ цяпер 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швэд і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў:
- ЗАТ «Белтэхэкспарт»
- «Дана Холдынгз/Дана Астра»
- Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі
- ТАА «Сінэзіс»
- ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод»
- ААТ «140-ы рамонтны завод»
- ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».