Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра свабоду слова: «Тут мы навядзём парадак»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 9 ліпеня ладзіць у менскім Палацы Незалежнасьці сустрэчу з журналістамі. Як сьцьвярджае БелТА, запрасілі «прадстаўнікоў найбуйнейшых сродкаў масавай інфармацыі». Журналістаў недзяржаўных СМІ на сустрэчу не запрашалі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Цягам лета Лукашэнка праводзіў сустрэчы з «актывам» у Магілёўскай, Горадзенскай, Берасьцейскай, Менскай абласьцях, 29 чэрвеня правёў у Менску сустрэчу з «пэдагагічным актывам», 7 ліпеня — з «актывам Менску». Ён сьцьвярджаў, што гэты тур не зьяўляецца перадвыбарчай агітацыяй.

На сустрэчы 9 ліпеня ён заявіў, што «ніякай надзвычайшчыны» не адбываецца, а то «зьяўляюцца рознага кшталту кансьпіралягічныя тэорыі», «нібы нешта надзвычайнае адбываецца і таму прэзыдэнту трэба рэагаваць, як пажарніку».

Што сказаў Лукашэнка прэсе 9 ліпеня, сьцісла:

  • «Большасьць з 250 чалавек у залі — людзі дзяржаўныя, хоць у вас своеасаблівае мысьленьне». Ён заявіў, што выпрацаваў дакладнае патрабаваньне, каб «пры падрыхтоўцы любога мерапрыемства абавязкова ўлічваліся розныя пункты гледжаньня», «абавязкова альтэрнатыва, абавязкова канкурэнцыя, сутыкненьне думак, мазгавая атака». З папярэдніх сустрэч туру не паведамлялася, каб нехта пярэчыў або хаця б дыскутаваў з Лукашэнкам.
  • Гэтая сустрэча ладзіцца, каб «патлумачыць асобныя аспэкты ўнутранай і вонкавай палітыкі, пракамэнтаваць падзеі, якія адбываюцца, адказаць на актуальныя пытаньні, якія хвалююць журналістаў і іх аўдыторыю».
  • Колькасьць дзяржаўных СМІ скарачацца ня будзе, праца новага міністра інфармацыі будзе нацэленая на іх падтрымку.
  • «Наяўнасьць свабоды слова не прадугледжвае ўсёдазволенасьці, хоць некаторыя яе так разумеюць, асабліва што тычыцца выказваньняў у інтэрнэце. Некаторыя мэдыйныя пэрсоны за свае публікацыі ў сацсетках атрымалі нэгатыўную рэакцыю, аж да асабістых абразаў».
  • «Вы, асабліва прагрэсіўна настроеныя людзі, адчулі, што такое свабода слова: сказаў ня тое — абзавуць яшчэ мацней… Кожны з вас атрымаў порцыю; той, хто нават не за Лукашэнку слова сказаў, а за дзяржаву».
  • «Свабода слова ў любой дзяржаве абмежаваная законам. Таму тут мы навядзём парадак».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG