Краіны G7 асудзілі «беспрэцэдэнтныя дзеяньні беларускіх уладаў» і папярэдзілі, што будуць нарошчваць санкцыі

Міністры Вялікай сямёркі на сустрэчы 4 траўня 2021, архіўнае фота.
Міністры Вялікай сямёркі на сустрэчы 4 траўня 2021, архіўнае фота.

Міністры замежных спраў Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікай Брытаніі і ЗША, а таксама прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу прынялі супольную заяву.

«Мы самым рашучым чынам асуджаем беспрэцэдэнтныя дзеяньні беларускіх уладаў па арышце незалежнага журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Соф'і Сапегі пасьля прымусу да пасадкі ў Менску рэйса FR4978, якім яны ляцелі», — гаворыцца ў заяве.

Міністры G7 лічаць, што гэтае дзеяньне паставіла пад пагрозу бясьпеку пасажыраў і экіпажу, а таксама сур’ёзна парушыла правілы, якія рэгулююць цывільную авіяцыю. «Усе нашы краіны і нашы грамадзяне залежаць ад кожнай дзяржавы, якая адказна выконвае свае абавязкі ў адпаведнасьці з Чыкагаўскай канвэнцыяй, каб цывільныя паветраныя судны маглі бясьпечна і надзейна эксплюатавацца. Мы заклікаем Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі (ICAO) тэрмінова разгледзець гэтае парушэньне яе правілаў і стандартаў».

Міністры таксама разглядаюць гэтую акцыю як сурʼёзную атаку на свабоду СМІ, патрабуюць вызваліць Рамана Пратасевіча, а таксама ўсіх іншых журналістаў і палітычных зьняволеных у Беларусі.

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі папярэджваюць, што будуць «нарошчваць свае намаганьні, у тым ліку шляхам увядзеньня дадатковых санкцый, калі гэта неабходна», для павышэньня адказнасьці беларускіх уладаў за свае дзеяньні.

​
XS
SM
MD
LG