Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгістрацыі ініцыятыўных групаў ЦВК «выкарыстала дыскрымінацыйны падыход», — юрыст


Уладзь Лабковіч, архіўнае фота
Уладзь Лабковіч, архіўнае фота

На паседжаньні 15 траўня Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўныя групы 4 ахвотнікаў стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты, адхіліла 10. 19 траўня зарэгістравала адну, адхіліла 22.

На думку каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзіміра Лабковіча, відавочны «дыскрымінацыйны падыход» да патэнцыйных кандыдатаў. Праваабаронца і юрыст кажа, што адмовы рабіліся на такой падставе, якую Выбарчы кодэкс не прадугледжвае.

Галоўным аргумэнтам пры адмове «кандыдатам пратэсту» (Міколу Статкевічу і ягоным паплечнікам, якія зьбіраліся выкарыстаць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для бясьпечных сходаў і агітацыі, але не зьбіраліся ўдзельнічаць у выбарах як кандыдаты) было тое, што ў групах нібыта выяўлялі грамадзянаў, якія ня ведалі, што ўваходзяць у ініцыятыўную групу. Таксама чыноўнікі нэгатыўна паставіліся да таго, што многія далучаліся да некалькіх такіх групаў адначасова.

«Упэўнены: тое, што ім адмовілі з прычыны, што быццам пры абзвоне па сьпісах групаў некаторыя паведамлялі, што яны не давалі згоду на ўваходжаньне, ня можа быць падставай для адмовы ўсей групе, — кажа Лабковіч. — Выбарчы кодэкс прадугледжвае, што прэтэндэнт у кандыдаты пры рэгістрацыі сваёй групы павінен дасягнуць узросту 35 гадоў, быць народжаным у Беларусі і падаць сьпіс для рэгістрацыі, у якім ня меней за 100 чалавек.

І калі ў такой групе ёсьць некалькі прозьвішчаў, уключаных бязь іхнай згоды, і пры гэтым у групе ўсё адно застаецца 100 чалавек, яна мусіць быць зарэгістраваная».

Лабковіч адзначае, што рэгістрацыя 11-тысячнай ініцыятыўнай групы Аляксанра Лукашэнкі адбылася на наступны дзень пасьля падачы дакумэнтаў, і ці правяралі гэтую групу гэтаксама, як іншыя, невядома.

Акрамя таго, прэтэндэнтам, якім адмовілі, не даюць азнаёміцца з матэрыяламі, на падставе якіх адмовілі, і кажуць чакаць пастанову праз два дні, што «фактычна пазбаўляе іх паўнавартаснага абскарджаньня ў судзе, прад'яўленьня пры гэтым доказаў, выкліку сьведак», кажа юрыст.

Адмова ў рэгістрацыі групы зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага нагадвае Лабковічу «спэцапэрацыю»: блогера затрымалі, арыштавалі, стварылі ўмовы, каб ён ня мог падпісаць дакумэнты аб вылучэньні — не пусьцілі да яго адваката, у выніку адмовілі з прычыны адсутнасьці ягонага подпісу на заяве аб згодзе вылучацца. А значыць, былі незаконна створаныя ўмовы, каб ён ня мог паставіць подпіс.

Што да адмовы Міколу Статкевічу за судзімасьць за «Плошчу-2010», Лабковіч нагадвае, што Эўразьвяз, шматлікія міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі «ўвесь час заклікалі да рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных», у тым ліку аднаўленьня іхных палітычных правоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG