Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вас бомба». Беларуская афіцыйная вэрсія перамоваў зь пілётамі самалёта Ryanair: больш пытаньняў, чым адказаў


Лайнэр Ryanair у менскім аэрапорце, 23 траўня 2021

Размова паміж пілётамі самалёта Ryanair, які быў прымусова прыземлены ў Менску, і менскімі дыспэтчарамі паветранага руху — найважнейшы элемэнт сьведчаньняў гэтай падзеі ў той час, калі міжнародныя авіяцыйныя ўлады высьвятляюць сытуацыю, мяркуе аналітык Радыё Свабода Майкл Экель.

У выніку пасадкі самалёта апазыцыйны блогер, які ўцёк зь Беларусі, быў арыштаваны. Частковая расшыфроўка размовы, апублікаваная ў Беларусі, супярэчыць некаторым іншым афіцыйным заявам пра інцыдэнт і выклікае больш пытаньняў, чым дае адказаў, піша ў сваім блогу аглядальнік Радыё Свабода Майкл Экель.

Рэйс авіякампаніі Ryanair FR4978 з Атэнаў у Вільню ўвайшоў у паветраную прастору Беларусі 23 траўня ў 12:30 паводле мясцовага часу на вышыні каля 12 000 мэтраў і зьвязаўся з дыспэтчарамі паветранага руху ў Менску.

«Для вашага інфармаваньня мы маем інфармацыю ад спэцслужбаў пра тое, што ў вас ёсьць бомба, і яна можа быць узарваная над Вільняй», — сказаў дыспэтчар (размова вялася на ангельскай мове).

Амаль праз 16 хвілін пілёт сказаў менскаму дыспэтчару: «Мы абвяшчаем надзвычайнае здарэньне. SOS, SOS, SOS... Наш намер зьмяніць курс на аэрапорт Менску».

Калі самалёт прызямліўся ў Менску, беларускія праваахоўнікі не знайшлі бомбы. Але яны затрымалі апазыцыйнага беларускага журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну, расейскую грамадзянку Соф'ю Сапегу. Цяпер абое знаходзяцца за кратамі і ім можа пагражаць шматгадовае пазбаўленьне волі праз абвінавачаньні, якія прыхільнікі апазыцыі і заходнія ўрады называюць палітычна матываванымі.

Міністэрства замежных справаў Беларусі раней зьвярталася ў Варшаву і заклікала да неадкладнай экстрадыцыі Сьцяпана Пуцілы і Рамана Пратасевіча «з улікам грамадзкай небясьпекі іх злачыннай дзейнасьці».

Празь некалькі гадзін самалёт аднавіў палёт у Вільню.

Сёньня расьсьледаваньнем справы займаецца некалькі краінаў і арганізацыяў. Літва і Польшча распачалі крымінальныя расьсьледаваньні, авіяцыйнае ведамства ААН таксама вывучае гэтае пытаньне.

Беларускія ўлады спрабуюць выкарыстаць расшыфроўку гутаркі пілётаў і менскіх дыспэтчараў, каб пацьвердзіць афіцыйную вэрсію: Міністэрства транспарту хоча прадставіць стэнаграму ў якасьці доказу таго, што на пілётаў нібыта «не аказвалі ціску, не пагражалі і не прымушалі».

Але што менавіта адбылося за гэтыя 16 хвілін паміж момантам, калі экіпаж быў упершыню праінфармаваны пра меркаваную бомбу, і часам, калі ён нарэшце абвясьціў надзвычайнае становішча і зьмяніў курс на Менск?

Што адбылося за дзьве хвіліны непасрэдна перад гэтым паведамленьнем, прапушчаныя ў стэнаграме?

І як суаднесьці супярэчнасьць паміж заявамі беларускага боку аб тым, што пілёты прымалі ўласныя рашэньні, і тэкстам перамоваў, згодна зь якім пілёты пытаюцца крыніцы інфармацыі пра бомбу, а дыспэтчары даюць указаньне зьмяніць курс?

І чаму беларускі вайсковы зьнішчальнік быў узьняты ў паветра — на прамы загад Лукашэнкі, як паведаміла яго прэс-служба, — каб перахапіць цывільны самалёт і суправадзіць яго ў Менск?

У гэтай стэнаграме «дзіркі дастаткова вялікія, каб самалёт мог праляцець», сказаў Джон Кокс, былы пілёт камэрцыйнай авіякампаніі, які цяпер кіруе кансалтынгавай фірмай у авіяцыйнай бясьпецы ў Вашынгтоне.

«Калі вы чытаеце стэнаграму, здаецца, што яе напісаў той, хто валодае толькі абмежаванымі ведамі, толькі некаторымі фактамі і спрабуе пераплесьці іх з рэчамі, якія наогул могуць ня быць фактамі», — сказаў ён Радыё Свабода.

Хто атрымаў пагрозу электроннай поштай?

Зараз адзінай абнародаванай інфармацыяй пра тое, што адбылося ў кабіне самалёта Boeing 737-800 і што прывяло да рашэньня зьмяніць курс на Менск, зьяўляецца згаданая непацьверджаная стэнаграма. Беларуская дзяржаўная тэлевізія паказала ў эфіры запіс размовы пілётаў з авіядыспэтчарамі ў Менску, але запіс яшчэ не правераны незалежнымі крыніцамі, і субтытры перакладу размовы зроблены з памылкамі.

Па дадзеных сайтаў, якія кантралююць палёты, рэйс 4978 быў ужо каля мяжы зь Літвой і за 10-15 хвілін да пасадкі ў Вільні, калі разьвярнуўся і нарэшце накіраваўся ў Менск, які быў значна далей.

У Літве чыноўнікі, якія, як паведамляецца, атрымлівалі дадзеныя з рэгістратараў палётаў самалёта, да гэтага часу ня выдалі ніякіх запісаў і стэнаграмаў. У аэрапорце Вільні на шматлікія тэлефанаваньні і запыты праз электронную пошту Радыё Свабода не адказвалі.

Ryanair зрабіў тое ж самае. На просьбу Радыё Свабода даць гэтую інфармацыю яны адказалі: «Ryanair цалкам супрацоўнічае з органамі бясьпекі ЭЗ і NATO, і мы ня можам даваць далейшыя камэнтары зь меркаваньняў бясьпекі».

Рэйс з Атэнаў у Вільню знаходзіўся ў паветры каля 2,5 гадзіны, калі ён увайшоў у зону адказнасьці беларускіх дыспэтчараў.

Адразу пасьля першага прывітаньня дыспэтчары паведамілі пілётам аб магчымай бомбе на борце самалёта.

У 12:33, як гаворыцца ў расшыфроўцы, пілёт папрасіў дыспэтчара назваць крыніцу інфармацыі пра пагрозу, і яму паведамілі, што «аэрапорт атрымаў гэтую інфармацыю ад спэцслужбаў».

Пілёт спытаў: «Аэрапорт Вільні ці Атэнаў?»

Дыспэтчар прамога адказу ня даў, сказаўшы толькі: «Гэты ліст быў адпраўлены ў некалькі аэрапортаў».

У аэрапорце Атэнаў запыт Радыё Свабода быў накіраваны ў Грэцкую службу цывільнай авіяцыі, якая ў сваю чаргу спаслалася на заяву, разьмешчаную на яе сайце 26 траўня.

«Не было зьвестак аб існаваньні пагрозы на якім-небудзь канкрэтным рэйсе», — гаворыцца ў справаздачы ад 23 траўня.

Тады беларускія чыноўнікі выступілі з новай заявай, у якой гаворыцца аб пагрозе бомбы: яна нібыта была адпраўлена на ангельскай мове праз зашыфраваную сыстэму электроннай пошты палестынскім ісламісцкім ваяўнічым рухам ХАМАС.

Абноўлена. Сёньня амэрыканскае выданьне Daily Beast паведаміла, што ліст пра «бомбу ХАМАС» прыйшоў на пошту менскага аэрапорту толькі праз 27 хвілін пасьля таго, як самалёт увайшоў у паветраную прастору Беларусі, і праз 24 хвіліны пасьля таго, як менскі дыспэтчар заявіў пілётам пра пагрозу выбуху пілётам.

Daily Beast сьцьвярджае, што з дапамогай цэнтру «Дасье» расейскага палітыка Міхаіла Хадаркоўскага атрымала арыгінал гэтага ліста. І што ён быў толькі праз 24 хвіліны пасьля таго, як дыспэтчар менскага аэрапорту папярэдзіў пілётаў пра пагрозу.


ХАМАС рашуча адхіліў гэтыя абвінавачаньні.

Ліна Бяйшэне, прэсавая сакратарка дзяржаўных аэрапортаў Літвы, 23 траўня паведаміла агенцтву BNS, што літоўскім чыноўнікам паведамілі іншую вэрсію: рашэньне аб зьмене курсу было выкліканае канфліктам паміж пасажырамі і экіпажам.

Але, паводле яе, Літва не атрымлівала ад Беларусі інфармацыі аб пагрозе бомбы і іншых дэталях.

«Гэта нашая рэкамэндацыя»

У 12:41 пілёт як мінімум другі раз пытаецца пра рэкамэндацыю пасадзіць самалёт у Менску, а не ў Вільні.

«Гэтая рэкамэндацыя зьмяніць курс на Менск — адкуль яна бярэцца? Ад авіякампаніі? — пытаецца пілёт. — Ад аэрапорту вылету альбо ад аэрапорту прыбыцьця?» — гаворыцца ў апублікаванай стэнаграме.

Дыспэтчар адказаў: «Гэта нашая рэкамэндацыя».

Гэты тэкст перамоваў не супадае з заявамі беларускіх чыноўнікаў 24 траўня — пасьля інцыдэнту, але да публікацыі гэтай стэнаграмы, якая, мабыць, накіраваная на пацьверджаньне вырашальнай ролі экіпажу ў прыняцьці рашэньня аб зьмене курсу.

24 траўня Арцём Сікорскі, дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі, заявіў, што пілёты вырашылі прызямліцца ў Менску самастойна. Генэрал-маёр Ігар Голуб, камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі, таксама паведаміў, што самастойна пілёты вырашылі зьмяніць курс.

26 мая кіраўнік бюро крымінальнай паліцыі Літвы Раландас Кішкіс заявіў журналістам: «Рашэньне прыняў капітан авіялайнэра пасьля кансультацыяў з кіраўніцтвам Ryanair».

Згодна з тэкстам расшыфроўкі, у 12:45, атрымаўшы паведамленьне ад дыспэтчара пра «чырвоны код», які азначае сур’ёзную пагрозу, пілёт кажа, што ён працягне палёт паводле пляну. А праз дзьве хвіліны пілёт абвяшчае аварыйны сыгнал і заяўляе пра намер зьмяніць курс на аэрапорт Менску. Самалёт прызямліўся там у 13:15.

Кокс, кансультант у авіяцыйнай бясьпецы, паставіў пад сумнеў заявы аб тым, што менскім дыспэтчарам дазволена рабіць рэкамэндацыі аб пасадцы самалёта ў беларускай сталіцы.

«Я ніколі ня чуў, каб дыспэтчары рабілі такія рэкамэндацыі. „Мы раім вам ляцець у Менск“. Але гэта ня вашая справа», — кажа былы пілёт.

«Расейскі фактар»

На момант павароту самалёта ён быў значна бліжэй да аэрапорта Вільні, чым да Менску. Дадзеныя з сайтаў, якія кантралююць палёты, паказваюць, што самалёт таксама знаходзіўся на большай вышыні, чым большасьць авіялайнэраў, якія рыхтаваліся да пасадкі ў Вільні.

І яшчэ адно пытаньне без адказу: калі і чаму ВПС Беларусі паднялі свой зьнішчальнік МіГ-29 для перахопу цывільнага лайнэра? У стэнаграме перамоваў пра яго няма згадкі.

Голуб паведаміў журналістам, што зьнішчальнік быў падняты для суправаджэньня рэйсу 4789 пасьля яго прызямленьня ў Менску.

Але, кажа Кокс, дзіўна, што ў стэнаграме няма згадкі пра вайсковы самалёт. Больш за тое, ён выказаў зьдзіўленьне — чаму далі каманду зьнішчальніку ляцець побач з цывільным самалётам, у якім вось-вось узарвецца бомба?

«Што яны зьбіраліся рабіць? Паглядзець, як самалёт выбухае?» — пытаецца экспэрт.

Выступаючы ў парлямэнце 26 траўня, Лукашэнка дадаў яшчэ большую двухсэнсоўнасьць да афіцыйнай вэрсіі Менску: ён сказаў, што мог загадаць зьбіць самалёт, бо ён ляцеў побач з АЭС. Ён таксама назваў інцыдэнт «заплянаванай правакацыяй» і заявіў, што электронны ліст, які пагражае, быў дасланы са Швайцарыі.

Міністэрства замежных спраў Швайцарыі 26 траўня заявіла, што «праваахоўныя органы Швайцарыі ня маюць інфармацыі аб пагрозе выбуху бомбы падчас палёту Ryanair з Атэнаў у Вільню».

У апублікаванай стэнаграме, як і ў афіцыйных заявах беларускага боку, таксама ня згадваецца пра зносіны з расейскімі вайсковымі ці цывільным чыноўнікамі.

Аднак, улічваючы тое, наколькі шчыльна беларускія вайсковыя і выведныя службы інтэграваныя з расейскімі, для запуску зьнішчальніка для прымусовай пасадкі цывільнага самалёта, хутчэй за ўсё, спатрэбілася хаця б папярэджаньне расейскіх калегаў, лічаць экспэрты.

Шмат аглядальнікаў мяркуе, што расейскія ўлады, якія падтрымлівалі Лукашэнку ў задушэньні апанэнтаў і шукаюць усе магчымыя спосабы ўзмацненьня свайго ўплыву на Беларусь, маглі пагадзіцца на прымусовую зьмену курсу самалёту.

Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў 26 траўня журналістам, што Расея «ня бачыць прычынаў не давяраць» беларускай вэрсіі. Гэтая заява ўпісваецца ў характар сувязяў паміж Менскам і Масквой і адпавядае іх напружаным адносінам з Захадам.

Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ІКАО), якая дзейнічае ў рамках ААН, заяўляе, што Беларусь, магчыма, парушыла фундамэнтальнае пагадненьне — Чыкагаўскую канвэнцыю, якая рэгулюе міжнародны паветраны рух з 1940-х гадоў.

Самалёт Ryanair нарэшце прызямліўся ў Вільні ў 21:25, больш чым празь сем гадзін пасьля заплянаванага часу прыбыцьця.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG