Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Сяргей Ціханоўскі атрымаў яшчэ 15 сутак арышту

абноўлена

Блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе, студзень 2020

Аўтара YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага 18 траўня асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту за несанкцыянаваны масавы сход. За якое менавіта мерапрыемства асудзілі Ціханоўскага, у судзе Савецкага раёну Гомля не ўдакладнілі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Ужо 12 дзён Ціханоўскі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі. Адтуль яго прывозілі на судовае паседжаньне 18 траўня.

Што здарылася?

Пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве паводле пастановы суду Савецкага раёну Гомля аб адміністрацыйным арышце. Па дадзеных праваабаронцаў «Вясны», Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак яшчэ 10 студзеня 2020 году за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня. Але адбываць гэты 15-суткавы арышт тады яго не адправілі, а адпусьцілі на волю пасьля 15-суткавага арышту, прысуджанага раней. Пастанова аб арышце блогера ўступіла ў законную сілу 15 студзеня. Па законе ва ўладаў быў год, каб накіраваць Сяргея Ціханоўскага адбываць арышт.

9 траўня Ціханоўскі з падпісчыкамі плянаваў правесьці ў Бабруйску «АнтыПарад» — акцыю пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каранавірусу.

«Дзяцей пазбавілі таты»

«Яго прэсуюць за тое, што рабіў добрую справу. За тое, што адкрываў людзям вочы — а нікому гэта не падабаецца. Так далі месяц арышту, і дзяцей пазбавілі таты», — пракамэнтавала Свабодзе жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская падае дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію, 15 траўня
Сьвятлана Ціханоўская падае дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію, 15 траўня

Яна дадала, што зранку маці блогера па атрымала па пошце пратакол па артыкуле 23.34 КаАП з Бараўлянскага РАУС.

«Мы пачалі тэлефанаваць у суд, пытацца — калі будзе паседжаньне, нам нічога не казалі, адпраўлялі чытаць сайт суду. У выніку так па-ціхаму пасудзілі яго, і ніхто ня трапіў на паседжаньне. Сяргей, мусіць, засмуціўся, што ніхто не прыйшоў яго падтрымаць. Проста ніхто ня змог даведацца пра суд», — патлумачыла Сьвятлана.

15 траўня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага. Прычына: блогер нібыта няправільна аформіў дакумэнты, на заяве няма ягонага подпісу. Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падавала ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская на падставе даверанасьці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага году.

Тады прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага вырашылі зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты ягонай жонкі — Сьвятланы Ціханоўскай.

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня пасьля двух дзён міліцэйскага перасьледу. На наступны дзень на ягоным Youtube-канале выйшла відэа, на якім Ціханоўскі гаворыць пра намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.

Дзясяткі чалавек у розных гарадах Беларусі затрымалі і асудзілі за акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага.

Затрыманьні падчас акцыі ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага, 7 траўня
Затрыманьні падчас акцыі ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага, 7 траўня

Што пра яго вядома:

  • яму 41 год, жыве ў Гомлі, жанаты, мае дзяцей;
  • мае Youtube-канал з амаль 150 тысячамі падпісантаў, самае папулярнае відэа на якім мае 719 тысяч праглядаў;
  • на канале ён крытыкуе беларускія ўлады і расказвае аб праблемах жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі; пэрыядычна ладзіць сустрэчы з падпісантамі;
  • выступае за пашырэньне мясцовага самакіраваньня ў Беларусі;
  • у сакавіку сабраў за адзін стрым 1600 даляраў на арэнду аўтадома, на якім пачаў езьдзіць у розныя гарады на запрашэньне падпісантаў;
  • неаднаразова браў удзел у палітычных акцыях пратэсту і быў караны ўладамі за гэта, у тым ліку правёў Новы год за кратамі за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі;
  • да таго, як заняўся блогам «Страна для жизни», здымаў рэкляму і музычныя кліпы са сваёй студыяй вытворчасьці відэакантэнту «Компас» (казаў журналістам, што сам больш не займаецца гэтым, але кампанія працуе), купляў «кулацкі дом» у вёсцы пад Гомлем і зьбіраўся зрабіць там гатэль;
  • раней меркаваў стаць адным з «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG