Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан у сераду падтрымалі жорсткі адказ уладам Беларусі за дзеяньні, якія прывялі да арышту апазыцыйнага журналіста, інфармуе «Голас Амэрыкі».
Выступаючы на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Лёндане, якая прайшла ў рэзыдэнцыі прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі, Столтэнбэрг заявіў, што пасадка цывільнага самалёта і арышт журналіста, які знаходзіўся на борце лайнэра, ажыцьцёўленыя ўладамі Беларусі ў мінулым месяцы, зьяўляюцца парушэньнем міжнародных нормаў і правілаў. Ён заклікаў да неадкладнага вызваленьня Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Соф’і Сапегі.
Столтэнбэрг сказаў, што ён вітае санкцыі, уведзеныя супраць Менску Вялікай Брытаніяй, Эўрапейскім Зьвязам і іншымі саюзьнікамі NATO. Джонсан дадаў, што цяпер важна пераканацца ў поўным выкананьні гэтых санкцый, і, магчыма, узмацніць іх. Брытанскі прэм’ер назваў гэты інцыдэнт «жахлівым і абуральным», падкрэсьліўшы важнасьць сумесных дзеяньняў саюзьнікаў супраць беларускіх уладаў.
30 дзяржаў – чальцоў NATO апублікавалі ў сераду кароткую заяву з асуджэньнем дзеяньняў афіцыйнага Менску, аднак не ўключылі ў канчатковы тэкст рэзалюцыі згадку пра санкцыі, да чаго заклікалі, у прыватнасьці, балтыйскія дзяржавы і Польшча.
Столтэнбэрг сказаў, што гэтае пытаньне абавязкова будзе абмяркоўвацца на саміце NATO, які пройдзе 14 чэрвеня ў Брусэлі.