Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі блогер паставіў рэкорд у зьбіраньні грошай для сацыяльнага праекту


Блогер Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

На сабраныя цягам аднаго стрыму 1600 даляраў блогер Сяргей Ціханоўскі найме аўтадом і будзе на ім езьдзіць па Беларусі, каб здымаць сюжэты аб праблемах людзей.

Блогер Сяргей Ціханоўскі (youtube-канал «Страна для жизни») за адзін стрым цягам 4 з паловай гадзін сабраў 1600 даляраў — гэта рэкордная сума для беларускіх сацыяльна-палітычных блогераў.

Гэтыя грошы пойдуць на арэнду аўтадома. Блогер з камандай на месяц у ім паселяцца і будуць падарожнічаць па Беларусі.

Сяргей Ціханоўскі патлумачыў Свабодзе, што яго з камандай часта запрашаюць людзі з розных куткоў Беларусі, каб зьняць тыя ці іншыя праблемы. Пасьля здымак блогеру даводзіцца вяртацца дахаты, у Гомель.

«Шмат часу ідзе на пераезды. Пры наяўнасьці аўтадома — а там ёсьць душ, прыбіральня, генэратар — мы будзем больш езьдзіць і здымаць, выдаваць навіны „з колаў“. За адзін дзень мы здолеем шмат дзе пабываць і паздымаць», — патлумачыў Ціханоўскі.

Ён уражаны, што ўдалося сабраць такую суму за адзін стрым.

«Грошы паступаюць і сёньня ад падпісчыкаў. Нам трэба на паліва, бо аўтадом шмат спажывае. Так што ўсе грошы пойдуць на справу», — зазначыў блогер.

Стрым мае больш за 43 тысячы праглядаў.

Блогер дадаў, што адзін з падпісчыкаў прапанаваў ім раскладную мэблю для аўтадома.

«Такога яшчэ ў Беларусі не было, мне здаецца. Мы месяц будзем езьдзіць па Беларусі і здымаць праблемы людзей», — дадаў Ціханоўскі.

Першы горад, куды выправіцца каманда, — Віцебск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG