Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агулам — 45 сутак. Блогера Ціханоўскага асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту


Аўтара YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага 19 траўня асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту за несанкцыянаваны масавы сход. Такое рашэньне вынес судзьдзя Аляксандар Мохараў у судзе Савецкага раёну Гомля.

На судзе разглядалі два пратаколы па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства). Так міліцыя расцаніла сустрэчы Ціханоўскага з падпісчыкамі ў Салігорску і Мёрах.

Блогера Сяргея Ціханоўскага вядуць на суд
Блогера Сяргея Ціханоўскага вядуць на суд

Адвакат падаў хадайніцтва — выклікаць сьведак. Судзьдзя адхіліў яго: «Пратаколы мы маем. Тое, што ёсьць — з тым і будзем працаваць».

Адміністрацыйная справа грунтуецца на рапарце з Салігорскага РАУС. Супрацоўнікі міліцыі зазначылі ў рапарце, што «5 мая пры правядзеньні маніторынгу інтэрнэту заўважылі ролік «Солигорск, встреча с подписчиками», разьмешчаны на youtube-канале «Страна для жизни».

З роліку міліцыянты даведаліся, што Сяргей Ціханоўскі 25 сакавіка «арганізаваў і правёў сход грамадзян», ня маючы на тое дазволу Салігорскага райвыканкаму. Таксама Ціханоўскі «ажыцьцяўляў апытаньне грамадзян, у тым ліку спытаўся ў невядомага грамадзяніна па імені Руслан: „Ці трэба нам зьмена ўлады“ і атрымаў станоўчы адказ». Таксама, паводле рапарту міліцыянтаў, «Ціханоўскі разам зь Няронскім (блогер youtube-канала „Слуцк для жизни“. — РС) абмяркоўвалі карупцыю сярод чыноўнікаў».

У судзе над Сяргеем Ціханоўскім 19 траўня 2020 году
У судзе над Сяргеем Ціханоўскім 19 траўня 2020 году

На судзе прадэманстравалі стрым з Салігорску за 25 сакавіка. Ціханоўскі пытаўся ў людзей: «Ці трэба нам зьмена ўлады?». Ягоныя суразмоўцы адказвалі «так» і расказвалі пра свае праблемы.

«Што трэба зьмяніць, каб мы жылі ў краіне для жыцьця?» — пытаўся блогер. «Уладу», — адказвалі чарговыя суразмоўцы з Салігорску.

Адміністрацыйны пратакол быў складзены міліцыяй і ў Мёрах. З рапарту вынікае, што «ў ходзе маніторынгу сеткі Інтэрнэт быў знойдзены ролік «Миоры, город для жизни, общаемся с подписчиками» на youtube-канале «Страна для жизни». На відэа блогер праводзіў «інтэрвію грамадзян, зь якімі абмяркоўваў палітычную і сацыяльную сытуацыю ў краіне», і ў гэтых дзеяньнях ёсьць прыкметы парушэньня артыкула 23.34 КаАП. Міліцыя ў Мёрах склала пратаколы на мясцовых жыхароў, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім. Пра гэта паведамілі на судзе ў Гомлі.

Сяргей Ціханоўскі з адвакатам Алегам Юрчанкам
Сяргей Ціханоўскі з адвакатам Алегам Юрчанкам

«Ёсьць рапарт начальніка Мёрскага РАУС, ён правільна дае азначэньне таму, што было: „Ціханоўскі запісвае інтэрвію“. Так яно і было. Я падыходзіў да аднаго чалавека, ішоў, вітаўся, задаваў пытаньне — аднаму чалавеку! У кадры са мной былі па адным чалавеку. У роліку відаць, што я бяру інтэрвію, размаўляю зь людзьмі, не гучыць ніякіх заклікаў — які гэта мітынг?» — казаў на судзе Сяргей Ціханоўскі.

Ён патлумачыў судзьдзі, як робяцца ролікі. «А калі гэта мантаж? А калі гэта сумясьцілі — розныя ролікі і сюжэты? А калі гэта актор у кадры? А калі робяць мантаж, спэцэфэкты?», — казаў блогер.

Ён зьвярнуў увагу, што міліцыя ў пратаколах пазначыла дату зьдзяйсьненьня правапарушэньня тым днём, у які быў разьмешчаны ролік на youtube-канале. «Зьняць можна было калі заўгодна, і выкласьці ў інтэрнэт у любы час — як гэта можна пазначаць датай зьдзяйсьненьня правапарушэньня? Ніякіх мітынгаў я не праводзіў. Калі я зраблю хоць адзін мітынг — вы яго ні з чым не паблытаеце, запэўніваю вас!», — сказаў на судзе блогер.

Паводле ягоных слоў, кваліфікаваць размову зь людзьмі як мітынг — «верх крывадушнасьці». «Гэтаксама можна расцаніць і чаргу, дзе стаяць і размаўляюць людзі, і сход сяброў жыльлёва-камунальнага каапэратыву», — сказаў Сяргей і прасіў суд вынесьці «адзінае справядлівае рашэньне» і апраўдаць яго па пратаколах.

Адвакат Алег Юрчанка таксама прасіў суд апраўдаць ягонага падабароннага, бо ў яго дзеяньнях няма складу правапарушэньня.

Што здарылася?

Пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве паводле пастановы суду Савецкага раёну Гомля аб адміністрацыйным арышце.

Па дадзеных праваабаронцаў «Вясны», Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак яшчэ 10 студзеня 2020 году за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня. Але адбываць гэты 15-суткавы арышт тады яго не адправілі, а адпусьцілі на волю пасьля 15-суткавага арышту, прысуджанага раней. Пастанова аб арышце блогера ўступіла ў законную сілу 15 студзеня. Па законе ва ўладаў быў год, каб накіраваць Сяргея Ціханоўскага адбываць арышт.

Ужо 13 дзён Ціханоўскі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі. Адтуль 18 траўня яго прывозілі на судовае паседжаньне, на якім прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.

9 траўня Ціханоўскі з падпісчыкамі плянаваў правесьці ў Бабруйску «АнтыПарад» — акцыю пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каранавірусу.

15 траўня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага. Прычына: блогер нібыта няправільна аформіў дакумэнты, на заяве няма ягонага подпісу. Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падавала ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская на падставе даверанасьці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага году.

Тады ў ініцыятыўнай групе Ціханоўскага вырашылі зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты ягонай жонкі — Сьвятланы Ціханоўскай.

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня пасьля двух дзён міліцэйскага перасьледу. На наступны дзень на ягоным Youtube-канале выйшла відэа, на якім Ціханоўскі гаворыць пра намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.

Дзясяткі чалавек у розных гарадах Беларусі былі затрыманыя і асуджаныя за акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага.

Затрыманьні падчас акцыі ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага, 7 траўня
Затрыманьні падчас акцыі ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага, 7 траўня

Што пра яго вядома:

  • яму 41 год, жыве ў Гомлі, жанаты, мае дзяцей;
  • мае Youtube-канал з амаль 150 тысячамі падпісчыкаў, самае папулярнае відэа на ім мае 719 тысяч праглядаў;
  • на канале ён крытыкуе беларускія ўлады і расказвае аб праблемах жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі; пэрыядычна ладзіць сустрэчы з падпісчыкамі;
  • выступае за пашырэньне мясцовага самакіраваньня ў Беларусі;
  • у сакавіку сабраў за адзін стрым 1600 даляраў на арэнду аўтадома, на якім пачаў езьдзіць у розныя гарады на запрашэньне падпісчыкаў;
  • ня раз браў удзел у палітычных акцыях пратэсту і быў караны ўладамі за гэта, у тым ліку правёў Новы год за кратамі за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі;
  • да таго, як заняўся блогам «Страна для жизни», здымаў рэкляму і музычныя кліпы са сваёй студыяй вытворчасьці відэакантэнту «Компас» (казаў журналістам, што сам больш не займаецца гэтым, але кампанія працуе), купляў «кулацкі дом» у вёсцы пад Гомлем і зьбіраўся зрабіць там гатэль;
  • раней меркаваў стаць адным з «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG