Чым можа пагражаць Беларусі пасадка самалёта Ryanair у Менску

Рэйс з Франкфурту-на-Майне ў Маскву ідзе празь Беларусь праз суткі пасьля скандалу з самалётам Ryanair з Атэнаў у Вільню. Скрын з сайта flightradar24.com
Рэйс з Франкфурту-на-Майне ў Маскву ідзе празь Беларусь праз суткі пасьля скандалу з самалётам Ryanair з Атэнаў у Вільню. Скрын з сайта flightradar24.com

Заходнія авіякампаніі пачынаюць адмаўляцца ад палётаў над Беларусьсю, не чакаючы афіцыйнага рашэньня ўладаў Эўразьвязу.

Самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, зрабіў незаплянаваную пасадку ў Менску ў нядзелю 23 траўня. Лайнэр і яго пасажыраў пратрымалі ў менскім аэрапорце каля сямі гадзін. Паводле беларускіх уладаў, самалёт мог быць замінаваны, і таму ягонаму экіпажу аддалі загад садзіцца ў Беларусі. Пасьля пасадкі як мінімум дваіх пасажыраў лайнэра затрымалі — блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу. Сапега цяпер на Акрэсьціна, дзе Пратасевіч — невядома.

Таксама ў Менску з самалёта сышлі і на борт больш не вярнуліся яшчэ чатыры невядомыя пасажыры. Кіраўніцтва авіякампаніі Ryanair ужо паведаміла, што ўсе яны маглі быць супрацоўнікамі беларускіх спэцслужбаў. Выбуховай прылады на борце самалёта так і не знайшлі, рэйс вылецеў у Вільню ўвечары 23 траўня.

Дыпляматычныя наступствы

Заявы з крытыкай дзеяньняў беларускіх уладаў прагучалі яшчэ ў нядзелю. У панядзелак 24 траўня інцыдэнт абмяркуюць на саміце краін Эўразьвязу, які акурат пачынаецца ў гэты дзень. Старшыня Рады Эўропы Шарль Мішэль ужо заявіў, што без наступстваў дзеяньні афіцыйнага Менску не застануцца. З крытычнай заявай таксама выступіў Дзярждэпартамэнт ЗША. Свае расьсьледаваньні пачалі ўлады Літвы, куды накіроўваўся авіярэйс, і Польшчы, дзе зарэгістраваны пасаджаны ў Менску самалёт.

Чакаецца, што аб прынятых у адказ на дзеяньні Менску захадах будзе абвешчана ў найбліжэйшыя дні. Сярод іх могуць быць забарона наведваць паветраную прастору Эўразьвязу для авіякампаніі «Белавія», адмова ад выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы заходнімі авіякампаніямі, пэрсанальныя санкцыі супраць датычных да сытуацыі асобаў і іншыя крокі.

Чым можа пагражаць Беларусі адмова ад выкарыстаньня яе паветранай прасторы?

Гэта ўжо пачало адбывацца.

Раніцай 24 траўня над Беларусьсю перасталі лятаць авіякампаніі Wizz Air і AirBaltic. Кіраўніцтва перавозчыка, які базуецца ў Рызе, зьмены ў маршрутах патлумачыла клопатам пра бясьпеку сваіх пасажыраў.

Ранішнія рэйсы з Рыгі ў Адэсу і Тбілісі адбыліся без залёту самалётаў у паветраную прастору Беларусі. Пра магчымасьць адмены палётаў над Беларусьсю для авіякампаніі LOT таксама паведамілі ўлады Польшчы.

Рэйс Патас — Талін ідзе празь Беларусь праз суткі пасьля скандалу з самалётам Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.
Рэйс Патас — Талін ідзе празь Беларусь праз суткі пасьля скандалу з самалётам Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.

Іншыя перавозчыкі пакуль сытуацыю ніяк не камэнтуюць і працягваюць лятаць над Беларусьсю. У тым ліку авіякампаніі з краін Эўразьвязу. У першай палове дня 24 траўня гэта зрабіў, напрыклад, рэйс «Люфтганзы» з Франкфурту ў Маскву.

Працягваюць таксама лятаць турэцкія самалёты, лайнэры расейскіх авіякампаній і самалёты бізнэс-авіяцыі. У тым ліку з краін ЭЗ.

Рэйс Вена — Менск празь Беларусь
Рэйс Вена — Менск празь Беларусь

Агенцтва «Інтэрфакс» цытуе кіраўніка «Белаэранавігацыі» Валяр’яна Гродзя, які сказаў пра адсутнасьць вялікіх зьменаў у палётах: «Візуальна вялікіх зьменаў няма, асобныя кампаніі паляцелі ў абыход Беларусі, але гэта звычайная сытуацыя, кампаніі могуць самі мяняць маршруты на свой одум. У цэлым не магу сказаць, што Беларусь пачалі абыходзіць».

Чыноўнік пры гэтым прызнае, што цалкам карціна стане зразумелай толькі празь нейкі час.

Адмены палётаў над тэрыторыяй Беларусі могуць прынесьці страты беларускаму бюджэту.

Да пандэміі над Беларусьсю штодня пралятала каля 600 самалётаў. Суправаджэньне кожнага зь іх каштуе ў сярэднім каля 40 эўра за кожныя 100 км маршруту. Паслугамі «Белаэранавігацыі», якая займаецца рэгуляваньнем руху на паветраных трасах, карысталіся амаль 100 розных авіякампаній. 2020 год колькасьць рэйсаў рэзка зьнізіў, аднак у 2021-м іх зноў стала больш. Як адрэагуюць перавозчыкі на інцыдэнт з самалётам Ryanair, можна толькі здагадвацца.

Рэйс Масква — Вена ідзе празь Беларусь праз суткі пасьля скандалу з самалётам Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню
Рэйс Масква — Вена ідзе празь Беларусь праз суткі пасьля скандалу з самалётам Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню

Ці былі падобныя выпадкі раней?

Над Беларусьсю такога яшчэ не здаралася, а вось іншыя краіны беларускі самалёт ужо вярталі ў аэрапорт вылету.

У кастрычніку 2016 году ўкраінская СБУ вярнула ў кіеўскія «Жуляны» самалёт «Белавія» праз тое, што на яго борце мог знаходзіцца замежны грамадзянін, які нясе пагрозу для нацыянальнай бясьпекі. Вяртаньнем самалёта тады займалася арганізацыя «Украэрарух» — украінскі адпаведнік «Белаэранавігацыі». Пасьля пасадкі ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны» з самалёта вывелі аднаго пасажыра, грамадзяніна Армэніі. Самалёт паўторна вылецеў у Менск і пасьпяхова прызямліўся.

У СМІ тады таксама трапіла інфармацыя, што краінскія дыспэтчары папярэдзілі беларускіх пілётаў пра магчымасьць падняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку адмовы вяртацца ў Кіеў. У выніку ўкраінскія баявыя самалёты засталіся на зямлі. А вось лайнэр Ryanair у Менску садзіўся ў суправаджэньні МіГ-29 Вайскова-паветраных сілаў Беларусі, узброенага ракетамі клясы «паветра — паветра», прызначанымі для зьбіваньня іншых самалётаў.

Для Ўкраіны гісторыя з прымусовай пасадкай самалёта «Белавія» наступстваў ня мела, ніякіх штрафных санкцый з боку міжнародных авіяцыйных арганізацый не было. Самалёты працягвалі палёты над Украінай, у тым ліку лайнэры «Белавія».

Ці могуць забараніць палёты «Белавія» ў Эўразьвяз?

Эўрапейскія авіяцыйныя ўлады пэрыядычна забараняюць палёты над сваёй тэрыторыяй розным авіякампаніям. Прычынамі для гэтага амаль заўсёды становяцца парушэньні правілаў бясьпекі з боку перавозчыка. Займаецца кантролем Эўрапейскае авіяцыйнае агенцтва, пад забарону часьцей за ўсё трапляюць авіякампаніі краін Афрыкі альбо Азіі. Забаронена лятаць над Эўропай таксама старым савецкім самалётам, якія не адпавядаюць нормам экалягічнасьці і шуму. У тым ліку праз гэта «Белавія» ў свой час адмовілася ад выкарыстаньня савецкіх мадэляў і цалкам перайшла на лайнэры, зробленыя ў ЗША і Бразыліі.

У выпадку забароны выконваць рэйсы ў краіны Эўразьвязу і нават, тэарэтычна, у Грузію і ва Ўкраіну, лятаць беларускі перавозчык зможа толькі ў Расею і Казахстан. Пры гэтым міжнародныя авіяцыйныя ўлады могуць забараніць выконваць рэйсы нават у расейскія аэрапорты. Такая сытуацыя склалася, напрыклад, з аэрапортам у Сымферопалі — туды лятаюць толькі самалёты расейскіх авіякампаній, для якіх рэйсы ў Крым лічацца ўнутранымі.

Мінулы год Белавія скончыла з чыстымі стратамі ў 92 мільёны рублёў, 2019 год даў прыбытак у 68,2 мільёна.

Такім чынам, на «Белавіі» адбіліся каранавірусныя абмежаваньні. Калі ЭЗ забароніць «Белавіі» пасадкі ў сваіх аэрапортах, гэта можа быць «крытычна для авіякампаніі». Такую думку выказаў спэцыяліст, блізкі да цывільнай авіяцыі, на ўмовах ананімнасьці:

«Відавочна, забарона на палёты ў ЭЗ (калі такое рашэньне будзе прынята) створыць для „Белавія“ эканамічныя складанасьці, з улікам іх стратэгіі (цалкам пасьпяховай) па разьвіцьці трансфэру Эўропа-СНД зь перасадкай у Менску. „Белавія“ ўжо мае вялікія страты, бо з прычыны каранавірусу палётаў стала менш. Дадатковыя абмежаваньні будуць крытычнымі», — мяркуе спэцыяліст.

Аднак ён зважае, што «Белавія» — дзяржаўная авіякампанія, і ўсе страты «заўсёды пакрываліся зь бюджэту», то бок яны будуць пагашацца «за кошт падаткаплатнікаў».

Акрамя «Белавія», у Беларусі ёсьць і іншыя авіякампаніі. У прыватнасьці, транспартная «Трансавіяэкспарт». Яна мае хаб у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а самалёты «Трансавіяэкспарту» неаднойчы ўдзельнічалі ў розных інцыдэнтах на тэрыторыі афрыканскіх гарачых пунктаў. Пра магчымую забарону выкананьня палётаў для гэтай авіякампаніі пакуль гаворкі няма.

​
XS
SM
MD
LG