Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Сяргея Ціханоўскага, асуджанага да чарговых 15 сутак, зьнянацку адпусьцілі


Сяргей Ціханоўскі. Архіўнае фота.

11 студзеня каля 15.30 з гомельскага ізалятару часовага ўтрыманьня зьнянацку адпусьцілі блогера Сяргея Ціханоўскага. Учора яго прывезьлі на суд з ізалятара і пакаралі чарговымі 15 суткамі за нібыта ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй.

Першы раз блогер быў асуджаны за нібыта ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі ў Менску 20 сьнежня на 15 сутак арышту. Выйсьці на волю ён мусіў 11 студзеня. Але 10 студзеня яго прывезьлі з ІЧУ на суд, і пакаралі яшчэ 15 суткамі арышту — за нібыта ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 21 сьнежня. Сяргей Ціханоўскі сьцьвярджаў, што не ўдзельнічаў у акцыях — не насіў сьцягоў, не выкрыкваў лёзунгаў, а здымаў акцыю як блогер.

«Міліцыянты вывезьлі мяне з ІЧУ каля 15.30 і выкінулі на вуліцы. Тэлефона я ня меў, злавіў таксі. Невядома, калі мяне зноў пасадзяць, можа, нават сёньня. У ізалятары сказалі, што пакуль ня маюць судовага рашэньня на чарговыя 15 сутак для мяне», — распавёў у жывым эфіры пасьля выхаду з ІЧУ блогер.

Ён абяцае выйсьці ўвечары ў эфір і распавесьці падрабязнасьці пра сваё затрыманьне і ўмовы ў ізалятары. Падчас знаходжаньня там Ціханоўскага многія людзі дасылалі яму лісты падтрымкі і паштоўкі. «Мне іх не аддавалі. Толькі сёньня, пасьля выхаду з ІЧУ, мне далі заплечнік паштовак і лістоў. Я ўдзячны ўсім, і ўсім адкажу», — зазначыў Ціханоўскі.

Калі ён зноў трапіць за краты — пакуль невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG