Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка згадаў, што яго называюць «Саша 3%» і «вусаты таракан». ВІДЭА

абноўлена

Алякандар Лукашэнка сустракаецца з жыхарамі Берасьця 22 чэрвеня
Алякандар Лукашэнка сустракаецца з жыхарамі Берасьця 22 чэрвеня

Аляксандар Лукашэнка 23 чэрвеня сустрэўся з жыхарамі Берасьця. Ён паабяцаў рэфэрэндум наконт лёсу акумулятарнага заводу, а таксама згадаў, як яго называюць апанэнты. Кадры са згадкай «Сашы 3%» і «вусатага таракана» паказала дзяржаўная тэлевізія.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Кадры таксама апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі:

«Паслухайце, акрамя мяне іх [праблемы] ніхто ня вырашыць, і той улады, якая сёньня ёсьць, — казаў Лукашэнка. — Ніхто ўладу ў Беларусі сёньня не памяняе. Не таму, што мы яе будзем сьсінелымі пальцамі ўтрымліваць, а таму, што большасьць пераважная, і мы ведаем, якая гэта большасьць. Мы проста не друкуем гэтыя сацыялягічныя апытаньні.

Гэта вы ўжо „Саша 3%“ напісалі на майках. Ды вы хоць верыце, што ў дзейнага прэзыдэнта 3%? Ды вось у гэтай вось альтэрнатыўнай кампаніі я і то больш за тры набяру.

Ня трэба нас тузаць, абражаць. „Вусаты таракан“, яшчэ чагосьці ... Я пакуль дзейны прэзыдэнт, ні ў адной краіне не дазволена абражаць людзей. Я ж нікога з вас не абразіў асабіста. Таму ня трэба. А калі вы хочаце рознага кшталту жульлё абараніць, то абараняйце, толькі не са мной. Карупцыянэрам у краіне рабіць няма чаго».

Адкуль тыя 3%

Афіцыйныя зьвесткі пра рэйтынг Лукашэнкі ў краіне не публікуюцца ўжо шмат гадоў. Пасьля зьяўленьня мэму «Саша 3%» сацыёлягі НАН заявілі, што рэйтынг Лукашэнкі ў Менску ў сакавіку–красавіку нібыта складаў 24%.

Апошняе шырокае незалежнае апытаньне пра рэйтынг Лукашэнкі праводзіў НІСЭПД летам 2016 году, тады рэйтынг Лукашэнкі складаў ад 29,5%. Пасьля НІСЭПД быў вымушаны згарнуць дзейнасьць у Беларусі.

Мэм пра «Сашу 3%» зьявіўся пасьля таго, як у шэрагу апытаньняў беларускіх СМІ (у тым ліку найбуйнейшых, як Tut.by і Onliner.by) у час перадвыбарчай кампаніі 2020 году Лукашэнка апынуўся не вышэй за чацьвёртае месца — яго абганялі ў папулярнасьці Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, а часам і іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты. У гэтых апытаньнях Лукашэнка набіраў у сярэднім каля 3% галасоў. Пасьля такія апытаньні забаранілі.

Такі рэйтынг, які далі гэтыя апытаньні, сапраўды незвычайны для кіраўнікоў дзяржавы. Але рэйтынгі такога парадку бывалі ў гісторыі. Напрыклад, у 2015–16 годзе тагачасная прэзыдэнтка Бразыліі (пазьней адхіленая праз імпічмэнт) Дзілма Русэф нярэдка мела рэйтынг, ніжэйшы за 10%.

Што яшчэ казаў Лукашэнка на той сустрэчы

У рэдакцыю Свабоды трапіў поўны запіс размовы кіраўніка Беларусі з жыхарамі Берасьця. Публікуем асобныя ўрыўкі зь яго.

Сустрэча праходзіла на адкрытым паветры, у ёй удзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек. Запрашэньне атрымалі таксама шэсьць так званых «акумулятарнікаў», актыўных праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця.

На пачатку сустрэчы Аляксандар Лукашэнка каля 15 хвілін трымаў прамову, пасьля чаго паразмаўляў з прысутнымі. Размова збольшага тычылася акумулятарнага заводу, задаць пытаньні кіраўніку краіны змаглі лідэры пратэстаў Дзям’ян Лепясевіч і Дзьмітры Бекалюк (тым часам як іншыя лідэры пратэстаў Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін за кратамі).

Яшчэ да пачатку пытаньняў актывістаў Лукашэнка сказаў, што пасьля выбараў у Берасьці пройдзе мясцовы рэфэрэндум у гэтым пытаньні. Вострых пытаньняў не было.

Пра свабоду выказваньняў

«Ня думаю, што некаму трэба, каб мы тут у Беларусі зладзілі бойку і зноў трапілі ў няміласьць ці то Захаду, ці то Расеі, ці то яшчэ некаму, з кім мы гандлюем, з кім мы працуем. Напэўна, гэта нікому ня трэба. І, па-мойму, гэта зьяўляецца той асновай, напэўна, адзінствам нашым з вамі. Хоць, наколькі я інфармаваны, у нас з вамі розныя погляды на тыя альбо іншыя рэчы і праблемы… Ёсьць большасьць, якая заўсёды ўсё вырашае. Але ёсьць і меншасьць, да якой трэба заўсёды прыслухоўвацца. Таму я не лічу, што вамі трэба грэбаваць. І я не гуляю з вамі. Я лічу, што кожны чалавек мае права выказваць сваю пазыцыю. Але з чым я ніколі не пагаджуся, калі гэтая меншасьць паводзіць сябе агрэсіўна».

Пра выбары 9 жніўня

«Я чалавек вясковы, мы часам біліся. І да мардабою даходзіла. Але мы ніколі не былі антаганістамі, ніколі ня білі адзін аднаго да паўсьмерці. Я не хачу, каб мы нейкім чынам разбуралі той мір і тую стабільнасьць, якая сёньня існуе. Хтосьці ацэньвае гэтую стабільнасьць як ненармальную, некаму такая стабільнасьць непатрэбная. Ну, як мог, як умеў. Не адзін я, мы разам стваралі гэтую краіну, і яна такая як ёсьць. Магчыма, іншыя зробяць лепш. 9 жніўня ўсё вырашыцца. І ня думайце, што я пайду на нейкую шалёную фальсыфікацыю.

Вы што, мяне праз чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва за дурня лічыце? Я ж выдатна разумею, што адбываецца ў краіне, я разьбіраюся ў гэтых вашых гаджэтах і айфонах. Я ствараў гэты ІТ-парк уласнымі рукамі. Калі вы сядзелі недзе на кухнях, я хацеў сабраць вас разам, даць працу. Каб сюды пайшлі амэрыканцы і індусы, якія нас значна апярэджваюць. Я ўсё гэта перажыў і не хачу, каб усё гэта было разбурана. Я хачу, каб вы па кароўніках хадзілі. Ня тое што ваш там адзін альтэрнатыўнік заявіў – у кароўнік не пайду. А хто пойдзе, вы пойдзеце?»

Аб пратэстах «акумулятарнікаў»

«Мне дрэнна, калі вы пачынаеце тут шумець і буяніць. Ня трэба гэтага рабіць. Знайдзіце агульную мову… Як той завод называецца, акумулятарны? Ня трэба мяне да яго прышпільваць. Хто б там гэтым ні займаўся. У мяне сотні тысяч такіх заводаў. Я не зьбіраюся свой лёс зьвязваць зь нейкімі жулікамі і нейкім заводам. Калі вы ня хочаце нейкіх там працоўных месцаў, ну добра, ня трэба. Калі ён брудны, ён ніколі ня будзе тут і ня толькі тут. Я не хачу зьнішчыць гэтую прыгажосьць.

Вы няправільна акцэнты расстаўляеце — Лукашэнку патрэбны гэты завод. Ды пляваць, агулам кажучы, я хацеў на гэты завод. Жылі мы безь яго і жыць можам. Але гэты завод можа быць, акумулятарамі ўсе карыстаемся. А дзе бяром іх? На Захадзе, а гэта валюта. Давайце ўсе разам скінемся і перанясем яго. Калі трэба».

Пра Бабарыку

«Карупцыянэру ў краіне рабіць няма чаго. Вось схадзіце да яго, я заўтра вам арганізую сустрэчу ў ізалятары, пайдзіце і спытайце ў яго. Паўмільярда, якія ён туды пералічыў, навошта? Нам што, паўмільярда даляраў гэтыя непатрэбныя былі? Мэцэнат, карціны гэтыя прывёз дзяржаве. А як выявілася, іхныя карціны.

А чаму мы цяпер мусілі карціны прыхапіць? А таму што яны пачалі канцы ў ваду хаваць, пачалі вывозіць. Грошы, карціны. Мы калі ў банк пайшлі, мы ведаеце што знайшлі ў ячэйках? Грошы – гэта не галоўнае. Мы знайшлі флэшкі, жорсткія дыскі… Мы яшчэ ня ўсё кажам».

Пра пандэмію каранавірусу

«У выніку гэтай пандэміі яны нас возьмуць уначы ціха і ніхто не заўважыць. Вы вось паглядзіце, што гэта за пандэмія? Так, хварэюць людзі. Ну ніякая не катастрофа. У Берасьці, я вас магу павіншаваць, вы ўжо чацьвёрты дзень адышлі, як Віцебск і Менск, ад гэтага. Я за гэта перажываю да шаленства. Дрыготкімі рукамі атрымліваю інфармацыю. Увесь сьвет абрынуўся на Лукашэнку – ня тым шляхам пайшоў. Тым! Тым, разумееце? Сёньня ўжо зайздросьціць, праз месяц убачыце. Таму давайце падумаем пра дзяцей».

Пра мясцовы рэфэрэндум

«Давайце зробім так. Разьбярэмся з гэтай палітычнай пандэміяй пасьля выбараў і правядзем рэфэрэндум у Берасьці наконт гэтага заводу. Яўна непапулярная рэч ні для кога, але папулярная сярод насельніцтва. Сядзем, паразмаўляем, як, дзе, што. І я з задавальненьнем запішу сабе гэты пункт, што я ўнёс такое пытаньне на рэфэрэндум. Хутчэй за ўсё будзе тут, калі гаспадары не растлумачаць людзям, што там і як, будзе так, што яго трэба некуды перанесьці. Гэта будзе складана зрабіць, хутчэй за ўсё яго трэба будзе закрываць. Давайце так і вырашым. Гэта маё прэзыдэнцкае рашэньне. Пасьля выбараў зьбярэмся. Зьбяром уражай і вырашым».

Таксама Лукашэнка паабяцаў, што да правядзеньня рэфэрэндуму на заводзе ня будуць праводзіць пусканаладачныя працы. Як паведамілі Свабодзе актывісты, мясцовы рэфэрэндум у пытаньні акумулятарнага заводу можа прайсьці да канца году.

«Вы разбурылі маё ўяўленьне пра апазыцыю ў Берасьці, — скончыў сустрэчу Лукашэнка. — Нармальныя людзі».​

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG