Ініцыятыўная група блогера Ціханоўскага вырашыла падаваць дакумэнты на вылучэньне кандыдатам ягонай жонкі

Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы блогера Сяргея Ціханоўскага, якім ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі, заявілі пра намер зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты жонкі Ціханоўскага.

«У сытуацыі, якая склалася намі прынята рашэньне падаць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты жонкі Сяргея — Сьвятланы Ціханоўскай. Падчас кампаніі яна будзе прадстаўляць інтарэсы ўсіх, хто хоча жыць у Краіне для жыцьця і падтрымліваў вылучэньне ў прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага. Узначаліць ініцыятыўную групу сам Сяргей», — паведамляе Тэлеграм-канал «Краіна для жыцьця», праект Сяргея Ціханоўскага.

У паведамленьні таксама дадаюць, што будуць абскарджваць адмову ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага ў Вярхоўным судзе, хоць усьведамляюць, што «ў нашых рэаліях, дзе няма рэальнай судовай сыстэмы, адмову хутчэй за ўсё пакінуць у сіле».

Цэнтаравыбаркам на паседжаньні 15 траўня адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага.

Дакумэнты на рэгістрацыю падавала ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская на падставе даверанасьці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага году.

ЦВК Беларусі вырашыла, што блогер Сяргей Ціханоўскі няправільна аформіў дакумэнты, на заяве няма ягонага подпісу. Сам ён адбывае 15 сутак арышту.

Як матывавала прапанову адмовіць у рэгістрацыі загадчыца прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы ЦВК Галіна Мкртчан, падчас падачы дакумэнтаў патрабуецца прысутнасьць заяўніка. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына аргумэнт падначаленай падтрымала. Усе чальцы камісіі прагасавалі супраць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага.

​
XS
SM
MD
LG