Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сям’я — гэта мужчына, жанчына і дзеці». Апазыцыя патлумачыла, што такое «традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці»


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

«Не выступаць супраць традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў», — такое патрабаваньне выставіла апазыцыя да кандыдатуры адзінага кандыдата. Спыталі ў лідэраў апазыцыі, што гэта значыць.

«Выступаць за незалежную Беларусь і супраць дыктатуры, за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян, за выхад Беларусі з АДКБ, скасаваньне дамовы аб саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі, за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры», — гэта іншыя крытэры, якім мае адпавядаць адзіны кандыдат, абраны народным галасаваньнем.

Ёсьць сярод іх і пункт пра «традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці».

Севярынец: «Гэта не галоўная тэма ў беларускім грамадзтве сёньня»

Найвастрэй адрэагаваў на просьбу патлумачыць, што канкрэтна маецца на ўвазе, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.

«Абсалютная большасьць беларускага народу, калі ідзе гаворка пра народнае галасаваньне альбо пра нацыянальную кампанію, прытрымліваецца традыцыйных поглядаў на сям’ю і грамадзтва. Традыцыйныя погляды на сям’ю — гэта тое, што сям’я ёсьць мужчына, жанчына і дзеці. Кропка», — кажа Павал Севярынец. — Гэта не галоўная тэма ў беларускім грамадзтве сёньня. Галоўная тэма — як зьмяніць рэжым. Ці будуць годныя пэнсіі ў людзей, ці будуць годныя заробкі, ці будзе годны ўзровень жыцьця, ці перастануць ставіць дымныя заводы кітайскія ці якія яшчэ, ці перастануць ушчыльняць Менск. Вось пра гэта трэба гаварыць«.

Губарэвіч: «Дыскрымінацыйны падыход недапушчальны»

Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч называе гэтую фармулёўку «кампраміснай» і кажа, што яна зьявілася пасьля доўгіх абмеркаваньняў.

«Я не зьяўляюся яе аўтарам, таму мне цяжка патлумачыць, што яна азначае. Мой унёсак у гэты дакумэнт — гэта пункт № 8 пра тое, што кандыдат павінен прытрымлівацца прынцыпаў, якія закладзеныя ў Дэклярацыі правоў чалавека. Я лічу, што гэта адказ на пытаньне, ці зможа кандыдат праяўляць дыскрымінацыйныя падыходы да розных групаў грамадзтва», — тлумачыць Юры Губарэвіч.

«Я лічу, што дыскрымінацыйны падыход недапушчальны. У кожнага будзе свой погляд на тое, што зьяўляецца традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасьцямі. Бо традыцыйная сям’я ў Беларусі 100 гадоў таму і сёньня — гэта абсалютна розныя рэчы. Раней гэта былі ня толькі бацькі і дзеці, але і бабулі і дзядулі, а яшчэ і дадатковыя сваякі, якія жылі ў адной вялікай сям’і. А сёньня вельмі часта гэта жанчына, якая адна выхоўвае дзяцей. Ці мужчына».

Кавалькова: «Чалавек у першую чаргу чалавек»

Яшчэ адна сустаршыня БХД, якая заявіла пра намер удзельнічаць у праймэрыз, — Вольга Кавалькова. Для яе традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці — гэта таксама «шлюб паміж мужчынам і жанчынай».

Вольга адкрыта і шчыра ўдзельнічае ў размове з журналісткай Свабоды. «Я ня той чалавек, які будзе камандаваць чалавеку, што яму рабіць, або асуджаць яго. Чалавек вольны сам распараджацца сваім жыцьцём. Кожны чалавек для сябе вырашае, што для яго прымальна, а што не», — кажа яна ў адказ на пытаньне, што павінен адказваць адзіны кандыдат, калі ў яго пытаюцца, як ён ставіцца да грамадзянскага шлюбу і ці прымальны саюз гомасэксуальных людзей.

«Чалавек у першую чаргу чалавек. А чым ён займаецца, гэта не павінна хваляваць іншага чалавека. Дзяржаўныя пытаньні кшталту абортаў, усынаўленьня дзяцей не павінен вырашаць адзін чалавек. Павінен быць нармальны парлямэнт, у якім, калі ў цябе ёсьць падтрымка, ты прадстаўляеш інтарэсы і іх адстойваеш на нацыянальным узроўні», — кажа Вольга Кавалькова.

Барысаў: «Я быў катэгарычна супраць»

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў таксама кажа, што пункт пра «традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці» зьявіўся ў выніку кампрамісу.

«Была адна арганізацыя, якая моцна настойвала на гэтым, і мы ўставілі ў якасьці кампрамісу, што кандыдат выступае за сьвецкую дзяржаву. А „традыцыйны“ — маецца на ўвазе, што кандыдат не выступае за папулярызацыю ЛГБТ-супольнасьці, фэмінізму і тых асаблівасьцяў, якія з гэтым зьвязаныя».

Паводле Ігара Барысава, гэтыя пытаньні занадта супярэчлівыя, таму было прынята такое рашэньне — кандыдат на гэтыя тэмы не выказваецца.

«Я быў катэгарычна супраць, але што зробіш. Трэба дамаўляцца, згладжваць», — кажа Ігар Барысаў.

Рымашэўскі: «Гэта абсалютна эўрапейскі падыход»

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паўтарае тую ж фармулёўку: «Традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці — гэта каштоўнасьць шлюбу, сям’і як саюзу мужчыны і жанчыны».

І просіць цалкам прывесьці ягоную цытату: «Я раю ўсім чытачам Радыё Свабода пачытаць праграму Нямецкай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі. Там гаворыцца пра тое, што шлюб намі разумеецца выключна як саюз паміж мужчынам і жанчынай. Тое ж самае кажам і мы. Гэта традыцыйныя кансэрватыўныя погляды на сям’ю. І кандыдат не павінен выказвацца супраць іх, разбураць сям’ю. Гэта абсалютна эўрапейскі падыход».

«Не напісана, што адзіны кандыдат павінен прапагандаваць традыцыйны погляд на сям’ю, тут [пастаўленыя. — РС] рамкі, што ён не павінен выступаць супраць», — кажа Рымашэўскі.

Усе гэтыя абмежаваньні тычацца асобы, якая ўжо будзе абраная адзіным кандыдатам. На сёньняшні момант прэтэндэнты могуць выказваць розныя погляды, — падкрэсьліваюць усе апытаныя палітыкі.

Камэнтар аналітыка Арцёма Шрайбмана

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Экспэрт кажа, што для фармаваньня кааліцыі было важна, каб прапановы кожнага зь яе ўдзельнікаў былі ўключаныя. Адсутнасьць кампрамісу пагражала б тым, што кааліцыя не сфармуецца.

«Так, БХД увяла пункт пра „Традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці“. Такім чынам БХД хоча не дапусьціць, каб адзіны кандыдат займаў бы пазыцыі кшталту тых, зь якімі Севярынец змагаўся ў ПЭН-цэнтры.

Калі Севярынец стане адзіным кандыдатам і будзе рабіць на гэтым акцэнт, то, натуральна, гэта адштурхне лібэральна настроеных людзей, некансэрватыўна настроеных людзей з апазыцыйнымі настроямі. Яму давядзецца амаль у кожным інтэрвію на гэтае пытаньне адказваць. І я ня ўпэўнены, што менавіта на гэтай тэматыцы апазыцыя хацела б рабіць кампанію.

Севярынец — ультракансэрватыўны палітык. Натуральна, што ён не апэлюе да медыяннага, так бы мовіць, выбарца, а апэлюе да правых каштоўнасьцяў.

Гэта праблема і дылема ўсіх палітычных сіл паўсюль: абраць „цэнтрыста“ ці некага з краю. З аднаго боку, „цэнтрысты“ часьцей апэлююць да большай колькасьці патэнцыйных выбарцаў. З другога боку, людзі на краях палітычнага спэктру ўмеюць запаліць сэрцы. І гэта ня толькі беларуская сытуацыя. Цяпер гэткія ж дэбаты адбываюцца ў Дэмакратычнай партыі ЗША».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG