Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзіны» і «кандыдаты пратэсту». Два пляны апазыцыі на выбары


Вольга Кавалькова, Павал Севярынец, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Аляксей Янукевіч, Ганна Канапацкая
Вольга Кавалькова, Павал Севярынец, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Аляксей Янукевіч, Ганна Канапацкая

Шэсьць чалавек падалі дакумэнты на ўдзел у праймэрыз па вылучэньні адзінага кандыдата ад абʼяднанай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары. Мікалай Статкевіч агучыў свой плян.

На праймэрыз ідуць 6 чалавек

Пагадненьне аб працэдуры праймэрыз падпісалі БСДП (Грамада), Партыя БНФ, Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт БХД і рух «За свабоду».

Каардынатар штабу «Народнага галасаваньня» (праймэрыз) Ігар Барысаў паведаміў, што падача дакумэнтаў скончылася 16 лютага. У тэрмін падаць неабходны пакет дакумэнтаў адпаведна з вызначанай працэдурай здолелі 6 чалавек. Зь іх чацьвёра вылучаліся ад сваіх арганізацый:

  • Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»);
  • Мікалай Казлоў (лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі);
  • Павал Севярынец (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі);
  • Аляксей Янукевіч (намесьнік старшыні Партыі БНФ).

Двое вылучыліся, сабраўшы 200 подпісаў:

  • Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі);
  • Ганна Канапацкая (былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў).

Усе прэтэндэнты зрабілі таксама грашовы ўнёсак у эквіваленце 500 эўра.

Праверка дакумэнтаў, якія паступілі ў штаб «Народнага галасаваньня», працягнецца максымум два тыдні. Выбары адзінага кандыдата прадугледжваюць выкарыстаньне рэйтынгавай сыстэмы. У сакавіку запусьцяць сайт для галасаваньня за прэтэндэнтаў, якія прайшлі праверку. Адначасова пачнуцца іх паездкі ў рэгіёны (ужо заплянавана як мінімум 56). Кандыдатуру «адзінага» плянуецца абвясьціць да канца траўня на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Статкевіч рэалізуе свой плян

Апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч, які не бярэ ўдзелу ў праймэрыз, расказаў пра свой плян на прэзыдэнцкія выбары.

Статкевіч вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

«Мы зьбіраемся выкарыстоўваць той этап выбараў, які самы вольны. Рэгістрацыю ініцыятыўнай групы адмяніць нельга. І мы зьбіраемся падняць краіну за першы месяц выбараў. Адзіны мірны шлях да вызваленьня — гэта мірныя, масавыя і працяглыя пратэсты», — сказаў карэспандэнту Свабоды Статкевіч.

Статкевіч сказаў, што зробіць «сымбалічны крок» і падасьць на рэгістрацыю сваю ініцыятыўную групу. На пікетах падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі ў яе запісалася 3600–3700 чалавек. Статкевіч плянуе распачаць сустрэчы з гэтымі людзьмі, каб запрасіць іх пэрсанальна.

«Сярод іншага на гэтых сустрэчах я буду пытацца, хто з гэтых людзей гатовы ўвайсьці ў ініцыятыўныя групы кандыдатаў пратэсту. Іх мэта — цягам збору подпісаў падымаць пратэсты», — сказаў Статкевіч.

Адбор «кандыдатаў пратэсту» ўжо вядзецца. З «Народнай грамады» ў Менску выказалі жаданьне быць кандыдатамі пяцёра чалавек. Таксама некалькі чалавек заявілі пра сваю гатоўнасьць на Радзе БНК. Мець такіх кандыдатаў плянуецца ў кожным буйным горадзе.

«Калі маёй ініцыятыўнай групе будзе адмоўлена ў рэгістрацыі, у той жа момант пададзім мінімум 30 груп, якія я гатовы ўзначаліць. Яны пачнуць ставіць пікеты і рэальна зваць людзей на пратэст, патрабаваць сумленных выбараў без удзелу Лукашэнкі. Мы будзем імкнуцца абʼяднаць сацыяльны пратэст з патрыятычным».

Паводле Статкевіча, плянуецца яшчэ другі і трэці этап, якіх ён пакуль не раскрывае.

Таксама Статкевіч сказаў, што гатовы супрацоўнічаць толькі з Паўлам Севярынцам, які «нешта кажа пра пратэст». «Тым больш ён паказаў, што ён варты павагі», — сказаў Статкевіч.

«Ніякага адзінства ў апазыцыі няма»

На думку Паўла Вусава, кіраўніка варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, дзьве гэтыя розныя ініцыятывы паказваюць, што «ніякага адзінства ў апазыцыі няма».

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Што да абʼяднанай апазыцыі, то такі праект ужо быў. Неаднакроць намаганьні абʼяднацца з боку апазыцыі рэалізоўваліся, але да рэальных вынікаў яны ніколі не прыводзілі, нават тады, калі сытуацыя ў апазыцыі была значна лепшая з пункту гледжаньня рэсурсаў і ўплыву», — сказаў Вусаў.

Ён лічыць, што наўрад ці можна чакаць ад гэтага праекту ўзмацненьня палітычнага ўплыву, тым больш што ён не разьлічаны на доўгатэрміновае дзеяньне.

Праект Статкевіча наконт 30 кандыдатаў, паводле Вусава, «больш падобны да палітычнага тролінгу».

«Ініцыятыва адзінства і ініцыятыва Статкевіча кажуць пра банкруцтва думак, банкруцтва ідэй у дадзеных палітычных умовах», — кажа Вусаў.

Прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG