Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 ініцыятыўных групаў — гэта шмат? Колькі было на ранейшых выбарах у Беларусі і колькі «выходзіла ў фінал»


Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі завяршыла 20 траўня апрацоўку заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты. Цяперашнія 15 зарэгістраваных і 40 адхіленых групаў — рэкорд у гісторыі Беларусі. Але раней да бюлетэняў дабіралася максымум палова ахвотнікаў.

Каб вылучыцца кандыдатам, недастаткова падаць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы:

  • у гэтай ініцыятыўнай групе мусіць быць мінімум 100 чалавек;
  • групу могуць не зарэгістраваць з розных прычынаў, яшчэ на гэтым этапе «адсейваюць» кандыдатаў, якія відавочна не падыходзяць пад крытэры 80-га артыкулу Канстытуцыі;
  • ініцыятыўнай групе трэба сабраць за вылучэньне кандыдата хаця б 100 тысяч подпісаў грамадзянаў, і зрабіць гэта сёлета трэба да 19 чэрвеня;
  • сапраўднасьць гэтых подпісаў будзе правяраць ЦВК — і толькі калі набярэцца 100 тысяч сапраўдных подпісаў, кандыдата зарэгіструюць (каго зарэгіструюць, стане вядома да 14 ліпеня).

Нават на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе — адзіных прызнаных дэмакратычнымі краінамі Эўразьвязу і Злучанымі Штатамі — былі прэтэндэнты, ініцыятыўныя групы якіх не зарэгістравалі.

Палітоляг Міхаіл Пліско, які рыхтуе да выданьня кнігу аб прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, расказаў Свабодзе, што на тых першых не зарэгістравалі ініцыятыўныя групы трох прэтэндэнтаў:

  • у сьпісе Валянціна Мароза выявілі людзей, якія ня ведалі, што іх запісалі чальцамі ініцыятыўнай групы;
  • Віктару Альшэўскаму адмовілі, бо ён не пражываў апошнія 10 гадоў у Беларусі;
  • графу Аляксандру Прушынскаму адмовілі, бо ён ня меў грамадзянства Беларусі (атрымаў толькі ў 2008 годзе).

Тады зарэгістравалі 19 ініцыятыўных групаў, але ў выніку толькі 6 групам удалося сабраць 100 тысяч подпісаў. Ініцыятыўная група Станіслава Ліцкевіча не здала ніводнага падпіснога ліста. Такім чынам, у бюлетэні тады трапілі толькі 27,3% з тых, хто сабраў ініцыятыўную групу.

На наступных выбарах лічбы былі такімі:

2001 год. 27 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, 23 зарэгістраваныя групы, 4 зарэгістраваныя кандыдаты (14,8% ад колькасьці заявак), зь якіх адзін (Сямён Домаш) зьняў сваю кандыдатуру на карысьць другога (Уладзімера Ганчарыка).

2006 год. 8 заяваў і 8 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў, 4 кандыдаты ў бюлетэнях (50%).

2010 год. 19 заяваў, 17 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў, 10 кандыдатаў у бюлетэнях (52,6%).

2015 год. 15 заяваў, 8 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў, 4 кандыдаты ў бюлетэнях (26,7%).

Сёлетнія выбары ў Беларусі незвычайныя ня толькі колькасьцю заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, але і мэтамі вялікай часткі гэтых групаў. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых. Падобную тактыку выбралі тры ўдзельнікі праймэрыз па выбары «адзінага кандыдата». Такім чынам, сама меней 4 з 15 «кандыдатаў у кандыдаты» казалі, што ня хочуць трапіць у бюлетэні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG