Швайцарскія ўлады ня мелі інфармацыі аб мінаваньні самалёта авіякампаніі Ryanair, які зрабіў вымушаную пасадку ў Менску 23 траўня. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Фэдэральнага Офісу міжнародных справаў (МЗС) Швайцарыі П’ер-Алан Эльтшынгер, піша РБК.
«Улады Швайцарыі ня ведалі пра пагрозу бомбы на борце рэйсу Ryanair з Атэнаў у Вільню. Такім чынам, паведамленьняў ад швайцарскіх уладаў уладам Беларусі пра гэта не было», — заявіў ён.
Раней, яшчэ да выступу Лукашэнкі, афіцыйны Менск ускладаў віну на лжывае паведамленьне пра бомбу на борце на палестынскі рух ХАМАС. У сэктары Газа таксама катэгарычна зьняпраўдзілі інфармацыю, заявіўшы, што ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня.
З аэрапортаў Атэнаў і Вільні таксама не паступіла пацьверджаньняў, што 23 траўня ім на электронную пошту прыходзіў ліст з пагрозамі ўзарваць самалёт, хоць афіцыйны Менск настойваў на тым, што паведамленьне пра мінаваньне паступіла ў гэтыя аэрапорты адначасова зь менскім.
У панядзелак Дэпартамэнт авіяцыі расказваў, што ліст пра бомбу прыйшоў «з электроннай пошты protonmail.com». ProtonMail — сэрвіс абароненай электроннай пошты. Сэрвэры і штаб-кватэра кампаніі знаходзяцца ў Швайцарыі.
Рэсур Dev.by выказаў думку, што «швайцарскі сьлед» у гісторыі з паведамленьнем аб мінаваньні ўзьнік дзякуючы «месцу прапіскі» паштовага сэрвісу.