Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гей-лобі і марксісты»: Павал Севярынец абвінаваціў ПЭН-цэнтар у «ганеньні на хрысьціян». Што там адказалі


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Павал Севярынец заяўляе, што ў ПЭН-цэнтры «на дух не пераносяць хрысьціян». А ў радзе ПЭН-цэнтру патлумачылі, за што выключылі Севярынца і чаму не прынялі ў сябры іншых «пісьменьнікаў-хрысьціян».

Павал Севярынец наракае на тое, што беларускі ПЭН-цэнтар — міжнароднае абʼяднаньне літаратараў з 140 аўтаномных прадстаўніцтваў па ўсім сьвеце — «захапілі радыкальныя адэпты культурнага марксізму», якія «на дух не пераносяць хрысьціян». У сваім адкрытым лісьце да кіраўніцтва беларускага ПЭН-цэнтру ён называе імёны літаратараў Андрэя Хадановіча, Паўла Анціпава, Тацьцяны Нядбай.

Палітык абвінавачвае кіраўніцтва цэнтру у тым, што яны не прынялі шасьцёх літаратараў у свой склад, бо тыя зьяўляюцца хрысьціянамі. А менавіта, у арганізацыю не ўключылі Яўгена Зубовіча, Паўла Булатага, Алеся Гелагаева, Уладзіміра Бруя, Антонія Бокуна, Ганну Станіславенку.

Самога Паўла Севярынца з ПЭН-цэнтру выключылі, бо ён не плаціў унёскаў ў арганізацыю на знак пратэсту супраць таго, што цэнтар правёў выставу на ЛГБТ-тэматыку. На 26 кастрычніка прызначаны чарговы зьезд ПЭН-цэнтру, дзе Павал хоча аспрэчыць сваё выключэньне, а таксама падняць пытаньне аб перавыбраньні рады цэнтру і старшыні.

«Севярынец мысьліць палітычнымі катэгорыямі»

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Сябра рады ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч лічыць, што Павал Севярынец «выкарыстоўвае палітычныя прыёмы на літаратурным полі». Што да непрыняцьця ў арганізацыю шасьцёх літаратараў, то «ўсё было паводле працэдуры».

«Трэба, каб літаратара ведала большасьць сяброў рады. Аднаго прынялі, бо двое сяброў рады яго ведалі, былі знаёмыя зь ягонай творчасьцю. Частка кандыдатаў былі адкладзеныя да наступных паседжаньняў, бо сябры рады мусілі азнаёміцца з творамі гэтых пісьменьнікаў. Гэта рабочыя моманты. Павал Севярынец нідзе выразна не прамовіў, што падзяляе ідэі міжнароднай хартыі ПЭНу, дзе выразная ідэя роўнасьці, незалежна ад веравызнаньня ці арыентацыі. Ня ведаю, навошта прэтэндаваць на сяброўства арганізацыі чалавеку, які не падзяляе яе базавых прынцыпаў», — кажа Андрэй Хадановіч.

«Севярынца выключылі за парушэньне статуту»

Тацьцяна Нядбай
Тацьцяна Нядбай

Старшыня радыы ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай расказала Свабодзе, што Паўла Севярынца выключылі за парушэньне статуту арганізацыі, а не за хрысьціянскія каштоўнасьці.

«Мне вельмі прыкра, што сёньня (за некалькі дзён за зьезду) даводзіцца камэнтаваць выказваньні Паўла, а не займацца падрыхтоўкай да сходу. Дадам таксама, што сяброўства ў ПЭНе не забясьпечвае нейкіх выключных дабротаў для чальцоў арганізацыі. Прэміі не ўручаюцца выключна сябрам ПЭНу, заявы не прымаюцца толькі ў падтрымку сяброў ПЭНу, дзейнасьць ПЭНу не арыентаваная толькі на сяброў. Прыклады: заява ў абарону Паўла была прынятая пасьля яго выключэньня, аўдыякніга па тэксьце Паўла была запісаная пасьля яго выключэньня, як шорт-лістара Гедройця Паўла запрашалі ў паездку ў Варшаву, калі ён ужо не зьяўляўся сябрам. Сяброўства ў ПЭНе — гэта падтрымка каштоўнасьцяў, статутных мэтаў і дзейнасьці ПЭНу», — паведаміла Тацьцяна Нядбай.

Што да непрыняцьця ў склад ПЭНу пералічаных Паўлам пісьменьнікаў, то «іхныя заявы не пасьпелі разгледзець».

«Акрамя заяваў „хрысьціянскіх пісьменьнікаў“, дарэчы, сваёй чаргі чакаюць і іншыя заявы, якія мы таксама не пасьпелі, на вялікі жаль, разгледзець. Дадам таксама, што шэраг паважаных дзеячаў культуры маглі чакаць свайго прыёму і 10 гадоў. Гэта, вядома, ня тое, да чаго трэба імкнуцца, але здараецца, што рада ў гарачыя пэрыяды працы не пасьпявае разгледзець усе заплянаваныя пытаньні. А патэнцыйным (і дзейным) сябрам ПЭНу я б раіла (і нават была б удзячная), калі б яны прыходзілі на мерапрыемствы ПЭНу, якіх у нас цяпер дастаткова шмат, і бралі ў іх удзел. Гэта ў тым ліку дапамагло б ім бліжэй пазнаёміцца з камандай і дзейнасьцю ПЭНу і пераканацца, што мы не займаемся гей-прапагандай. І, дарэчы, гэта дапамагло б мне пазнаёміцца зь імі бліжэй і зразумець, што гэтыя людзі разумеюць і падтрымліваюць дзейнасьць арганізацыі».

«У маім выпадку дапускаю неадпаведнасьць»

Літаратар Павал Булаты, якога прыгадвае сярод няўключаных Павал Севярынец, дапускае, што яго маглі абʼектыўна не прыняць у цэнтар. Але дапускае і прадузятасьць рады.

«У мяне сапраўды ня так шмат мастацкіх публікацый (кніг няма дакладна) ці публіцыстычных... але і цэнзу ж наконт гэтага няма ў статуце. Па фармальных крытэрах мусіў прайсьці. У маім выпадку ладна, дапускаю не адпаведнасьць. Але калі з 7 чалавек не далучылі 6, пры тым дасьведчаных аўтараў, то думкі аб нейкай прадузятасьці рады ўзьнікаюць», — патлумачыў Павал Булаты.

Апроч Севярынца, за няплату ўнёскаў з цэнтру выключылі Глеба Лабадзенку і Сяргея Шапрана. Лабадзенка аспрэчваць выключэньне не зьбіраецца, але выступае на баку Паўла Севярынца. Прычынай няплаты ўнёскаў Лабадезнка назваў «страту сувязі з арганізацыяй».

«У Пашы прамалёўваецца німб»

Шэраг літаратараў у сацыяльных сетках, наадварот, падтрымалі кіраўніцтва ПЭН-цэнтру і не знайшлі лёгікі ў выказваньнях Паўла Севярынца.

«Севярынцу зрабілі „delеte“ з ПЭНу не за тое, што ён не сплаціў сяброўскіх складак арганізацыі. Усялякае бывае ў жыцьці, статут прадугледжвае адтэрмінаваньне ці нават скасаваньне запазычанасьцяў для людзей у складаных сытуацыях. Севярынца „адлічылі“ за дэкляраваньне прынцыповай няплаты ўнёскаў цяпер і ў будучыні. Прынцыповасьць Севярынца ўзьнікла, калі ён пабачыў у офісе ПЭНу фотавыставу з ЛГБТ-тэматыкай. Альгарытм у Севярынца такі: „хрысьціянін“ — гомафоб — няплатнік унёскаў», — напісаў Севярын Квяткоўскі.

З нагоды заявы Паўла Севярынца выказаліся Марыя Мартысевіч, Кастусь Шыталь, Андрэй Адамовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG