Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі. Што сказалі на слуханьнях па Беларусі ў камітэце міжнародных адносінаў Сэнату.

абноўлена

Сэнатар Робэрт Мэнэндэс, старшыня камітэту міжнародных адносінаў Сэнату ЗША
Сэнатар Робэрт Мэнэндэс, старшыня камітэту міжнародных адносінаў Сэнату ЗША

У камітэце міжнародных адносінаў Сэнату ЗША адбыліся слуханьні, прысьвечаныя палітыцы Злучаных Штатаў адносна Беларусі. «Лукашэнка ператварыў маю краіну ў Паўночную Карэю Эўропы», — сказала на слуханьнях Сьвятлана Ціханоўская.

У слуханьнях узялі ўдзел лідэрка беларускага дэмакратычнага руху Сьвятлана Ціханоўская, амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр і прэзыдэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай.

Магчымыя санкцыі супраць нафтаперапрацоўчай галіны і экспарту калійных угнаеньняў

Старшыня камітэту, сэнатар Робэрт Мэнэндэс у сваёй прамове падкрэсьліў, што рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі надалей узмацняюцца. Ён расказаў пра спробу самагубства ў судзе Сьцяпана Латыпава і пра арышт Рамана Пратасевіча пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Беларусі.

Сэнатар Мэнэндэс падкрэсьліў, што крокі супраць рэжыму Лукашэнкі павінны паслужыць прыкладам для іншых аўтарытарных рэжымаў. Ён заклікаў узмацніць санкцыі як з боку ЗША, гэтак і з боку Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку пашырыўшы іх на нафтаперапрацоўчую галіну і экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі.

І сэнатар Мэнэндэс, і наступны выступоўца, сэнатар Джэймс Рыш, падкрэсьлілі тую падтрымку, якую аказвае рэжыму ў Беларусі кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін.

Сэнатар Джэймс Рыш
Сэнатар Джэймс Рыш

Адміністрацыя ЗША рыхтуе новыя санкцыі, якія маюць прыняць указам прэзыдэнта

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр нагадала, што ў беларускіх турмах цяпер знаходзяцца больш за 470 прызнаных палітычных вязьняў.

«Беларусь пад Лукашэнкам ніколі напоўніцу не рэалізуе свой патэнцыял», — сказала амбасадарка Фішэр. Паводле яе, пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, будзе захоўвацца небясьпека паглынаньня Беларусі Расеяй.

Адказваючы на пытаньні сэнатара Мэнэндэса, амбасадарка Фішэр патлумачыла, што адміністрацыя ЗША цяпер штодня працуе над новымі санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі, якія хутка маюць быць прынятыя ўказам прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Яна таксама сказала, што ў сьпісе санкцыяў разглядаюцца і крокі супраць нафтаперапрацоўчай галіны і экспарту калійных угнаеньняў зь Беларусі.

Паводле спадарыні Фішэр, адмова ад дыялёгу ўжо каштуе рэжыму Лукашэнкі вельмі шмат, нават пакуль новыя санкцыі яшчэ не прынятыя.

«Пазбавіць рэжым рэсурсаў»

Сэнатар Роб Портман спытаўся ў амбасадаркі Фішэр, наколькі эфэктыўнымі могуць быць так званыя сэктаральныя санкцыі, скіраваныя супраць цэлых галінаў беларускай эканомікі. Як адзначыла Джулі Фішэр, каля 70 працэнтаў эканомікі Беларусі кантралюецца дзяржавай, і сэктаральныя санкцыі могуць пазбавіць рэжым рэсурсаў для гвалту супраць народу.

Амбасадарка Фішэр таксама сказала, што яе мэтай па-ранейшаму застаецца магчымасьць працы ў Менску, хоць яна дагэтуль не атрымала беларускай візы.

Джулі Фішэр падчас слуханьняў 9 чэрвеня
Джулі Фішэр падчас слуханьняў 9 чэрвеня

Прэзыдэнт РСЭ/РС перадаў словы Дар'і Лосік

Прэзыдэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай у сваёй прамове расказаў пра перасьлед журналістаў у Беларусі і Расеі, а таксама ў акупаваным Расеяй Крыме.

У прыватнасьці, ён нагадаў, што кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ужо амаль год знаходзіцца ў зьняволеньні ў Беларусі. Джэймі Флай перадаў словы жонкі Ігара Лосіка Дар'і, што лёс Ігара залежыць ад дзеяньняў міжнароднай супольнасьці.

Джэймі Флай заявіў пра патрэбу дадатковай падтрымкі, у тым ліку фінансавай, для працы Радыё Свабода ў Беларусі, Расеі ды іншых праблемных рэгіёнах, дзе журналісты і незалежныя мэдыя знаходзяцца пад няспынным ціскам недэмакратычных рэжымаў.

Ціханоўская заклікала да санкцый супраць «Беларуськалію» і Мазырскага НПЗ

Прадстаўляючы Сьвятлану Ціханоўскую, сэнатар Мэнэндэс двойчы падкрэсьліў, што яна перамагла на прэзыдэнцкіх выбарах мінулага году ў Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская сказала, што рэжым Лукашэнкі ўжо зрабіўся пагрозай ня толькі для Беларусі, але і па-за межамі краіны. Паводле Ціханоўскай, тое, што рэакцыя міжнароднай супольнасьці на дзеяньні рэжыму ў Беларусі была ў значнай ступені спарадычнай і сымбалічнай, стварала ў рэжыму Лукашэнкі адчуваньне беспакаранасьці. Гэта прывяло да інцыдэнту з самалётам Ryanair.

«Лукашэнка ператварыў маю краіну ў Паўночную Карэю Эўропы», — сказала яна.

Ціханоўская заклікала да санкцый супраць «Беларуськалію» і Мазырскага НПЗ і супраць замежных крыніцаў фінансаваньня рэжыму Лукашэнкі. Яна таксама заклікала правесьці міжнародную канфэрэнцыю для разьвязаньня крызісу ў Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская патлумачыла, што ранейшы досьвед паказвае: санкцыі могуць дапамагчы ў вызваленьні палітычных вязьняў.

Адказваючы на пытаньні сэнатараў, Ціханоўская падкрэсьліла, што беларускія дэмакратычныя сілы хацелі б, каб Беларусь мела добрыя адносіны з усімі краінамі, у тым ліку з Расеяй. Бо мэта беларускага пратэсту — не геапалітычная пераарыентацыя, а свабодныя і справядлівыя выбары.

1 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская сустракалася ў Вільні з амэрыканскімі сэнатарамі Джын Шагін, Крысам Мэрфі і Робам Портманам. Яны запрасілі яе ўзяць удзел у слуханьнях у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату.

Падчас сустрэчы Ціханоўская падзякавала сэнатарам за прыняцьце «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Яна абмеркавала з сэнатарамі атакі на Hrodna.life, Tut.by, «Белсат» і ўсіх незалежных журналістаў. Ціханоўская прапанавала падтрымаць беларускую службу Радыё Свабода і стварыць беларускую рэдакцыю «Голасу Амэрыкі».

Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША маюць агульную пазыцыю па Беларусі

Сэнатар Джын Шагін тады падкрэсьліла, што ў пытаньні Беларусі Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША маюць агульную пазыцыю і будуць падтрымліваць беларусаў.

Роб Портман адзначыў, што час заяваў мінуў і надышоў час рашучых дзеяньняў, таму ЗША гатовыя да сэктаральных санкцый, каб спыніць беззаконьне і самавольства рэжыму. Ціханоўская сказала, што «цяпер Лукашэнка — пагроза ня толькі беларускай, але і міжнароднай бясьпецы», і заклікала даць выразны сыгнал Расеі, што «любыя дамовы, падпісаныя зь нелегітымным рэжымам, будуць перагледжаныя або адмененыя».

Ці запросяць Ціханоўскую на саміт «Вялікай сямёркі»

На сустрэчы таксама абмяркоўваўся магчымы ўдзел Ціханоўскай у саміце «Вялікай сямёркі». Ціханоўская адзначыла важнасьць сустрэчы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным і прапанавала падрыхтаваць пазыцыю ад беларускіх дэмакратычных сілаў да гэтай сустрэчы.

Сустрэча Байдэна і Пуціна адбудзецца пасьля саміту «Вялікай сямёркі» (11–13 чэрвеня, Карбіс-Бэй, паўвостраў Корнуал, Вялікая Брытанія), куды гатовая прыехаць і расказаць пра сытуацыю Ціханоўская. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падтрымаў яе ініцыятыву.

Прэс-сакратар Белага дому Джэн Сакі на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня паведаміла, што на сустрэчы з Пуціным у Жэнэве прэзыдэнт ЗША мае намер узьняць пытаньне аб Беларусі і выказаць сур’ёзную заклапочанасьць амэрыканскага боку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG