Дата пачатку суду па справе кансультанта Радыё Свабода па-ранейшаму застаецца невядомай.
Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году — 341 дзень. Палітвязень ужо азнаёміўся з матэрыяламі абвінавачваньня, яго перавялі ў СІЗА Гомеля, дзе неўзабаве павінен пачацца судовы працэс. Апошнія навіны ад Ігара Свабодзе расказала яго жонка Дар’я, якая ў аўторак 1 чэрвеня адвезла мужу перадачу.
«Пакуль у Ігара нічога новага, — кажа Дар’я Лосік. — Адзінае, ён абураецца моцна, бо яго кожны раз даглядаюць перад тым, як адвесьці на сустрэчу з адвакатам. Распранаюць цалкам. Тое самае было і перад спатканьнем са мной. Распранаюць кожны раз, правяраюць запісы ў нататніку. Ігар таксама шмат заяваў пісаў, прасіў прадставіць яму тэлевізар у камэру. Але тэлевізара так і няма. Усе яго газэты засталіся ў Жодзіне на складзе. Яму сказалі, што там знаходзіцца інфармацыя, якую яму нельга ведаць. Але там жа толькі газэты зь іх каталёгу, што тады можна ведаць?»
Па словах Дар’і Лосік, ні дата пачатку працэсу, ні тое, дзе ён будзе праходзіць і ў якой форме, невядомыя. «Нам ужо хацелася б ведаць самім, арганізоўвацца паступова, — гаворыць Дар’я Лосік. — Я пляную знаходзіцца ў Гомелі, пакуль будзе ісьці суд. Але нам нічога ніхто не гаворыць, ніводнага слова. Лісты ў Гомель, праўда, ідуць даволі нядрэнна. Ігар прасіў усіх пісаць яму, ён будзе адказваць кожнаму. Калі ў Жодзіне лісты прыходзілася чакаць па 2-3 тыдні, то ў Гомелі гэта 1-2 дні. Я з Гомелю ад Ігара ўжо атрымала таксама ліст».
Напісаць Ігару можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, Гомель, вуліца Кніжная, 1А.
Акрамя Лосіка, на працэсе па яго справе сярод абвінавачаных будуць Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і іншыя палітвязьні.