Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Севярынца выключылі з ПЭН-Цэнтру за адмову плаціць складкі


Павал Севярынец у судзе, 8 красавіка 2019
Павал Севярынец у судзе, 8 красавіка 2019

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павел Севярынец паведаміў у Facebook пра тое, што, выйшаўшы з «сутак», якія ён адбываў за спробу спыніць «крыжалом» у Курапатах, ён выпадкова даведаўся, што яго выключылі са складу Беларускага ПЭН-Цэнтру за нясплату ўнёскаў.

У сваім паведамленьні палітычны актывіст зазначыў, што «здагадваецца ў чым справа», і працытаваў свой ліст, дасланы сакратарцы ПЭН-Цэнтру паўгода таму:

«Наконт сяброўскіх унёскаў: пасьля выставы камінг-аутаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, зьвязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцьця пад эгідай арганізацыі я прынцыпова некалькі гадоў не плачу ўнёскі. Я хрысьціянін і ня бачу для сябе магчымасьці падтрымліваць, у тым ліку фінансава, такія рэчы — я адкрыта казаў пра гэта на мінулагоднім зьезьдзе».

Павел Севярынец выказаў абурэньне, што кіраўніцтва ПЭН-Цэнтру не запрасіла яго на «цырымонію выключэньня» і што выключэньне адбылося ў часе змаганьня за Курапаты і напярэдадні Вялікадня:

«Прычакалі Курапатаў, Вялікадню — і, значыць, усмажылі. Што ж. Там Лукашэнка з крыжаломам ці на „Лініі Сталіна“, тут ненавісьнікі хрысьціянства».

Сытуацыю патлумачыла старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Тацяна Нядбай:

«Павел Севярынец — не адзіны, хто быў выключаны.

Беларускі ПЭН — чалец Міжнароднага ПЭНу і павінен штогод сплочваць свае ўнёскі ў гэтую арганізацыю, іх памер залежыць ад колькасьці нашых сябраў. Такім чынам, калі нейкія чальцы арганізацыі ня плоцяць унёскаў, то за іх павінен заплаціць нехта іншы.

Павел жа выразна абазначыў сваю прынцыповую пазыцыю ня сплочваць, пакуль мы не паабяцаем, што «падобнай рэкламы вычварэньняў [выставы камінг-аўтаў] Управа ПЭН у далейшым дапускаць ня будзе». Гэтага паабяцаць ня можам і ў ацэнцы падобных дзеяньняў з Паўлам кардынальна разыходзімся.

Тацяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру
Тацяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру

Паводле Міжнароднай хартыі (якую, дарэчы, па вызначэньні падзяляюць усе сябры ПЭНу): «...сябры ПЭН-клюбу мусяць заўсёды выкарыстоўваць свой уплыў дзеля ўмацаваньня ўзаемнага разуменьня і павагі паміж людзьмі і нацыямі, усімі сіламі змагацца супраць любых праяваў нянавісьці і адстойваць агульначалавечыя ідэалы міру і роўнасьці на зямлі».

У той жа час Статут Беларускага ПЭНу гаворыць: «3.1. Членамі РГА «Беларускі ПЭН-цэнтар» могуць быць беларускія пісьменьнікі і журналісты, якія: а) прызнаюць гэты Статут, Статут Міжнароднага ПЭН-клюбу і яго Хартыю, абавязваюцца выконваць іх патрабаваньні. Парушэньне гэтага пункту несумяшчальнае з членствам у РГА «Беларускі ПЭН-цэнтар» і далей: «3.8. Кожны член РГА «Беларускі ПЭН-цэнтар» абавязаны: а) плаціць штогадовыя ўзносы ў памеры, які вызначаецца Радай, на фінансаваньне дзейнасці РГА «Беларускі ПЭН-цэнтар». Статут ёсьць на сайце ПЭНу, як і Хартыя — любы ахвочы можа азнаёміцца з гэтымі дакумэнтамі.

Рашэньне было складаным і не было адзінагалосным. Мы абмяркоўвалі гэта цягам некалькіх сустрэч Рады і дасылалі Паўлу не адзін ліст. Мы высока цэнім заслугі Севярынца па абароне Курапат, але ягоная без сумневу значная і самаахвярная дзейнасьць не зьяўляецца тут прадметам абмеркаваньня. Тут мы маем сьвядомае і адкрытае парушэньне Статуту арганізацыі. Пры гэтым Павел сам заявіў, што не гатовы падтрымліваць арганізацыю, а сяброўства ў ёй — на маю думку — гэта таксама падтрымка. Быць сябрам арганізацыі — значыць, падзяляць яе каштоўнасьці. Я ня маю адказу на пытаньне, чаму сам Павел не захацеў выйсьці з арганізацыі, дзейнасьць якой яму не падабаецца.

Я асабіста Паўлу сказала, што нягледзячы на гэта мы працягваем адсочваць сытуацыю зь яго затрыманнямі і інфармаваць пра гэта міжнародную супольнасьць. Таксама я асабіста бачу сваёй задачай зрабіць у ПЭНе сыстэмным адсочваньне парушэньняў правоў літаратараў (ня толькі сябраў ПЭНу) і культурных правоў наогул. Больш за тое, для шортлістараў Гедройця (а Павел адзін зь іх) будзе рыхтавацца паездка ў Польшчу на кніжны фэстываль, а таксама плянуем запісаць шэсьць аўдыякніг — гэта ўсе праекты, у якіх, спадзяюся, Павел будзе ўдзельнічаць, хіба толькі сам захоча адмовіцца. Хачу падкрэсьліць, што Павел ня «выкінуты» з праектаў і пра гэта нават не было гаворкі.

Запрашэньне на працэдуру выключэння статутам не прадугледжанае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG