Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве закончыліся перамовы Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна. Байдэн закрануў тэму Беларусі


Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн
Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн

У Жэнэве адбылася сустрэча прэзыдэнтаў ЗША — Джо Байдэна і Расеі — Уладзіміра Пуціна. Кіраўнікі дзяржаў упершыню правялі перамовы адзін з адным у гэтым статусе. Мерапрыемства прайшло пры найгоршых адносінах Масквы і Вашынгтона з часоў заканчэньня халоднай вайны.

Сустрэча прайшла на гістарычнай віле Ля Гранж, якая знаходзіцца ва ўласнасьці гораду.

Першы раўнд перамоваў, які адбыўся за зачыненымі дзьвярыма, цягнуўся амаль 2 гадзіны замест заплянаваных пратаколам 1 гадзіны 15 хвілінаў.

Пасьля гэтага Пуцін і Байдэн правялі перамовы ў пашыраным складзе.

Усяго перамовы працягваліся менш, чым было заплянавана праграмай, — менш за 4 гадзіны.

Выходзячы пасьля перамоваў зь вілы Ля Гранж, Байдэн жэстам адрэагаваў на пытаньне журналістаў — падняў угору вялікі палец.

Саміт завяршыўся прэс-канфэрэнцыямі Пуціна і Байдэна, якія пагутарылі з прэсай асобна.

Першым прэс-канфэрэнцыю даў прэзыдэнт Расеі. Ён сказаў, што сустрэча была канструктыўная і прайшла без варожасьці.

  • Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб вяртаньні ў найбліжэйшым часе амбасадара ЗША ў Маскву і расейскага амбасадара ў Вашынгтон.
  • Пуцін сказаў, што абмяркоўвалася пытаньне пра Ўкраіну, але тэму яе магчымага ўступленьня ў NATO абмеркавалі толькі «мазком». Паводле Пуціна, абодва бакі выступілі за рэалізацыю Менскіх пагадненьняў.
  • Паводле Пуціна, бакі дамовіліся аб пачатку кансультацый наконт кібэратакаў і кібэрбясьпекі.
  • На пытаньне CNN пра Аляксея Навальнага Пуцін адказаў, што Навальны сам, верагодна, хацеў, каб яго арыштавалі. Ён зноў абвінаваціў апазыцыянэра ў парушэньні закону. Пуцін пацьвердзіў, што тэма Навальнага на сустрэчы абмяркоўвалася з ініцыятывы Байдэна, падрабязнасьцяў ён не прывёў. Імя Навальнага ён, паводле традыцыі, не назваў.
  • Уладзімір Пуцін таксама, кажучы пра Навальнага, фактычна абвінаваціў ЗША ў падтрымцы палітычнай апазыцыі ў Расеі.
  • Карэспандэнтка ABC спыталася пра забарону ў Расеі арганізацый Аляксея Навальнага, выказаўшы здагадку, што Пуцін іх баіцца. Расейскі прэзыдэнт у адказ абвінаваціў прыхільнікаў Навальнага ў тым, што яны рыхтавалі беспарадкі, публікавалі рэцэпты кактэйляў Молатава, таму іх арганізацыі прызналі экстрэмісцкімі.
  • Пуцін сказаў, што прэзыдэнт ЗША на сустрэчы ўзьняў пытаньне аб рабоце Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў Расеі. Паводле расейскага прэзыдэнта, мэдыяарганізацыя ня цалкам выконвае закон аб «замежных агентах» (РСЭ / РС лічыць патрабаваньні расейскіх уладаў неправамернымі). Паводле Пуціна, пытаньне будзе абмяркоўвацца на ўзроўні МЗС.
  • Гаворачы пра азначэньне яго як «забойцы», зь якім пагадзіўся раней Байдэн, Пуцін пачаў крытыкаваць ЗША за гібель мірных жыхароў у Іраку і турму на вайсковай базе Гуантанама.
  • Паводле Пуціна, абмяркоўвалася таксама тэма Арктыкі.
  • На пытаньне пра магчымы абмен вязьнямі Пуцін адказаў, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца.

Затым прэс-канфэрэнцыю даў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Паводле яго, яму неабходна было асабіста данесьці да Ўладзіміра Пуціна, чаму ЗША робяць тыя ці іншыя крокі. Як сказаў Байдэн, ён заявіў Пуціну, што амэрыканская палітыка не накіраваная супраць Расеі, аднак як прэзыдэнт ЗША ён ня можа ня ставіць пытаньняў аб парушэньнях правоў чалавека.

  • Адной з тэмаў на саміце ў Жэневе была сытуацыя ў Беларусі. «Я падзяліўся нашай заклапочанасьцю наконт Беларусі. Ён (Пуцін. — РС) ня стаў не згаджацца з тым, што здарылася, у яго проста іншы погляд на тое, што з гэтым рабіць», - сказаў Байдэн. Пуцін пра тэму Беларусі на сваёй прэс-канфэрэнцыі не згадаў.
  • Байдэн пацьвердзіў, што гаварыў пра Аляксея Навальнага, пра амэрыканскіх грамадзянаў у расейскіх турмах, а таксама пра работу Радыё Свабода ў Расеі.
  • Паводле Байдэна, ЗША і Расеі неабходна дамовіцца аб правілах гульні па стратэгічных пытаньнях, у тым ліку аб стратэгічнай стабільнасьці і кантролі над узбраеньнямі.
  • Сярод іншых тэмаў, якія абмяркоўваліся на саміце, Байдэн назваў кібэрбясьпеку, Іран і Сырыю, Афганістан, а таксама Арктыку.
  • Байдэн заявіў, што паведаміў Пуціну аб падтрымцы Злучанымі Штатамі тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны.
  • Паводле Байдэна, сустрэча прайшла ў пазытыўнай атмасфэры, нягледзячы на рознагалосьсі. «Паглядзім, што будзе далей», — сказаў прэзыдэнт ЗША, заявіўшы, што пра вынікі сустрэчы — у прыватнасьці, пра посьпехі дыялёгу аб стратэгічнай стабільнасьці або кібэрбясьпецы — можна будзе меркаваць праз паўгода.
  • Паводле Байдэна, у яго склалася ўражаньне, што Пуцін ня хоча новай Халоднай вайны.
  • Параўнаньне расейскай апазыцыі зь людзьмі, якія ўварваліся 6 студзеня 2021 году ў Капітолій, Байдэн назваў сьмешным.

У сустрэчы ў шырокім складзе з амэрыканскага боку, паводле зьвестак тэлеканалу CNN, удзельнічалі дзяржсакратар Энтані Блінкен, памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван, дырэктар у пытаньнях Расеі і Цэнтральнай Азіі Рады нацыянальнай бясьпекі пры Белым доме Эрык Грын, а таксама намесьнік кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ў палітычных справах Вікторыя Нуланд.

У склад расейскай дэлегацыі, паводле зьвестак ТАСС, уваходзілі Сяргей Лаўроў і яго намесьнік Сяргей Рабкоў, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Крамля і прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў, памочнік Пуціна Юры Ўшакоў ды начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл РФ і першы намесьнік міністра абароны, генэрал арміі Валеры Герасімаў.

Акрамя таго, для абмеркаваньня асобных рэгіянальных пытаньняў — адносна Ўкраіны і Сырыі адпаведна — на саміт былі запрошаныя намесьнік кіраўніка адміністрацыі Пуціна Дзьмітры Козак і спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў справе сырыйскага ўрэгуляваньня Аляксандар Лаўрэнцьеў.

На саміце таксама прысутнічалі амбасадары абедзьвюх краін — Анатоль Антонаў і Джон Саліван.

Падпісаньня якіх-небудзь дакумэнтаў па выніках саміту не анансавалася.

Перад сустрэчай бакі паведамлялі пра несупадзеньне парадку дня перамоваў. Расейскі бок даваў зразумець, што разьлічвае абмежавацца перамовамі аб глябальнай бясьпецы, абмежаваньні ўзбраеньняў і геапалітыцы.

Амэрыканскі, як мяркуецца, можа абмяркоўваць канкрэтныя прэтэнзіі да Расеі — кібэратакі, апэрацыі спэцслужбаў за мяжой, перасьлед апазыцыі і свабоднай прэсы, сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны і ў Беларусі.

Перад пачаткам сустрэчы Пуцін падзякаваў Байдэну за яго «ініцыятыву» сустрэчы і сказаў, што спадзяецца, што яна будзе плённай. Байдэн таксама падзякаваў Пуціну і сказаў, што разьлічвае на сустрэчы зразумець, у якіх сфэрах РФ і ЗША могуць знайсьці спосабы супрацоўнічаць, а ў якіх не.

Амэрыканскія дарадцы перад сустрэчай асобна падкрэсьлівалі, што Байдэн ня будзе праводзіць сустрэчу з Пуціным сам-насам і не пад запіс, каб не апынуцца ў той жа сытуацыі, у якой былы прэзыдэнт Дональд Трамп апынуўся пасьля сустрэчы з Пуціным у Хэльсынкі.

Байдэн сустракаецца з Пуціным у рамках эўрапейскага турнэ, адразу пасьля ўдзелу ў саміце краін NATO і сустрэчы кіраўнікоў G7. На сустрэчу «сямёркі» Расею з 2014 году не запрашаюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG