Магчымыя жорсткія санкцыі Захаду супраць Беларусі ў сувязі з прымусовай пасадкай рэйсу Ryanair могуць узмацніць яе эканамічную ўразьлівасьць і прывесьці да яшчэ большай залежнасьці ад Расеі, заявіла агенцтва S & P Global Ratings. Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».
Беларусь выклікала абурэньне Захаду, калі вымусіла рэйс Ryanair з Атэнаў у Вільню 23 траўня зрабіць пасадку для арышту дысыдэнта-журналіста і яго сяброўкі.
Урады Эўразьвязу, якія ахарактарызавалі інцыдэнт як акт дзяржаўнага пірацтва, заявілі, што яны разглядаюць магчымасьць увядзеньня санкцый супраць сэктараў, якія адыгрываюць цэнтральную ролю ў эканоміцы Беларусі, каб рэальна пакараць Аляксандра Лукашэнку.
«Патэнцыйныя новыя санкцыі супраць Беларусі з боку ЭЗ могуць прывесьці да нэгатыўных наступстваў для і без таго хісткай эканомікі, плацежнага балянсу і фінансавай стабільнасьці», — заявіла S & P.
«Больш шырокія санкцыі запатрабуюць скаардынаванай пазыцыі Эўразьвязу, і няма ўпэўненасьці, што яны матэрыялізуюцца. Калі гэта прывядзе да далейшай ізаляцыі Беларусі, то яе эканамічная будучыня будзе яшчэ больш залежаць ад гатоўнасьці Расеі аказаць падтрымку», — папярэдзіла S & P.
У сераду Расея выдзеліла Беларусі другі транш памерам 500 мільёнаў даляраў пасьля перамоваў лідэраў дзьвюх краін.